Лука́я () — аравакскі народ, карэнныя жыхары Багамскіх астравоў, а таксама Цёркс і Кайкас. Сталі першымі індзейцамі, якія 12 кастрычніка 1492 г. сутыкнуліся з іспанскай экспедыцыяй Хрыстафора Калумба.
Паходжанне Запісы іспанцаў, а таксама археалагічныя знаходкі сведчаць, што па мове і культуры лукая былі блізкімі сваякамі індзейцаў-таіна Антыльскіх астравоў. Мяркуецца, што ў V - VIII стст. н. э. яны пачалі перасяленне з Гаіці і Кубы. На малых каралавых астравах таіна часткова змянілі свой лад жыцця, сталі больш залежнымі ад рэсурсаў акіяна.
Працэс перасялення з Антыльскіх астравоў працягваўся да прыходу еўрапейцаў. Археолагамі ўсталяваны той факт, што культура жыхароў Цёркс і Кайкас, а таксама некаторых Багамскіх астравоў значна змянілася да сярэдзіны 2 тысячагоддзя н. э. пад уплывам перасяленцаў з Гаіці і больш нагадвала культуру таіна.
Мяркуецца, што іспанскае слова Lucayos, якім пазначалі індзейцаў з Багамаў, паходзіць ад аравакскага Lukku-Cairi, літаральна "людзі астравоў". Колькасць лукая да з'яўлення іспанцаў магла дасягаць 40 тысяч чалавек.
Асаблівасці культуры Іспанцы апісвалі індзейцаў лукая як вельмі прыгожых і далікатных. Вопратка ў іх была даволі сціплая. Дзяўчыны, якія дасягалі сталага ўзросту, насілі баваўняныя спадніцы, а мужчыны - насцегнавыя повязі з лісця. Упрыгожваліся галаўнымі повязямі, пер'ем птушак, ракавінамі, караламі. Былі вядомы татуіроўка і плясканне галавы ў дзяцей. Галоўнымі заняткамі лукая былі рыбалоўства, земляробства, збіральніцтва і паляванне. Прычым, з-за адноснай беднасці прыроды малых астравоў збіральніцтва і паляванне не маглі адыгрываць надзвычай важнай ролі. Але лукая здолелі адаптавацца да мясцовых умоў жыцця.
Археалагічныя знаходкі на невялікім востраве Сан-Сальвадор сведчаць пра тое, што індзейцы з'явіліся на ім прыкладна ў 600 г. н. э. і стварылі каля 40 невялікіх паселішчаў. Паселішчы будавалі у 150 - 200 м ад акіяна або каля ўнутраных лагун, звычайна на пясчаных выдмах. Былі знойдзены рэшткі медзі і натуральнага шкла, якія на астравах не здабываюцца, што кажа пра сталыя кантакты лукая з вонкавым светам. Лукая таксама рабілі керамічныя пасудзіны, якія апрацоўвалі з дапамогай попелу і ракавін. Недахоп сыравіны для керамікі рабіў яе надзвычай каштоўнай. Ажыццяўляўся менавы гандаль керамічнымі вырабамі з іншымі астравамі. Каля паселішчаў знойдзены смеццевыя ямы з вялікай колькасцю ракавін малюскаў і костак рыб. На агародах вырошчвалі гарбузы, батат, тытунь, бавоўнік.
Практыкаваўся адлік сваяцтва па лініі маці, але на чале сем'яў і грамадства стаялі мужчыны. Відавочна, сем'і былі пашыраныя, на што паказвае апісанне іх жытла Х. Калумбам. Лукая жылі ў высокіх хацінах круглявай формы, якія будавалі з жэрдак і накрывалі саломай. Спалі ў баваўняных гамаках. У адной хаціне жыло да 20 чалавек.
Пра рэлігійныя вераванні лукая вядома мала. Хутчэй за ўсё, яны мелі шмат агульнага з рэлігіяй таіна. Знойдзены рытуальныя драўляныя статуэткі, а таксама рытуальныя месцы духа. Мяркуецца, што правядзеннем абрадаў займаліся правадыры-касікі.
Выміранне Заняпад культуры лукая адбыўся на працягу ўсяго аднаго пакалення пасля таго, як 12 кастрычніка 1492 г. Хрыстафор Калумб дасягнуў першага адкрытага ім у Новым Свеце вострава Сан-Сальвадор. Сутыкненне з еўрапейскай цывілізацыяй магло выклікаць распаўсюджанне эпідэмічных захворванняў. Індзейцы лукая вывозіліся іспанцамі для працы на Гаіці і востраў Маргарыта. Лукая асабліва цаніліся як лаўцы жэмчугу. У 1500 г. Амерыга Веспучы захапіў і прывёз у Іспанію ў якасці рабоў 232 тубыльца з Багамаў.
У 1520 г. іспанскі кароль запатрабаваў ад губернатара Гаіці выратаваць выжылых карэнных насельнікаў Багамаў і даставіць іх на Гаіці. Было знойдзена толькі 11 чалавек, якія пазней змяшаліся з насельнікамі Антылаў.
Спасылкі Arrival by Seaward Travel. 500 to 1640: Lucayans thrive until the arrival of Columbus First settlers of The Bahamas. Last days of the Lucayans and their way of life THE NATIVE PEOPLES OF TURKS AND CAICOS W. F. Keegan, THE ECOLOGY OF LUCAYAN ARAWAK FISHING PRACTICES Katy Meyers, Bahamian Death in its Cultural Context Jeffrey P. Blick, Human Impacts on a Small Island Ecosystem: Lessons from the Lucayans of San Salvador, Bahamas for This Island Earth
Катэгорыя:Індзейцы Цэнтральнай Амерыкі Катэгорыя:Аравакі Катэгорыя:Зніклыя народы Амерыкі