Фіялка багнавая (Viola uliginosa) — кветкавая расліна сямейства фіялкавых.

Апісанне Шматгадовая травяністая расліна з доўгім тонкім карэнішчам і прамастойным кветаносам вышынёй 10-20 см. Лісце яйкападобна-трохвугольнае, з крылатым чаранком, па даўжыні амаль роўным ліставой пласцінцы, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Прыліснікі да паловы зрасліся з чаранком, залозістаапушаныя. Кветаносы з 2 прыкветнікамі, якія рана ападаюць. Кветкі буйныя (даўжынёй да 3 см), ліловыя, без паху. Шпорац тупы, кароткі, злёгку загнуты ўверх. Плод — тупая прадаўгавата-яйкападобная каробачка.

Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае. Насенне з мясістым прыдаткам, разносіцца мурашкамі.

Пашырэнне Пашырэнне: Скандынавія, Сярэдняя і Усходняя Еўропа. У Беларусі пашырана пераважна ва ўсходняй частцы Палесся — Буда-Кашалёўскі, Гомельскі, Добрушскі, Жыткавіцкі, Жлобінскі, Кармянскі, Лельчыцкі, Мазырскі і Петрыкаўскі раёны, крайні паўночны пункт — наваколле в. Гарэлец Пухавіцкага раёна. Раней адзначалася ў наваколлі Мазыра, Лоева, у Івацэвіцкім, Лунінецкім і Пінскім раёнах, Белавежскай пушчы.

Месцы росту: забалочаныя чорнаальховыя лясы і хмызнякі, поймавыя дубравы, парослыя хмызняком лугі і балоты, сырыя яловыя лясы з дамешкам дубу і ўскрайкі мяшаных лясоў. Расце невялікімі або даволі буйнымі групамі.

Класіфікацыя

Таксанамія

Выкарыстанне Дэкаратыўная расліна.

Літаратура

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5 ; Флора БССР, т. 3, 1950; Пачоский, 1897; Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі і БДУ; Кухарева, Пашина, 1986.

Катэгорыя:Фіялка Катэгорыя:Дэкаратыўныя расліны Катэгорыя:Травы Катэгорыя:Геаграфія Пухавіцкага раёна Катэгорыя:Гарэлец Катэгорыя:Расліны, апісаныя ў 1809 годзе