Чачэрская ратуша — помнік архітэктуры класіцызму з элементамі псеўдаготыкі ў горадзе Чачэрску (Гомельская вобласць). Пабудавана ў 2-й палове XVIII стагоддзя ў цэнтры горада.
Гісторыя У 1774 годзе Кацярына II падарыла Чачэрск генерал-губернатару графу Чарнышову. Граф стварыў сіметрычны архітэктурны ансамбль: вакол ратушы, на аднолькавай адлегласці ў некалькі кварталаў выбудаваў 4 храмы: тры царквы і касцёл (захавалася толькі Праабражэнская царква).
Архітэктура
Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане і цэнтрычны будынак, завершаны 5 драўлянымі чацверыковымі вежамі; 4 з іх размешчаны па вуглах асноўнага аб'ёму і ўвянчаны шпілямі, 5-я (больш высокая і звужаная ўверсе) — пасярэдзіне на масіўным чацверыковым барабане. Аконныя праёмы прамавугольныя, стральчатыя і з паўцыкулярнымі арачнымі завяршэннямі. Карніз з фігурнымі кранштэйнамі. Да 2 уваходаў па баках галоўнага фасада вядуць манументальныя каменныя лесвіцы.
Нягледзячы на сіметрыю і ўжыванне простых геаметрычных аб'ёмаў, у аздобе выкарыстаны характэрныя для готыкі спічастыя абрысы праёмаў і фігурных кранштэйнаў, якія нагадваюць машыкулі. Суровасць класіцызму ў гэтым будынку разбаўлена больш разнастайнымі архітэктурнымі дэталямі.
Адрэстаўравана ў 2003 годзе.
Літаратура Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 512 с.: іл.
Спасылкі
Тайны и новая жизнь чечерской ратуши XVIII века. Гомельская праўда.
Катэгорыя:Ратушы Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі Катэгорыя:Славутасці Чачэрска