Нядобры час () — раман Габрыэля Маркеса. Выйшаў у свет па-іспанску ў 1962 годзе. На беларускую мову не перакладзены.
Кампазіцыя Раман складаецца з дзесяці раздзелаў без назваў, адзначаных рымскімі лічбамі. Такім чынам, апошні раздзел, дзе апавядаецца пра канчатковую страту спакою ў горадзе, руйнаванне надзеі на шчасце, пачатак ваеннага рэжыму і смерць незадаволеных, знаходзіцца пад крыжам рымскай лічбы Х. Таксама роўна дзесяць гадоў жыхары трывалі ваенны рэжым алькальда, які ўзяў на сябе неафіцыйную ўладу, як у ваенны час.
Сюжэт У рамане апісваецца горад, дзе ўжо шмат гадоў не было сонечнага надвор’я, а дождж ліе штодзень. У горадзе дзесяць год таму было паўстанне і амаль усе незадаволеных забілі на загад алькальда. Алькальд нажывае багацце і яму карысны спакой у горадзе, ён імкнецца наладзіць добрыя адносіны з жыхарамі, але яны ўсё адно бачаць у ім забойцу сваіх родных і суседзяў. Па начах невядомыя вешаюць на дзвярах дамоў аркушы з ганебнымі звесткамі пра жыхароў дома. Невядома ці праўда гэта. Незразумела таксама навошта пісаць усім вядомыя чуткі. Але ўсіх жыхароў вельмі клапоцяць аркушы, гэта становіцца адзінай тэмай для абмеркавання. Аднойчы Сэсар Мантэра чытае на сваіх дзвярах, што яго жонка здраджвае яму з музыкам Пасторам, ён ідзе да яго і забівае. Суддзя Аркадыё, які прыйшоў на месца забітага на загад алькальда за нязгоду з уладай, сеў за судзейскі сталец толькі праз 11 месяцаў пасля прыняцця пасады, ён цэлымі днямі выдумвае, чым бы яшчэ заняцца, каб запоўніць дзень. Падрэ Анхель, каталіцкі святар, спрабуе лекаваць душы сваёй паствы, але бачыць, што ўсе яго намаганні ні да чаго не прыводзяць, хоць і ёсць бачнасць зменаў. Дантыст, адзіны з паўстанцаў, каго не забілі, адмаўляецца вырваць зуб алькальду, які вельмі пакутуе ад болю. Алькальд не вытрымлівае і з паліцыяй і стрэльбамі прыходзіць да зубнога ўрача і пад страхам смерці вымушае яго вырваць зуб. У цырульні збіраюцца людзі і заводзяць палітычныя размовы з пасылу самога цырульніка. Алькальд зарабляе грошы на людзях, дамы́ якіх затапіла паводка, паступова прыбірае да рук землі горада. Алькальд знаёміцца з цыганкай, якая прыехала разам з цыркам; яна варожыць яму на картах, але на пытанне, хто лепіць на дамы аркушы, карты адказваюць «Увесь горад і ніхто». Атмасфера напальваецца, некаторыя сем’і з’язджаюць з горада з сораму ад плётак на аркушах. Як і дзесяць год таму, уводзіцца каменданцкая гадзіна, загад — страляць ва ўсіх, каго зловяць на вуліцы з 8 вечара да 5 раніцы, хто тры разы не адгукаецца на зварот. Нягледзячы на каменданцкую гадзіну, аркушы ўсё роўна з’яўляюцца на дзвярах дамоў, а нікога так і не злавілі. Удава Асіс просіць Падрэ Анхеля прачытаць на набажэнстве казань пра аркушы, але ён не можа звярнуць увагу ў Доме Божым на такую рэч, Асіс публічна са скандалам выходзіць з касцёла. У турму пасадзілі маладога Пэпэ Амадора за распаўсюджванне ўлётак, яго б’юць да паўсмерці, каб ён выдаў сваіх, але ён маўчыць. Урэшце адзін з паліцыянтаў яго забівае, яны зарываюць яго цела пад турмой і кажуць, што ён збег, але ніхто ў гэта не верыць. На наступную ноч паліцыя пад кіраўніцтвам алькальда зноў, як і дзесяць гадоў таму, пачала страляць, турма поўная змоўшчыкамі, у цырульніка пад падлогай знайшлі зброю. Але хоць цэлую ноч стралялі і была каменданцкая гадзіна, усё роўна з’явіліся аркушы.
Цытаты «У гісторыі чалавецтва не было ніводнага цырульніка, які быў бы змоўшчыкам, і ніводнага краўца, які бы такім не быў»
Заўвагі У рамане перыядычна згадваецца горад Маконда, пра апавядае раман Маркеса «Сто гадоў адзіноты», а таксама імёны асоб, герояў гэтага рамана. Падрэ Анкель жыў у Макондзе да яго зруйнавання. Тэлеграфіст перадае тэлеграфам тэлеграфістцы ў іншы горад раман Гюго. Надвор’е ў горадзе, апісанае у рамане «Нядобры час» пераклікаецца з дажджом, які доўжыўся пяць год у рамане «Сто гадоў адзіноты».
Экранізацыя У 2006 годзе па матывах рамана выйшаў фільм «O Veneno da Madrugada». Жанр — драма.
Крыніцы
Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта Катэгорыя:Кнігі 1962 года Катэгорыя:Раманы Габрыэля Гарсія Маркеса Катэгорыя:Раманы XX стагоддзя Катэгорыя:Раманы 1962 года