Словазлучэ́нне — дапаможная сінтаксічная адзінка, утвораная ў выніку аб’яднання двух ці больш самастойных слоў або словаформ, якія граматычна і па сэнсе звязаныя паміж сабой і абазначаюць пэўнае паняцце.
Словазлучэнне і слова
Адрозненне Словы з’яўляюцца простымі назвамі прадметаў, а словазлучэнні выступаюць як складаныя або разгорнутыя назвы адпаведных з’яў.
Падабенства Як і словы, словазлучэнні служаць для абазначэння пэўных прадметаў ці з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і з’яўляюцца структурным матэрыялам сказу. Словазлучэнне, як і слова (калі яно змяняецца), мае сістэму формаў.
Словазлучэнне і сказ
Адрозненне Словазлучэнні не маюць сэнсава-граматычнай і інтанацыйнай самастойнасці і не выражаюць закончанай думкі (не з’яўляюцца асобным паведамленнем). Словазлучэнні — гэта часткі сказа, і толькі ў сказе яны набываюць канкрэтнае значэнне і выконваюць тую ці іншую функцыю. Некаторыя словазлучэнні могуць супадаць па форме з самастойнымі сказамі, але ніколі не супадаюць з імі па сваёй функцыі. Словазлучэнне ў адрозненне ад сказа камунікатыўнай адзінкай не з’яўляецца.
Класіфікацыя Найбольш агульныя разрады словазлучэнняў вылучаюцца на падставе колькасці аб’яднаных слоў: двухслоўныя, ці простыя; шматслоўныя, ці складаныя.
Паводле тыпу адносін паміж словамі словазлучэнні падзяляюць на: спалучальныя, падпарадкавальныя.
Утварэнне і ўжыванне спалучальных словазлучэнняў (гарады і вёскі; слухаў, але не рэагаваў) падпарадкоўваюцца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа.
Падпарадкавальныя словазлучэнні па ступені злітнасці кампанентаў падзяляюцца на: сінтаксічна свабодныя: пераплёты кніг; сінтаксічна несвабодныя: некалькі кніг.
У залежнасці ад галоўнага слова вылучаюць словазлучэнні: дзеяслоўныя: скласці план, назоўнікавыя: папера для чарчэння, прыметнікавыя: варты ўзнагароды, прыслоўныя: далёка ад дому, лічэбнікавыя: трое ў шынялях.
Усе падпарадкавальныя словазлучэнні маюць бінарную структуру, падзяляюцца на галоўную частку і залежную (ліст ад маці, стары ясень каля нашай хаты).
Спосабы падпарадкавання слоў У беларускай мове выкарыстоўваюцца тры асноўныя спосабы пабудовы падпарадкавальных словазлучэнняў: дапасаванне, кіраванне, прымыканне.
Сродкі выражэння падпарадкавання: флексіі, службовыя словы, словапарадак і інтанацыя (у сказе).
Падыходы да трактоўкі словазлучэння
Лексікалагічная трактоўка Вузкі аспект разумення словазлучэння: Словазлучэнне разглядаецца толькі як спалучэнне 2 ці больш паўназначных слоў. У беларускім мовазнаўстве гэтай трактоўкі трымаюцца А. І. Наркевіч, Л. П. Падгайскі, М. С. Яўневіч, А. Я. Міхневіч і іншыя.
Сінтаксічная трактоўка Вельмі шырокі аспект (Г. Н. Клюсаў): Словазлучэнне — любое двухчленнае спалучэнне (службовае слова і знамянальнае, або службовае слова і службовае).
Больш вузкі аспект (Л. І. Бурак): Словазлучэнне — спалучэнне толькі паўназначных слоў.
Крыніцы
Літаратура Бурак Л. І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя : вучэб. дапам. для філал. фак. ун-таў / Л. І. Бурак. − Мінск: Універсітэцкае, 1987. Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. Ч. 2. Сінтаксіс / навук. рэд. А. А. Лукашанец. — Мінск: Беларуская навука, 2009.
Катэгорыя:Сінтаксіс