Эртхо́льмен () — архіпелаг з трох астравоў у паўднёва-заходняй частцы Балтыйскага мора. Уваходзіць у склад Даніі. Агульная плошча — 0,39 км². Адзіны населены пункт — Крысціянсё. Насельніцтва (2012 г.) — 103 чал.

Геаграфія Архіпелаг Эртхольмен знаходзіцца ў 17,9 км на паўночны ўсход ад вострава Борнхальм і ў 812 км на паўночны захад ад Мінска. Складаецца з трох астравоў:

Востраў Крысціянсё (22,3 га) Востраў Фрэдэрыксё (4 га) Востраў Грасхольм (11 га)

Акрамя таго, у склад архіпелага ўваходзіць некалькі бязлюдных скал, якія разам з Грасхольмам утвараюць птушыны запаведнік.

Найвышэйшы пункт — узгорак Мёльбакен — знаходзіцца на востраве Крысціянсё.

Гісторыя У старажытнасці архіпелаг меў назву Kierkeholmen (Царкоўныя астравы), што можа сведчыць пра пасяленне на ім хрысціянскіх манахаў. Аднак ніякіх дакладных звестак пра сталае насельніцтва да XVII ст. няма.

У 1684 г. датчане пабудавалі на астравах крэпасць Крысціянсё. Гэта назва, а таксама назва Фрэдэрыксё паходзяць ад імёнаў дацкіх манархаў. Крэпасць выкарыстоўвалася ў ваенных мэтах, а таксама як турма да 1855 г. Згодна перапісу 1810 г., у ёй месцілася 829 чал.

Кіраванне Астравы Эртхольмен з’яўляюцца ў некаторай ступені анамаліяй рэгіянальнага падзелу Даніі. У 1970—2003 гг. архіпелаг уваходзіў у склад муніцыпалітэта Борнхальм. Але ў далейшым выйшаў з яго складу і наогул з сістэмы муніцыпальнага падпарадкавання. Астравы (найчасцей у дакументах значацца як Крысціянсё) афіцыйна з’яўляюцца ўладаннем дацкай дзяржавы і кіруюцца міністэрствам абароны.

Турызм Галоўная галіна эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Сюды ўязджае некалькі дзясяткаў тысяч наведвальнікаў у год. Найчасцей яны прыбываюць на пароме праз суседні востраў Борнхальм або на асабістых яхтах. Турыстаў вабяць добра захаваныя крэпасць, касцёл, а таксама ізаляваны лад жыцця астравіцян.

Спасылкі Афіцыйная старонка Экскурсія

Катэгорыя:Архіпелагі паводле алфавіта Катэгорыя:Астравы Даніі Катэгорыя:Астравы Балтыйскага мора