Сфа́гнум, сфагнавы мох, тарфяны мох (Sphagnum) — адзіны род імхоў сямейства сфагнавых.

Апісанне Адна-, двухдомныя лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі буйныя, мяккія, рыхлыя або шчыльныя, ад бледна-зялёных да жоўтых, бурых, пурпуровых або чырванаватых, часта ўтвараюць суцэльнае покрыва. Сцябло без рызоідаў, шматрадова аблісцелае, з шматлікімі чарапіцападобна аблісцелымі галінкамі, знізу паступова адмірае. Галінкі сабраны пучкамі, а на верхавінцы ўтвараюць разетку або галоўку. Лісце тонкае, без жылкі, мае два тыпы клетак — вузкія хларафіланосныя і шырокія ваданосныя. Сфагнум здольны ўбіраць многа вады (у 20-30 разоў больш за яго паветрана-сухую масу) і ўтрымліваюць яе ў дзярнінцы. Сцябловае лісце ад трохвугольнага да языка- або лапатападобнага, галінкавае — ад яйцападобнага да лінейнага, часта ўвагнутае.

Галінкі з антэрыдыямі булавападобна ўздутыя, часта ярка афарбаваныя. Архегоніі на верхавінцы буйналіставых укарочаных галінак. Каробачка шарападобная, бліскучая, цёмна-бурая, з невялікім вечкам, без перыстома, на несапраўднай ножцы. Споравы мяшок шапачкападобны.

Пашырэнне Пашыраны паўсюдна за выключэннем арктычных пустынь, арыдных абласцей, у тропіках сустракаецца толькі ў гарах. Найбольш значная роля — у лясной паласе Паўночнага паўшар'я. Пасяляецца на вільготных месцах, спрыяе хуткаму забалочванню тэрыторыі, бо здольны актыўна паглынаць і ўтрымліваць вільгаць. З'яўляецца ўтваральнай раслінай сфагнавых балот.

Найбольшая відавая разнастайнасць у Паўднёвай Амерыцы.

На Беларусі 35 відаў, растуць на балотах (пераважна вярховых і пераходных), у забалочаных і сырых лясах, на мокрых лугах. Спараносяць у жніўні.

У Расіі расце 42 відыЕленевский А. Г. Ботаника. Систематика высших, или наземных, растений: учебник для студ. высш. пед. учеб. заведений / А. Г. Еленевский, М. П. Соловьева, В. Н. Тихомиров. — 4-е изд., исп. — М.: Издательский центр «Академия», 2006. — С. 56.

Гаспадарчае значэнне і ўжыванне З-за малой цеплаправоднасці ўжываецца ў будаўнічай справе як ізаляцыйны матэрыял у выглядзе пласцінак, парашка, якія вырабляюцца з гэтага торфу; таксама дэзадарыруючы сродак. Некаторыя народнасці лічаць сфагнум прыдатным матэрыялам для цёплых пялёнак, якімі яны зімой накрываюць сваіх дзяцей.

Сфагнум выкарыстоўваецца ў кветкаводстве ў якасці напаўняльніка пры складанні земляных сумесяў. У паветрана-сухім стане сфагнавыя імхі здольныя паглынуць вады прыкладна ў 20 разоў больш ўласнай масы, што ў 4 разы пераўзыходзіць магчымасці гіграскапічнай ваты (адсюль і назва моху, «сфагнас» па-грэчаскі — губка).

Сфагнум вельмі ўстойлівы да раскладання, высушаны доўга захоўваецца. Расце ў багністых месцах, збіраюць яго летам.

Сфагнумам можна карыстацца ў якасці перавязачнага сродка. Ён валодае ранагаючым і антысептычным дзеяннем з прычыны ўтрымання фенолападобнага рэчыва сфагнолу. У экстраных выпадках сфагнум можна ўжываць без стэрылізацыі.

Спіс відаў Род сфагнум уключае 120 відаўСписок видов рода Сфагнум на сайте The Plant List :

Галерэя

Літаратура

Копёнкина Н. А. Сфа́гнум, сфагновый мох // Горная энциклопедия : в 5 т. / гл. ред. Е. А. Козловский. — М. : «Советская энциклопедия», 1991. — Т. 5. СССР — Яшма. — С. 97. — 541 с. — 44 126 экз. — ISBN 5-85270-007-X, ISBN 5-85270-000-6 (т. 5).

Спасылкі

Roberta and Fred Case. Building a Sphagnum Bog Garden (Вырошчванне сфагнума ў адкрытым грунце.) Sphagnum

Катэгорыя:Флора Еўразіі