Венгерскае паўстанне 1956 года, таксама вядомае як Венгерская рэвалюцыя 1956 года ( альбо 1956-os forradalom) — агульнанацыянальнае паўстанне супраць таталітарнага камуністычнага кіраўніцтва Венгерскай Народнай Рэспублікі і ваеннай прысутнасці СССР на тэрыторыі краіны, якое працягвалася з 23 кастрычніка да 10 лістапада 1956 года. Нягледзячы на тое, што першапачаткова паўстанне не мела лідараў, гэта была першая сур’ёзная пагроза кантролю СССР з таго часу, як савецкія войскі выціснулі армію Нацысцкай Германіі са сваёй тэрыторыі ў канцы Другой сусветнай вайны і ўвайшлі на тэрыторыю краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Паўстанне пачалося як студэнцкая дэманстрацыя, падчас якой тысячы ўдзельнікаў прайшлі праз цэнтр Будапешта да будынка парламента, выкрыкваючы патрыятычныя лозунгі. Пры ўваходзе ў будынак радыё, каб паспрабаваць здзейсніць трансляцыю сваіх патрабаванняў, студэнцкая дэлегацыя была затрымана. Пасля таго, як дэманстранты на вуліцы сталі патрабаваць адпусціць дэлегацыю, яны былі абстраляны Упраўленнем дзяржаўнай бяспекі (АВХ) з сярэдзіны будынка. Адзін студэнт загінуў, пасля чаго яго загарнулі ў сцяг і паднялі над натоўпам, што стала пачаткам рэвалюцыі. Па меры распаўсюджвання навін беспарадкі і гвалт апанавалі ўсю сталіцу.

У хуткім часе паўстанне распаўсюдзілася па ўсёй Венгрыі, у выніку чаго ўрад быў зрынуты. Тысячы венграў арганізоўваліся ў міліцыю, змагаючыся супраць АВХ і салдат СССР. Многіх прасавецкіх камуністаў і членаў АВХ зняволілі, а былых палітычных вязняў вызвалілі і ўзброілі. Радыкальна настроеныя рабочыя саветы пазбавілі Венгерскую партыю працоўных муніцыпальнага кантролю і патрабавалі палітычных змен. Новы ўрад афіцыйна распусціў Упраўленне дзяржаўнай бяспекі, заявіў пра свой намер выйсці з Варшаўскай дамовы і паабяцаў зноў устанавіць свабодныя выбары. Пад канец кастрычніка баявыя дзеянні амаль спыніліся.

Пасля аб’явы аб сваёй гатоўнасці весці перамовы аб вывадзе савецкіх войскаў Палітбюро ЦК КПСС змяніла сваю пазіцыю і пачало задушэнне рэвалюцыі. 4 лістапада вялікая колькасць салдат СССР з ваеннай тэхнікай уварвалася ў Будапешт і іншыя рэгіёны краіны. Венгерскі супраціў працягваўся да 10 лістапада, але паасобныя спробы ўзброенага супраціўлення паўстанцаў працягваліся да 28 лістапада. Больш за 2500 венграў і 700 салдат СССР былі забіты, а 200 тысяч жыхароў Венгрыі былі вымушаны пакінуць краіну. Пасля гэтага на працягу некалькіх месяцаў адбываліся масавыя арышты і даносы. Пад студзень 1957 года новы ўрад, устаноўлены СССР, задушыў усю грамадскую апазіцыю.

Падаўленне венгерскага паўстання выявіла цвёрды намер савецкага кіраўніцтва захоўваць жорсткі палітычны кантроль над краінамі сацыялістычнага блоку, незалежна ад памкненняў іх народаў, і было адмоўна ўспрынята прыхільнікамі камуністычнай ідэалогіі на Захадзе, азначаючы, разам з XX з’ездам КПСС, пачатак разбурэння камуністычнай сістэмы. Разам з паўстаннем 1953 года ва Усходняй Германіі, венгерская рэвалюцыя азначыла паварот сусветнага ўспрыймання СССР і Савецкай арміі ад вобразу вызваліцеляў Еўропы да вобразу яе акупантаў.

