Шчорсаўская сядзіба — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII — пач. XIX ст. На паўночна-заходняй ускраіне в. Шчорсы, цяпер Навагрудскі раён, у былым маёнтку Храптовічаў (вядомы з XVI ст.). Спалучаў рысы барока і класіцызму.
Гісторыя
Палацава-паркавы ансамбль у 1770-я гг. заснаваў падканцлер вялікі літоўскі Іахім Літавор Храптовіч. Праект быў заказаны італьянскаму архітэктару Дж. Сака, інтэр’еры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Я. Габрыэль. Такім чынам у перыяд 1770—1776 гг. у Шчорсах для Храптовіча працавала адна з самых моцных па творчаму патэнцыялу еўрапейскага ўзроўню архітэктурных садружнасцей у Рэчы Паспалітай.
Падчас Першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах панёс вялікія страты з-за праходзячай праз гэтыя мясціны лініі фронту. Асабліва пацярпеў палац. У час грамадзянскай вайны пры савецкай уладзе ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў — у Пецярбург. Пасля 1920 г. А. Храптовіч-Буцянёў упарадкаваў гаспадарку маёнтка. Ён адрамантаваў для пражывання шматлікай сям’і флігель эканома маёнтка.
Пасля Другой сусветнай вайны маёнтак Шчорсы стаў часткай мясцовага калгаса. Пазней у будынках размешчаны калгасны дзіцячы садок. Асноўныя збудаванні комплексу прыйшлі ў канчатковы заняпад, парк запушчаны і забалочаны.
Архітэктура
Палац, першая буйная работа Дж. Сака, спалучаў прыёмы позняга барока і ранняга класіцызму, а таксама ілюстраваў г. зв. . Палац таксама з’яўляўся каштоўным помнікам культуры, цесна звязаным з гісторыка-культурным жыццём краіны.
Галоўны корпус палаца ўяўляў сабой прамавугольнае ў плане аднапавярховае збудаванне, накрытае вальмавым дахам і ўзнятае на невысокі падмурак. На трох цэнтральных восях стаяў двухпавярховы папярочны корпус, накрыты авальным усечаным зверху купалам і з галоўнага фасада расчлянёны пілястрамі карынфскага ордара з трохвугольным франтонам у завершы. У парк аб’ём выступаў моцным паўкруглым рызалітам. Па перыметры купальнай часткі ішлі авальныя люкарны. З боку ўезду гэта частка будынка была выканана ў выглядзе несапраўднага рызаліта з дзвярамі галоўнага ўвахода, высокімі арачнымі вокнамі на першым і прамавугольнымі на другім паверхах. У другой палове XIX ст. да дома далучыўся ганак-тэраса, у гэты ж час на плоскасці франтона з’явіўся рэльефны надпіс на лацінскай мове (). Фасады чляніліся пілястрамі і высокімі арачнымі вокнамі ў простых ляпных ліштвах з замковым каменем. Высокі трохсхільны, накрыты чарапіцай дах аднапавярховых крылаў прарэзвалі барочныя дахавыя вокны.
Планіроўка палаца была анфіладнай з квадратным вестыбюлем і круглай залай у цэнтры. У афармленні інтэр’ераў удзельнічалі мастакі Манькоўскі і А. Смуглевіч, выкарыстаныя карціны Ю. Карчэўскага.
З галоўным корпусам межавалі збудаваныя ў пачатку XIX ст. два перпендыкулярна размешчаныя аднапавярховыя флігелі, накрытыя высокімі чатырохсхільнымі дахамі з чарапічным пакрыццём і барочнымі мансарднымі вокнамі. Сцены будынкаў апрацаваны рустам, прамавугольныя вокны дэкарыраваны паўкалонамі, трохвугольнымі сандрыкамі. Ва ўсходнім флігелі знаходзілася стайня, дзверы стойлаў для коней былі аформленыя як нішы, з боку палацу размяшчаўся дом конюха. У заходнім флігелі размяшчаліся службовыя памяшканні, дзе таксама жылі войт, чэлядзь, , майстры і інш.
На першым і на другім паверхах папярочнага аб’ёму з боку парку меліся дзве залы-ратонды, з галоўнага фасада — квадратныя вестыбюль і кулуар параднай залы. Залы-ратонды аформлены ў тэхніцы стука, расчлянёны парамі пілястраў іанічнага ордара. Паміж пілястрамі знаходзіліся арачныя рамы, завершаныя гарызантальна падвешанымі ляпнымі гірляндамі з выкарыстаннем матываў барока і ракако. Верхні паверх папярочнага купальнага корпуса займала карцінная галерэя (100 палоцен) і знакамітая бібліятэка Храптовічаў, у якой налічвалася да 8000 тамоў. Сынам І. Л. Храптовіча Юзафу і Адаму ўдалося ў 1-й чвэрці XIX ст. павялічыць збор да 15 000 тамоў. У Шчорсаўскай бібліятэцы працавалі астраном М. Пачобут-Адляніцкі, гісторыкі І. Лялевель, Ф. Малеўскі, Я. і А. Снядэцкія, Ю. Ярашэвіч, паэты А. Міцкевіч, Я. Чачот (як бібліятэкар) і інш. У канцы XVIII ст. спецыяльна для бібліятэкі ўзведзены двухпавярховы будынак у стылі класіцызм. Над уваходам — шырокая тэраса на чатырох калонах.
Ансамбль палаца ўключаў і фантан. У час археалагічных раскопак былі выяўлены рэшткі керамічнага водаправода XVIII ст. Уязная алея падводзіла да брамы, аформленай у барочным стылі. Яна складалася з моцных варот чыгуннага ліцця, падвешаных на мураваных пілонах, злучаных фігурным гербавым шчытом. Шырокія слупы прамавугольнага сячэння мелі па краях руставаныя лапаткі, у верхняй частцы завяршаліся карнізам з пастаўленымі на ім літымі скульптурнымі групамі ў выглядзе антычных кампазіцый, са сцягоў і ваенных атрыбутаў. Аўтарам гэтых скульптурных кампазіцый з’яўляўся К. Спампані.
Сярод гаспадарчых пабудоў (кухня, майстэрні, вазоўня і інш.) вылучаўся будынак вяндлярні, узведзены на мяжы XIX—XX стст. з чырвонай цэглы. Круглая вежападобная пабудова з высокім гонтавым дахам, заломам на пакатым шатровым пакрыцці. На даху плаўнымі лініямі выступаюць пукатыя душнікі. Сцены аздобленыя лапаткамі, карнізамі простага профілю і лучковымі перамычкамі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Унутраная прастора падзеленая на ярусы для размяшчэння прадуктаў вэнджання.
Да нашага часу захаваліся скляпеністыя сутарэнні цэнтральнага корпуса палаца, заходні флігель, бібліятэка (да 1982 года выкарыстоўвалася пад школу), вяндлярня.
За 1 км на захад ад комплексу з чырвонай цэглы ў рэтраспектыўных формах замкавага дойлідства пабудаваны гаспадарчы двор, т.зв. мураванка Храптовічаў: карпусы стайняў і вуглавыя круглыя вежы.
Парк
Пейзажны парк плошчай каля 40 га быў закладзены адначасова з палацам у апошняй чвэрці XVIII ст. на раўнінным рэльефе. Цэнтрам кампазіцыі быў палац, шырокая ўязная алея ў чатыры рады ліп вяла да асноўнага паркавага масіву, які цягнуўся на захад ад палаца і меў пейзажную арганізацыю вакол велізарнага партэра з хмызняком і кветнікамі, ахоплены пандусамі. Ад цэнтральнага ўчастку аддзелены суцэльны лясны масіў, на ўзлеску якога знаходзіўся помнік прыроды, т. зв. дуб Міцкевіча, пад якім паводле легенды паэт пісаў свае «Гражыны». Дуб зваліўся ад старасці ў 1998 годзе.
Парк складаецца з трох самастойных участкаў. На паўднёвым захадзе суцэльны паркавы масіў з вадаёмамі і кальцавой дарожкай. Цэнтральны ўчастак перад тыльным фасадам палаца — адкрытая пляцоўка з асобнымі групамі дрэў. Ланцугом вадаёмаў ад яго аддзелены трэці ўчастак — суцэльны лясны масіў. У дрэвавых насаджэннях перавадаюць дуб звычайны, клён вастралісты, ясень звычайны, ліпа драбналістая, таполя белая і інш.
Першапачатковая кампазіцыя не захавалася. Пасадкі прабіваліся каскадам сажалак з плацінамі. Зараз парк набыў рысы лесапаркавай зоны.
Спробы аднаўлення Комплекс будынкаў сядзібы Храптовічаў у Шчорсах закінуты і разбураецца. Мясцовыя ўлады некалькі разоў спрабавалі прадаваць комплекс цалкам, а таксама асобныя будынкі, у тым ліку зніжаючы цану да адной базавай велічыні, але безвынікова.
Для паступовага аднаўлення маёнтка грамадскія актывісты стварылі арганізацыю «Фонд Шчорсы і Храптовічы», якая, між іншым, праводзіла валанцёрскія летнікі і спрабавала прыцягнуць фінансаванне з праграм трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрасаюза. Арганізацыя была ліквідавана ў лістападзе 2021 года ў межах пагрому грамадскіх арганізацый Беларусі.
Літаратура
Антипов В. Парки Белоруссии. Мн., 1975. Чантурия В. А. Архитектурные памятники Белоруссии. Мн., 1982. Чантурия В. А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977.
Спасылкі
Катэгорыя:Палацы Беларусі Катэгорыя:Шчорсы Катэгорыя:Сядзібы Навагрудскага раёна Катэгорыя:Храптовічы Катэгорыя:З’явіліся ў 1776 годзе Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:1776 год у Беларусі