Мікіта Іванавіч Гарбачэ́ўскі (, Магілёўская губерня — ) — беларускі гісторык і археограф, вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Першы архіварыус Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Віленскай археаграфічнай камісіі.
Біяграфія
Нарадзіўся ў 1804 годзе ў Магілёўскай губерні ў сям’і праваслаўнага святара. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, пасля паступіў у Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1831 годзе са званнем старшага кандыдата філасофска-тэалагічных навук, што давала яму права на атрыманне магістарскай ступені праз год.
Выкладаў славеснасць, гісторыю і старажытныя мовы ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі, з 1840 года выкладаў у Драгічынскім дваранскім вучылішчы.
Пасля перабраўся ў Вільню, дзе выкладаў у дваранскім інстытуце, губернскай гімназіі і рабінскім вучылішчыЩавинская Л. Л. Археограф Никита Иванович Горбачевский: К 200‑летию со дня рождения // Материалы первого совместного белорусско-российского интернет-коммуникационного круглого стола по истории книги, проведенного 20 апреля 2004 г..
У 1852 годзе ў Вільні быў адкрыты Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў, які стаў асноўным сховішчам дакументаў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Па думку некаторых сучаснікаў, адным з ініцыятараў стварэння архіва быў сам Гарбачэўскі, які ў 1858 годзе стаў яго першы архіварыусам, то-бок дырэктарам.
17 красавіка 1864 года заснавана Віленская археаграфічная камісія, якая павінна была заняцца публікацыяй дакументаў па гісторыі краю. Даследчыкі адзначаюць, што Гарбачэўскі быў па сутнасці адзіным яе рэальным супрацоўнікам, на ім трымалася ўся праца камісіі.
Навуковая дзейнасць
Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы, склаў паказальнік. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве.
У 1867 годзе ў Вільні Гарбачэўскі выдаў сваю першую буйную працу — «Кароткія табліцы, неабходныя для гісторыі, храналогіі, наогул для ўсялякіх археалагічных даследаванняў і ў прыватнасці для разбору старажытных актаў і грамат заходняга краю Расіі і Царства Польскага». Праз два гады выйшаў яго «Археалагічны каляндар на дзве тысячы гадоў (325—2324) па Юліянскім злічэнні і на семсот сорак два гады (1583—2324) па Грыгарыянскім злічэнні». У тым жа годзе Гарбачэўскі выдаў брашуру «Аб Цэнтральным архіве старажытных актавых кніг губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай».
Вынікам дваццацігадовай працы Гарбачэўскага ў архіве стаў выдадзены ў 1872 годзе «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай, таксама кнігам некаторых судоў губерняў Магілёўскай і Смаленскай, якія захоўваюцца цяпер у Цэнтральным архіве ў Вільні». Адзначаецца, што з сярэдзіны 1860‑х гадоў многія значныя працы Мікіты Іванавіча публікуюцца без указання аўтарства, да іх ставяцца, напрыклад, асобныя тамы «Актаў, выдадзеных Віленскай археаграфічнай камісіяй для разбору і выдання старажытных актаў» і «Рэвізія пушчаў і пераходаў звярыных у былым княстве Літоўскім».
Таксама выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 беларускіх і больш за 5 тысяч лацінска-польскіх юрыдычных тэрмінаў XIV—XVII стагоддзяў). Па прапанове Акадэміі навук рэцэнзію на гэта сачыненне напісаў .
Значэнне навуковай дзейнасці
Даследчыкі адзначаюць, што працы Мікіты Іванавіча Гарбачэўскага, у прыватнасці «Кароткія табліцы…» і «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага», унікальныя і да нашых дзён не маюць нават частковай замены.
Літаратура
Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — М., 1973. — С. 86. Толкачева (Щавинская) Л. Л. Никита Иванович Горбачевский. — Минск., 1991. Турцевич А. О. Краткий исторический очерк Виленской комиссии для разбора и издания древних актов. 1864—1906. — Вильна, 1906. — С. 28.
Катэгорыя:Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Катэгорыя:Члены Віленскай археаграфічнай камісіі Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі