Свята-Мікалаеўская брацкая царква — праваслаўны храм горада Брэста. Помнік архітэктуры.
Гісторыя Царква пабудавана ў 1904-06 гадах з цэглы на месцы мураванага кафедральнага Мікалаеўскага сабора, у якім у 1596 годзе была прынята Берасцейская унія. Праект, верагодна, створаны гродзенскім губернскім архітэктарам І.К.Плотнікавым; у 1895-96 гадах разглядаўся губернатарствам. Будаўніцтва вялося на ахвяраванні маракоў і афіцэраў — удзельнікаў руска-японскай вайны, якія лічылі Свяціцеля Мікалая сваім заступнікам, і на сродкі брацтва ў гонар Свяціцеля Мікалая і Афанасія, прападобнага ігумена Брэсцкага. Пасля Вялікай Айчыннай вайны да 1991 года ў будынку размяшчалася сховішча Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. Царква адноўлена ў 1996 годзе на ахвяраванні прыхаджан і гарадскіх прадпрыемстваў.
Архітэктура
Крыжова-купальны храм вырашаны ў руска-візантыйскім стылі з элементамі маскоўскага царкоўнага дойлідства 17 стагоддзя. У падоўжана-восевай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе 8-гранная званіца з адкрытым верхнім ярусам-звонам, завершаным высокім шатром з макаўкай. Званіца аб'яднана з цэнтральным 2-ярусным аб'ёмам працяглай трапезнай, падзеленай радамі арачных аконных праёмаў на 2 ярусы. Кубападобны аб'ём сяродкрыжжа завершаны маляўнічым 5-купаллем. З усходняга боку да цэнтральнага аб'ёму далучаецца 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Галоўны ўваход падкрэслены манументальнай паперцю ў выглядзе 3-пралётных вісячых аркатур і з высокім 2-гранным шчытом на магутных слупах. Аналагічна, але ў меншым маштабе, вырашаны вуглавыя ўваходы цэнтральнага аб'ёму. Рознавялікія арачныя аконныя праёмы аформлены плоскаснымі ліштвамі, філёнгамі. У дэкоры выкарыстаны формы старажытнарускага дойлідства: какошнікі, кілепадобныя аркі, філёнгавыя лапаткі, квадратныя разеткі, бочкападобныя фігурныя калонкі, зубчастыя фрызы.
Інтэр'ер У інтэр'еры скляпенні пакрыты роспісам. Апсіда вылучана 3-ярусным драўляным іканастасам. У храме захоўваюцца абраз Міколы Цудатворцы (у алтары). мошчы велікамучаніка Афанасія Філіповіча. Сярод культавых рэліктаў — частка дрэва Крыжа Жыватворнага Гасподня, на якім быў распяты Ісус, мошчаў Свяціцеля і Цудатворцы Чарнігаўскага Феадосія і інш. Асабліва шануецца Святое Укрыжаванне з часткай каменю з Галгофы.
Літаратура Свята-Мікалаеўская брацкая царква, Брэст // Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін. – Мн., 2001. – С. 26.
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Брэста Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Храмы Святога Мікалая Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Івана Плотнікава Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1906 год у Брэсце