Музей Беларускага Палесся — музей у Пінску, размешчаны ў будынку езуіцкага калегіума, па адрасе плошча Леніна, 22.
Гісторыя Заснаванне і міжваенны перыяд Рашэнне пра стварэнне музея было прынята ў кастрычніку 1924 года на арганізацыйным пасяджэнні Палескага краязнаўчага таварыства. Практычную работу ўзначаліў настаўнік пінскай гімназіі Раман Гарашкевіч. Ён заклаў аснову збору, перадаўшы таварыству ўласную бібліятэку і археалагічныя знаходкі з Пінскага, Лунінецкага і Столінскага паветаў.
Музей быў заснаваны 1 ліпеня 1926 года і першапачаткова займаў два пакоі ў будынку магістрата, дзе ў тым жа годзе адкрылася першая экспазіцыя. У 1928 годзе захавальнікам музея стаў Дзмітрый Георгіеўскі. Ён распрацаваў новую структуру з аддзеламі нежывой прыроды, прыроды і грамадства (палеанталогія, батаніка, заалогія, прамысловасць, археалогія, этнаграфія, мастацтва) і архіўным аддзелам.
У першай палове 1930-х гадоў вялася актыўная праца па камплектаванні калекцый у Драгічынскім, Камень-Кашырскім, Кобрынскім, Косаўскім, Лунінецкім, Пружанскім, Столінскім і Пінскім паветах. Асаблівая ўвага надавалася этнаграфіі, цэнтральнае месца ў якой займала калекцыя гараднянскай керамікі.
5 красавіка 1936 года адкрылася новая экспазіцыя ў адмысловым будынку. Акрамя музея, там дзейнічалі прыродазнаўчая лабараторыя і бібліятэка. У 1938 годзе музей наведала 5,5 тыс. чалавек. Экспанаты музея (палескія «карабаны») дэманстраваліся ў польскім павільёне на Сусветнай выставе 1939 года ў Нью-Ёрку.
Савецкі час У верасні 1939 года музей перайшоў у падпарадкаванне гарадскога аддзела народнай адукацыі і быў перайменаваны ў Пінскі гісторыка-рэвалюцыйны музей. Быў створаны аддзел «Край пад ігам буржуазнай Польшчы», а фонды папоўніліся канфіскаванымі прадметамі мастацтва і гісторыі, дасягнуўшы да 1941 года 11 тыс. адзінак.
З 1954 года ўстанова называлася Пінскі краязнаўчы музей. Паводле рашэння ЦК КПБ ад 1978 года і Міністэрства культуры БССР ад 4 студзеня 1979 года на яго базе быў створаны Беларускі дзяржаўны музей сацыялістычнага пераўтварэння Палесся, які размяшчаўся ў доме па вуліцы Леніна, 27.
У 1980 годзе было прынята рашэнне аб поўнай перадачы музею будынка калегіума.
1 лістапада 1990 года музей атрымаў сучасную назву — Музей Беларускага Палесся.
Экспазіцыя Сёння ў музеі працуюць часовыя экспазіцыі: «Гісторыя Піншчыны», «Прырода Палесся», «Піншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны» «Рускае мастацтва XIX—XX стст.», «Партрэтны жывапіс XVIII—XIX стст.», «Беларускі жывапіс 1950 — 1980-х гг.», «Промыслы і рамёствы Палесся», «Гарадскі побыт пачатку XX ст.», галерэя партызанскай славы. У фондах музея на 01.07.2012 г. налічвалася 66783 адзінкі асноўнага фонду і 15696 адзінак навукова-дапаможнага фонду. Зараз галоўнымі задачамі супрацоўнікаў музея з’яўляюцца пабудова пастаяннай экспазіцыі, стварэнне электроннага каталога музейных прадметаў, навукова-адукацыйная і выставачная работа.
20 верасня 2024 года адбылося адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай 100-годдзю музея Беларускага Палесся. Выстаўка працуе і ў 2025 годзе.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Музеі Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Культура Пінска Катэгорыя:Славутасці Пінска Катэгорыя:Музеі, заснаваныя ў 1926 годзе