Плігаўскі валун — адзін з найбольш буйных валуноў Беларусі, даўжыня бачнай часткі доўгай восі складае 7,2 метры. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Знаходзіцца за 0,45 км на поўдзень ад галоўнай вуліцы Плігавак 2, за 3,6 км на паўночны ўсход ад Залужжа, за 2,4 км на поўнач ад Юрава, за 50 метраў на поўнач ад высакавольтнай лініі электраперадачы, пасярод рэчышча Чарніцы.
Ахоўная тэрыторыя Плошча помніка — 44 м², плошча ахоўнай зоны помніка прыроды — 116 м². Мяжа ахоўнай зоны геалагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Плігаўскі валун» — умоўная лінія на адлегласці 3 метраў ад краёў самога помніка.
Апісанне Валун светла-карычневага дробназярністага граніту з уключэннем крышталёў ружовага палявога шпату, шэрага кварцу і рэдкіх крышталёў біятыту, рагавой падманкі і іншых мінералаў. Дадзены валун прынесены з тэрыторыі Скандынавіі падчас паазерскага аблядзянення.
Гісторыя Паводле падання, у даўніну па Чарніцы, у рэчышчы якой ляжыць Плігаўскі валун, праходзіў водны гандлёвы шлях. Паблізу валуна было вялікае аднайменнае паселішча Чарніца, якое пазней перайменавалі на Сіроціна. У сярэднявеччы мясцовасць была густанаселеная і заможная, без дарог водны шлях быў асноўным для гандлю.
Гандляры з Сіроціна спускаліся на лодках па Чарніцы да Обалі, па ёй падымаліся ўверх па цячэнні да Усысы і па гэтай рацэ ішлі на вёслах да Гарадка — старажытнага паселішча ў рэгіёне. Уніз па Обалі даплывалі да Дзвіны, гандлявалі ва Уле, Полацку, Дрысе, Мядзелі, Браславе, Лагойску, Гародні. Таксама хадзілі паўночным шляхам да Себежа і Ноўгарада. Гандлявалі мёдам, воскам, льном і льнянымі вырабамі, пянькой і футрам. Завозілі ж вырабы з жалеза, медзі, дубу, грабу, тлушч цюленяў, маржовую косць.
Паводле падання, Плігаўскі валун перашкаджаў гандлярам, бо ляжаў сярод рэчышча і выступаў над вадою амаль на два сажні, аб яго можна было разбіць лодку, таму ў вялікую ваду пры камені ставілі вартавых, а на ім самым па начах палілі вогнішча.
Галерэя
Катэгорыя:Валуны Беларусі Катэгорыя:Геалагічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння Віцебскай вобласці Катэгорыя:Геалогія Шумілінскага раёна Катэгорыя:Славутасці Шумілінскага раёна