thumb|Касцёл Найсв. Дзевы Марыі ў Гайне Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — рымска-каталіцкі храм у вёсцы Гайна Лагойскага раёна. Знаходзіўся на ўзвышаным беразе ракі Гайна. Разбураны ў сярэдзіне XX стагоддзя.

Гісторыя Каля 1386 года Уладзіслаў Ягайла заснаваў у Айне драўляны касцёл. Лічыцца, што гайненская святыня належыць да першых фундацый Ягайлы і з'яўляецца адной з сямі, якія пабудаваў на Літве вялікі князь на месцы былых паганскіх капішчаў. А каралева Ядзвіга адарыла касцёл дарагім убраннем і срэбрам. Вітаўт надаў касцёлу маёнтак Кацялі з 6 вёскамі, а Ягайла — фальварак побач з Гайнай у 6 валок. Пасля бітвы пад Оршай у 1514 годзе Жыгімонт Стары стаяў тут з войскам і адбываў набажэнства ў гонар перамогі. Пры гэтым ён адарыў храм каралеўскімі дарамі, новымі ўкладамі і прывілеем з абавязкам 2 разы на год праводзіць тут імшу ў гонар князя Вітаўта. Гэтую падзею апісаў граф Яўстах Тышкевіч у сваёй кнізе «Апісанне Барысаўскага павета»:

У 1522 годзе ў Гайне была адчыненая манастырская школа. Гэта была адна з першых школаў, адчыненых на беларускіх землях. У 1720 годзе граф Тышкевіч хацеў аднавіць састарэлы драўляны храм, але перашкодзіла смерць. І толькі ў 1781 годзе (паводле іншых звестак у 1796) князь Цыдзік (Цыдрык) пабудаваў новы мураваны храм, які быў асвячоны ў 1788 годзе біскупам (жмудзскім шуфраганам) Тадэвушам Букатым. У 1866 годзе скасаваны і ператвораны ў праваслаўную Свята-Успенскую царкву. Падчас Другой Сусветнай вайны муры касцёла былі моцна пашкоджаныя, а пасля вайны канчаткова быў узарваны сапёрамі.

Архітэктура thumb|300px|Касцёл на малюнку Н. Орды (1876) Белакаменны храм быў вырашаны ў стылі барока, уяўляў сабой 3-нефавую 2-вежавую базіліку з дзвюма пакрытымі бляхай купаламі. Унутраная прастора была падзелена 4 слупамі на 3 нефы. У інтэр'еры было ўстаноўлена 5 алтароў, у галоўным з якіх размяшчаўся абраз «Успенне», у бакавых — «Св. Казімір», «Св. Міхаіл» і іншыя. Вельмі шанаваўся абраз «Панна Марыя Гайнаўская». Срэбны крыж італьянскай работы пачатку XVI стагоддзя, падараваны касцёлу Жыгімонтам І Старым, захоўваўся ў зборы Тышкевічаў у Лагойскім палацы. Крыж прададзены прыватнай асобе тагачасным уладальнікам палаца Аскарам Тышкевічам (1837—1897)Касцёльнае дойлідства // С. 386..

Цікавыя факты Вікарны біскуп жамойцкі Тадэвуш (Фадзей) Букаты, які асвячаў касцёл, надаваў гайненскай святыні вялікую ўвагу, і ў старых, складзеных ім кніжках знойдзены песні аб Гайне і аб любаванні гэтымі мясцінамі. Мяркуецца, што менавіта са святкавання Жыгімонтам Аршанскай бітвы пайшла старадаўняя песня з Лагойшчыны: «Едзе-едзе Важымон!», і нават яшчэ ў мінулым стагоддзі існавала такая дзіцячая гульня.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Колішнія касцёлы Мінскай вобласці Катэгорыя:Касцёлы Лагойскага раёна Лагойскі раён Катэгорыя:Гайна (аграгарадок)