Эразм Цёлак, у лацінізаванай форме Вітэлій (Vitellius; , Кракаў — ) — дзяржаўны дзеяч Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, дыпламат.
Нарадзіўся ў беднай мяшчанскай сям’і. Атрымаўшы годнасць магістра пасля Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, Цёлак з 1494 знаходзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім і займаў пасаду сакратара велікакняскай канцылярыі, а з 1499 — пробашча і каноніка Віленскай капітулы. Здабыў любоў і падтрымку вялікага князя Аляксандра. У 1502 атрымаў шляхецтва, а ў 1503 быў прызначаны плоцкім біскупам.
Мецэнат і апякун Міколы Гусоўскага. 1490-я гады шмат падарожнічаў па Беларусі, відавочна мог наведаць і тыя мясціны, адкуль паходзіў будучы паэт. Ва ўсякім разе, Эразм Цёлак адыграў важную ролю ў жыцці паэта, пра што ён, не называючы імені свайго мецэната, кажа на пачатку «Песні пра зубра».А. Жлутка. Мікола Гусоўскі… (2010)
Эразм Вітэлій неаднаразова выконваў складаныя дыпламатычныя даручэнні ад імя Вялікага Княства і Кароны. Ён узначальваў пасольскія місіі ў Ватыкан у 1501, 1505 і 1518—22 г.
Асноўнай мэтай пасольскай місіі, узначаленай Эразмам Цёлкам, было стварэнне шырокай кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў супраць Турцыі і Крымскага ханства, якія пагражалі бяспецы ўсёй Еўропы. Актыўна працуючы ў Рыме дзеля рэалізацыі гэтага плана, Вітэлій сутыкнуўся з інтрыгамі сваіх супернікаў у Польшчы — прымаса Я. Ласкага, біскупа А. Крыцкага ды інш. Польскія можнаўладцы не маглі дараваць хуткага ўзвышэння чалавеку нязнатнага роду, асабліва калі кіраўнік пасольства пачаў дамагацца ў Ватыкане кардынальскай шаты без згоды сената і караля. Магчыма, адносіны з польскай духоўнай элітай ускладняліся яшчэ і тым, што ў прамовах, сказаных у Аўгсбургу і Ватыкане і выдадзеных у 1519 у Рыме, Вітэлій не хаваў сваіх сімпатыяў да Вялікага Княства Літоўскага.
Паддаўшыся ціску з боку арыстакратычных колаў Польшчы, у 1521 Жыгімонт I, вялікі князь ВКЛ і польскі кароль, адхіліў Эразма Цёлка ад выканання абавязкаў пасла, адмаўляючыся ад ідэі стварэння ваенна-палітычнага аб’яднання еўрапейскіх краін супроць Турцыі. Усведамляючы, што такое рашэнне караля касуе вынікі шматгадовых намаганняў па стварэнні блока і ставіць пад удар аўтарытэт і інтарэсы ВКЛ і Кароны, пасольская місія, заручыўшыся падтрымкаю Льва X, на свой одум вырашыла застацца ў Рыме і працягваць дыпламатычную дзейнасць. У гэты складаны для Эразма Вітэлія час Гусоўскі звяртаецца да яго са словамі падтрымкі і суцяшэння ў вершы, які так і называецца — «Суцяшэнне». Слушнасць рашэння кіраўніка місіі, хоць і пасля яго смерці, усё ж была прызнаная каралём, які адзначыў, што паслы выконвалі свае абавязкі «сумленна і слаўна».
Катэгорыя:Пісары вялікія літоўскія Катэгорыя:Канонікі Віленскага кафедральнага капітула Катэгорыя:Прэпазіты Віленскага кафедральнага капітула Катэгорыя:Дэканы Віленскага кафедральнага капітула