Адкрытае абмеркаванне гэтай рэвалюцыі падаўлялася ў Венгрыі на працягу 30 гадоў і толькі ў перыяд адлігі 1980-х гадоў стала прадметам інтэнсіўнага вывучэння. На ўрачыстым заснаванні Трэцяй Венгерскай рэспублікі ў 1989 годзе дзень 23 кастрычніка быў абвешчаны нацыянальным святам.

Напярэдадні Падчас Другой сусветнай вайны Венгрыя стала членам краін Восі ў саюзе з Германіяй, Італіяй, Румыніяй і Балгарыяй. У 1941 годзе венгерскія войскі ўдзельнічалі ў акупацыі Югаславіі і ўварванні ў СССР. Пазней савецкая армія спыніла наступ войскаў Восі і перайшла ў наступ у 1944 годзе. Баючыся ўварвання венгерскі ўрад пачаў перамовы аб перамір’і з Саюзнікамі, аднак яны скончыліся, калі войскі Германіі акупавалі краіну і стварылі свой уласны рэжым — урад нацыянальнага адзінства. У 1945 годзе пасля ўварвання войскаў СССР у Венгрыю і венгерская і нямецкая арміі, дыслакаваныя ў краіне, былі разбіты.

Пасляваенная акупацыя Да канца Другой сусветнай вайны Савецкая армія акупавала тэрыторыю Венгрыі, якая стала адной з краін пад уплывам СССР. Адразу пасля вайны Венгрыя стала шматпартыйнай дэмакратычнай краінай, і на выбарах 1945 года быў абраны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам Золтанам Тылдзі. Тым не менш, камуністычная партыя, марксісцка-ленінісцкая група, якая падзяляла ідэалагічныя перакананні ўрада СССР, ліквідавала астатнія палітычныя сілы, выкарыстоўваючы «тактыку салямі», і паступова знішчала ўплыў абранага ўрада, нягледзячы на тое, што атрымала толькі 17 % на выбарах.

Пасля выбараў 1945 года партфель міністра ўнутраных справаў, які курыраваў працу Венгерскай дзяржаўнай паліцыі бяспекі (Államvédelmi Hatóság (ÁVH), пазней вядомай як АВХ), павінен быў дастацца Партыі незалежных землеўладальнікаў, але быў прымусова перададзены кандыдату ад Камуністычнай партыі. АВХ выкарыстоўвала метады запалохвання, фальсіфікаваных абвінавачванняў, турэмных зняволенняўі катаванняў для задушэння палітычнай апазіцыі. Кароткаму перыяду шматпартыйнай дэмакратыі ў Венгрыі прыйшоў канец, калі Камуністычная партыя аб’ядналася з Сацыял-дэмакратычнай партыяй у Венгерскую партыю працоўных. На выбарах 1949 года яна выставіла свой свой спіс кандыдатаў на безальтэрнатыўнай аснове, і была абвешчана Венгерская Народная Рэспубліка. Да 1949 года дзяржава заключыла з СССР дамову аб узаемнай дапамозе у рамках Савета эканамічнай узаемадапамогі і надала Савецкаму саюзу права на ваенную прысутнасць на сваёй тэрыторыі, што забяспечыла канчатковы палітычны кантроль СССР над Венгрыяй.

