Дом майстра, вядомы таксама як дамок або «домік» рамесніка — помнік архітэктуры барока ў Гродна, адзіны ацалелы ўзор першай на Беларусі комплекснай тыповай жыллёвай забудовы. Знаходзіцца па адрасе вуліца Элізы Ажэшкі, 37.

Пабудаваны каля 1765 года ў шэрагу 20 так званых «Басняцкіх дамоў», узведзеных па двух тыпавых праектах архітэктара Іагана Мёзера на тэрыторыі Гарадніцы сіметрычна абапал вуліцы Раскошы. Дамы прызначалася як для баснякоў, так і для запрошаных Антоніем Тызенгаўзам замежных майстроў. Дамы былі аднапавярховымі, прамавугольнымі ў плане, будаваліся з драўляных брусоў і цэглы. Гродзенскія басняцкія дамы блізкія да пастаўскіх і шаўляйскіх, але троху меншыя і прасцейшыя дэкорам і планіроўкай.

Галоўны фасад Дома рамесніка ўзведзены з цэглы і атынкаваны, завершаны складаным франтонам, невялікія вокны размешчаны сіметрычна. Астатнія сцены і перакрыцці драўляныя. Дах двухсхільны, пакрыты дахоўкай. Унутраная прастора будынка падзелена на вытворчую і жылую часткі.

У 1990 годзе адрэстаўраваны паводле праекта архітэктара У. Барсукова. Цяпер у будынку размешчана частка Музея гісторыі Гарадніцы — Дом рамёстваў.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Гродна Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Гродна Катэгорыя:Жылыя будынкі Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Гродна ў стылі барока Катэгорыя:Вуліца Ажэшка (Гродна) Катэгорыя:Гарадніца Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Іагана Мёзера Катэгорыя:1765 год у Беларусі Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Гродне