Speedtalk (спідток, хуткамоў) — назва выдуманай мовы, прыдуманая Робертам Хайнлайнам і ўжытая ім у аповесці "Заліў". "Звычайныя мовы нарадзіліся ў часы невуцтва і забабонаў і генетычна змяшчаюць замацаваныя ў структурах памылковыя ўяўленні аб сусвеце", — піша Роберт Хайнлайн у аповесці "Заліў". Фантастычная ідэальная мова, створаная Хайнлайнам, — спідток (Speedtalk), згодна са сцвярджэннем аўтара, не змяшчае тых памылак, якімі багатая англійская мова, бо яна сканструявана так, як і рэальны свет. Speedtalk быў вызначаны як мова, створаная на аснове логікі. Спідток ужывае складаны сінтаксіс з мінімальным слоўнікам і шырокім алфавітам. Паколькі ідэя мовы толькі апісана, але не развіта ў працы Хайнлайна, шмат хто спрабаваў стварыць Speedtalk, які б увасобіў ягоныя прынцыпы. Многія з гэтых ідэй былі ўзяты ў мову Ыфкуіль. Урывак з інтэрв’ю з Джонам Кіхадай — стваральнікам мовы Ыфкуіль: Цікава, што менавіта ў гэты час я прачытаў навелу Роберта Хайнлайна "Заліў", у якой быў апісаны прыдуманы ім "Speedtalk". Спачатку я быў здзіўлены і нават крыху расчараваны тым, што нехта ўжо прыдумаў тое, над чым я працаваў, але потым я зразумеў, што "Speedtalk" быў не больш чым павярховай спробай, працуючай толькі на морфа-фаналагічным узроўні, у той час як "Ыфкуіль", які я ствараў, прымяняў тыя ж прынцыпы да ўсіх структурных узроўняў мовы. Гісторыя У пачатку 1950-х гадоў Роберт Хайнлайн у зборніку "Прызначэнне ў вечнасць" (Assignment in Eternity, 1953), апублікаваў невялічкую аповесць пад назвай "Заліў" (Gulf, 1949). Нейкі спецагент спрабаваў перашкодзіць ворагам атрымаць сакрэт суперзброі, здольнай пераўтварыць Зямлю ў новую зорку. Падзеі адбываюцца ў далёкай будучыні, людзі лётаюць адпачываць на Луну і ў той жа час карыстаюцца мікрафільмамі, пнеўматычнай почтай і дротавымі тэлефонамі. Але з ходам дзеяння герой апынууся ў нейкай арганізацыі "суперменаў", якія прыдумалі, як павялічыць хуткасць свайго мышлення. Зрабілі яны гэта, стварыўшы спецыяльную мову Speedtalk, на якой доўгі сказ магчыма сказаць адным словам. У спідтоку існавала некалькі соцень гукаў, і кожнае спалучэнне з дзвюх літар адпавядала нейкаму слову. Такім чынам, "слова" на спідтоку адпавядала доўгаму сказу звычайнай мовы. Людзі, якія вывучылі гэтую сакрэтную мову, лічылі сябе наступнай ступенню эвалюцыі чалавека — homo novus. Яны імкнуліся захапіць уладу над Зямлёй і ставіліся да сучасных людзей віда homo sapiens як да свойскіх жывёл. Каб хутчэй думаць, новая мова павінна дазваляць змясціць у некалькі кароткіх сказах думку, для адлюстравання якой у звычайнай мове патрабавалася б некалькі доўгіх сказаў.

Спасылкі Артыкул "Мовы і лінгвістыка" у энцыклапедыі "Кольцы дракона" Інтэрв’ю са стваральнікам мовы Ыфкуіль Ithkuil і яго філасофскі дызайн — "Компьютерра" "Бездань"

Катэгорыя:Штучныя мовы Катэгорыя:Выдуманыя мовы