Венгерская партыя працоўных пачала рэфармаваць эканоміку на сацыялістычную мадэль шляхам правядзення радыкальнай нацыяналізацыі на аснове мадэлі СССР. Гэты прымусовы метад сацыялізацыі эканомікі ва ўмовах аднаўлення інфраструктуры пасля вайны прывёў да эканамічнай стагнацыі і зніжэнню ўзроўню жыцця. Пісьменнікі і журналісты першымі агучылі адкрытую крытыку ўрада і ягонай палітыкі, пачаўшы публікаваць крытычныя артыкулы ў 1955 годзе. Да 22 кастрычніка 1956 года студэнты тэхнічнага ўніверсітэта адрадзілі забаронены студэнцкі саюз «MEFESZ» і 23 кастрычніка зладзілі дэманстрацыю, пачаўшы ланцуг падзей, якія прывялі непасрэдна да рэвалюцыі.

Палітычныя рэпрэсіі і эканамічны заняпад Венгрыя стала камуністычнай дзяржавай са строгім аўтарытарным кіраўніцтвам Мацьяша Ракашы. Пад яго кіраўніцтвам паліцыя бяспекі (АВХ) пачала серыю чыстак, у першую чаргу ў рамках Камуністычнай партыі з мэтай прадухіліць любую альтэрнатыву дзеючаму лідару. Ахвяраў называлі «Цітаістамі», «заходнімі агентамі» і «Трацкістамі» за такія злачынствы, як, напрыклад, «марнаванне часу на захадзе для ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Іспаніі». У агульнай колькасці каля паловы ўсіх партыйных чыноўнікаў сярэдняга і ніжэйшага ўзроўню, па меншай меры 7000 чалавек, былі рэпрасаваныя.

З 1950 па 1952 годы паліцыя бяспекі гвалтоўна перасяліла тысячы людзей з мэтай ліквідацыі пагрозы інтэлектуальнага і «буржуазнага» класаў, а таксама каб члены партыі працоўных маглі атрымаць маёмасць і жыллё. Тысячы людзей былі арыштаваныя, падвергнутыя катаванням, засуджаныя і адпраўленыя ў канцэнтрацыйныя лагеры ці дэпартаваныя на ўсход, а таксама забітыя, як, напрыклад, заснавальнік АВХ Ласла Райк. На працягу аднаго года 26 тысяч чалавек былі гвалтоўна пераселены з Будапешта, у выніку чаго было вельмі цяжка атрымаць працоўныя месцы і жыллё. Дэпартаваныя перажылі жудасныя ўмовы жыцця і былі інтэрнаваныя для рабскай працы ў калгасах. Многія памерлі ў выніку дрэнных умоў жыцця і недаядання.

Урад Ракашы старанна палітызаваў сістэму адукацыі Венгрыі, выцесніўшы адукаваныя класы з «працоўнай інтэлегенцыі». Вывучэнне рускай мовы і камуністычнай палітычнай інфармацыі стала абавязковым у школах і ўніверсітэтах па ўсёй краіне. Рэлігійныя школы былі нацыяналізаваныя, а царкоўныя лідары былі заменены лаяльнымі да ўрада. У 1949 годзе лідар Венгерскай каталіцкай царквы кардынал Ёжэф Міндсенці быў арыштаваны і прыгавораны да пажыццёвага зняволення за дзяржаўную здраду. Падчас кіраўніцтва Ракашы ўрад Венгрыі быў адным з самых рэпрэсіўных у Еўропе.

Пасляваенная эканоміка Венгрыі пакутавала ад шматлікіх праблем. Дзяржава пагадзілася на выплату рэпарацый СССР, Чэхаславакіі і Югаславіі, якія складалі прыкладна $300 мільёнаў, а таксама на падтрымку войскаў СССР. У 1946 годзе Венгерскі нацыянальны банк ацаніў выплату рэпарацый як «паміж 19 і 22 адсоткамі гадавога нацыянальнага прыбытку», а венгерская валюта перанесла прыкметнае зніжэнне курсу, што прывяло да надзвычай высокіх тэмпаў гіперінфляцыі. Удзел Венгрыі ў Савеце эканамічнай узаемадапамогі перашкаджалі ёй гандляваць з заходнімі краінамі ці атрымаць дапамогу паводле Плана Маршала.

