Парэ́чкі чырвоныя (Ribes rubrum) — маленькі лістападны хмызняк, від раслін роду сямейства .

Арэал Натуральная вобласць распаўсюду знаходзіцца ў лясной зоне па ўсёй Еўразіі, дзе расце ў дзікім выглядзе. У Беларусі расце па ўсёй тэрыторыіДикорастущие плоды и ягоды / Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп. — Мн.: Ураджай, 1981. — 159 с., 16 л. ил..

Сустракаецца на лясных ўзлесках, аддае перавагу берагам рэк або ручаёў, утварае зараснікі.

Апісанне

Лістападныя зімаўстойлівыя кусты вышынёю 0,7—1,5 метра з парасткамі шэрага або жаўтлявага колеру. Драўніна зеленаватая са светлым асяродкам. Лісце 3—5-лопасцевае з вышчарбленымі бакамі і гладкім бліскучым верхам. Ніжні бок ліста больш светлага адцення, часам з апушанымі жылкамі.

Кветкі непрыкметныя дробныя жоўта-зялёныя або чырванавата-бурыя, сабраныя ў пэндзлі. Цвіце ў маі. Плады — сакавітыя ягады, чырвоныя розных адценняў, белыя, жаўтаватыя, кіслыя на смак, дыяметрам 8—12 мм, утвараюць гронкі.

Спрыяльнае спалучэнне кіслот і цукроў надае ягадам своеасаблівы прыемны і асвяжальны смак.

Агратэхніка

Кусты чырвоных парэчак добра паддаюцца плоскай фарміроўцы ў выглядзе веера (разрэджаная пасадка ў радах праз 100—150 см) або вертыкальнай сценкі (загушчаная пасадка ў радах праз 30—50 см). Аснову фарміравання складае выразка або пакарачэнне галін, моцных парасткаў і разгалінаванняў, што растуць у бок міжрадкоўяў, шырыню якіх пры закладцы насаджэнняў скарачаюць з 2,5—3 м да 1,5—2 м. Аднагадовыя прыкаранёвыя парасткі, якія загушчаюць насаджэнні, прарэджваюць. Галіны, што адпладаносілі, калі ім па 5—6 гадоў, выразаюць, замяняючы іх моцнымі прыкаранёвымі парасткамі. У залежнасці ад сорту галіны падвязваюць да 1—2-драцянай аднараднай шпалеры (абходзяцца і без яе). Пасадкі ў плоскай планіроўцы ўраджайныя і вельмі дэкаратыўныя, асабліва ў перыяд цвіцення і выспявання ягад. Гэта дае магчымасць выкарыстоўваць чырвоныя парэчкі на жывыя агароджы.

Таксанамія Від Парэчкі чырвоныя ўваходзіць у род сямейства парадку .

Гаспадарчае значэнне і ўжыванне

Плады чырвонай парэчкі адносна больш кіслыя, чым плады чорных парэчак. Таму яны культывуюцца большай часткай для атрымання джэмаў і іншых кансервавых вырабаў.

Ягады чырвоных парэчак выкарыстоўваюць на перапрацоўку, карысныя яны і ў свежым выглядзе, асабліва людзям, у якіх паніжаная кіслотнасць страўнікавага соку. 3 ягад атрымліваюць сок, з якога гатуюць жэле, мармелад, асвяжальнае марожанае, напоі. Добрыя кампоты з ягад, а варэнне з іх вараць рэдка з-за наяўнасці буйнога і цвёрдага насення.

У скандынаўскіх краінах часта выкарыстоўваецца як кампанент фруктовых супоў і пудынгаў. У Германіі яе выкарыстоўваюць у камбінацыі з заварным крэмам або безэ, як напаўняльнік для тартоў.

Меданос.

У народнай медыцыне

Свежыя ягады і прадукты іх перапрацоўкі паляпшаюць апетыт, павышаюць засваяльнасць бялкоў жывёльнага паходжання, садзейнічаюць узмацненню перыстальтыкі кішэчніка. Сок валодае асвяжальнай і агульнаўмацавальнай уласцівасцю, у гарачае надвор’е наталяе смагу, рэкамендуецца хворым, якія знаходзяцца ў ліхаманкавым стане. У народнай медыцыне яго ўжываюць як патагонны сродак і лічаць карысным пры мочакаменнай хваробе — садзейнічае вывядзенню солей мачавой кіслаты.

Літаратура Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.

Спасылкі

Смородина красная AgroAtlas: Ribes rubrum — Смородина красная Ribes rubrum L. (Смородина красная) // ИАС «ООПТ России»

Катэгорыя:Парэчкі Катэгорыя:Кусты Катэгорыя:Ягады Катэгорыя:Дэкаратыўныя расліны Катэгорыя:Меданосныя расліны Катэгорыя:Расліны, апісаныя ў 1753 годзе Катэгорыя:Лекавыя расліны Катэгорыя:Расліны на марках