Раздзя́лавічы (, ) — аграгарадок у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Хатыніцкага сельсавета. Месціцца за 27 км на паўднёвы захад ад Ганцавічаў, за 272 км ад Брэста, на рацэ Бобрык (прыток ракі Лань), каля Раздзялавіцкага вадасховішча. На аўтамабільнай дарозе Выганашчы — Люсіна.
Гісторыя Паводле пісьмовых крыніц, Раздзялавічы вядомы з XVI стагоддзя як сяло ў Новагародскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У 1589 годзе княгіня М. К. Радзівіл падаравала сяло навагародскаму езуітам. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, у Хатыніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні. Уласнасць Радзівілаў, потым Патоцкіх.
У канцы XIX стагоддзя ў сяле дзейнічала праваслаўная царква, працавалі хлебазапасны магазін і піцейны дом. У сакавіку 1921 года вёска апынулася ў складзе Польшчы, у Хатыніцкай гміне Лунінецкага павета Палескага ваяводства. У 1939 годзе ўвайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Ганцавіцкім раёне Пінскай вобласці. У 1940 годзе ў вёсцы быў створаны калгас «17 верасня».
У Вялікую Айчынную вайну з 30 чэрвеня 1941 года да 7 ліпеня 1944 года вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінулі ў баях з ворагам ці прапалі без вестак 23 воіны-землякі. З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці. У 1962—1966 гадах у Ляхавіцкім раёне.
Паводле стану на 2005 год, у вёсцы дзейнічалі сярэдняя школа, дзіцячыя яслі-сад, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, гандлёвы цэнтр, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, фельчарска-акушэрскі пункт, млын, ветэрынарны пункт і школа верхавой язды. Асноўная забудова складаецца з прамалінейных вуліц.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1886 год — 29 двароў, 314 жыхароў; канец XIX ст. — 34 двары, 574 жыхары. XX стагоддзе: верасень 1921 года — 109 дамоў, 488 жыхароў; 1940 год — 188 двароў, 873 жыхары; 1959 год — 688 жыхароў; 1970 год — 1420 жыхароў; 2001 год — 1825 жыхароў, 540 двароў. XXI стагоддзе: 2005 год — 537 двароў, 1636 жыхароў; 2009 год — 1385 жыхароў; 2019 год — 1016 жыхароў.
Славутасці Свята-Успенская царква (другая палова XIX стагоддзя) — помнік народнага дойлідства з элементамі неарускага стылю. Традыцыя памінання продкаў у Раздзялавічах як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключана ў 2016 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Памятныя мясціны У цэнтры вёскі знаходзіцца брацкая магіла 18 савецкіх воінаў і 3 партызан, якія загінулі ў пачатку ліпеня 1944 года пры вызваленні Хатынічаў і Раздзялавічаў. У 1957 годзе на магіле ўстаноўлены помнік — скульптура воіна.
Вядомыя асобы Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч (1934—2001) — беларускі рэжысёр.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Хатыніцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Ганцавіцкага раёна Катэгорыя:Аграгарадкі Брэсцкай вобласці