У дадатак у 1950 годзе Ракашы пачаў першы пяцігадовы план па прамысловай праграме Іосіфа Сталіна з той жа назвай, імкнучыся павялічыць вытворчасць прамысловай прадукцыі на 380 адсоткаў. Як і савецкі аналаг венгерская пяцігодка не дасягнула гэтых дзіўных мэтаў збольшага з-за пашкоджваючага эфекту ад экспарту большасці сыравінных рэсурсаў і тэхналогій у СССР і чыстак Ракашы ў вялікай частцы былога прафесійнага класа. Насамрэч пяцігодка аслабіла існуючую інфраструктуру прамысловасці Венгрыі і выклікала зніжэнне рэальных зарплат на 18 адсоткаў паміж 1949 і 1952 гадамі. Сельскагаспадарчыя праграмы Ракашы таксама сустрэліся з адсутнасцю поспехаў з-за спробы алектывізацыі сялянства, якая выклікала прыкметнае падзенне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і рост дэфіцыту прадуктаў харчавання.

Няглкедзячы на тое, што нацыянальны даход на душу насельніцтва павысіўся ў першай трэці 1950-х гадоў, узровень жыцця моцна знізіўся. Вялізныя адлічэнні даходаў для фінансавання прамысловасці скараціла наяўныя асабістыя прыбыткі, а безгаспадарчасць стварыла хранічны дэфіцыт у асноўных прадуктах харчавання, што прывяло да нарміравання хлеба, цукру, мукі і мяса. Прымусовыя падпіскі на дзяржаўныя аблігацыі прывялі да далейшага скарачэння асабістых даходаў. Канчатковым вынікам стала тое, што рэальныя прыбыткі рабочых і служачых у 1952 годзе складала ўсяго дзве траціны ад узроўню 1938 года, у той час як у 1949 годзе гэтая доля складала 90 %. Такая палітыка мела сукупны негатыўны эфект, які падсілкоўваў незадаволенасць і рост знешняга доўгу, а насельніцтва адчувала дэфіцыт тавараў.

Міжнародныя падзеі 5 сакавіка 1953 года Іосіф Сталін памёр і пачаўся перыяд умеранай лібералізацыі, калі ў большасці еўрапейскіх камуністычных партый з’явіліся рэфарматарскія крылы. У Венгрыі рэфарміст Імрэ Надзь замяніў Ракашы, «лепшага венгерскага вучня Сталіна», на пасадзе прэм’ер-міністра. Тым не менш, Ракашы заставаўся генеральным сакратаром партыі і быў у стане падарваць большасць рэформ Надзя. У крысавіка 1955 года ён дыскрэдытаваў і адхіліў Надзя ад пасады. Пасля сакрэтнага дакладу Мікіты Хрушчова ў лютым 1956 года, які асудзіў Сталіна і яго стаўленікаў, Ракашы быў адпраўлены ў адстаўку з пасады генеральнага сакратара партыі, і 18 ліпеня 1956 года яго месца заняў Эрнё Герэ.

14 мая 1955 года СССР стварыў Варшаўскі дагавор, у выніку якой Венгрыя далучылася да СССР і яго дзяржаў-сатэлітаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сярод прынцыпаў гэтага саюза былі «павага незалежнасці і суверэнітэту дзяржаў» і «неўмяшанне ў іх унутраныя справы».

У 1955 годзе Аўстрыйская дзяржаўная дамова і наступная заява аб нейтралітэце зрабілі Аўстрыю дэмілітарызаванай і нейтральнай краінай. Гэта выклікала надзеі на падобнае нейтральнае становінча Венгрыі, і ў 1955 годзе Надзь лічыў «магчымым для Венгрыі прыняць нейтралітэт па аўстрыйскім узоры».

Асноўныя падзеі

23 кастрычніка Напружанасць грамадска-палітычнай сітуацыі ў Венгрыі павялічвалася з лета 1956 (гл. гісторыя Венгрыі 1953—1956).