Радый () Ra — радыеактыўны хімічны элемент II групы перыядычна сістэмы, атамны нумар 88, атамная маса 226,0254, адносіцца да шчолачназямельных металаў. У прыродзе трапляюцца ізатопы радыю з масавымі лікамі 223, 224, 226, 228, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найбольш устойлівы ізатоп ​226Ra (перыяд паўраспаду 1600 гадоў, α-выпрамяняльнік); прадукт распаду радыю — радон. Рэдкі і рассеяны элемент; у зямной кары 10​−10 % па масе. Адкрыты ў 1898 годзе П'ерам Кюры і Марыяй Складоўскай-Кюры; назва ад  — прамень.

Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 969 °C, шчыльнасць 5500—6000 кг/м³. Паводле хімічных уласцівасцей падобны да барыю, але больш актыўны. Пры пакаёвай тэмпературы ўзаемадзейнічае з азотам, кіслародам (у паветры металічны радый хутка пакрываецца цёмнай плёнкай з сумесі нітрыду і аксіду), вадой [утвараецца водарастваральны гідраксід Ra(OH)2 і вылучаецца вадарод], растворамі кіслот, галагенамі. Вылучаюць радый у выглядзе хларыду RaCl, і іншых солей як пабочны прадукт перапрацоўкі уранавых руд (пасля вылучэння з іх урану; у рудзе на 1 т урану прыпадае не больш за 0,34 г радыю); металічны радый атрымліваюць электролізам раствору RaCl2 на ртутным катодзе. Выкарыстоўваюць у медыцыне як крыніцу радону для радонавых ваннаў, у сумесі з берыліем у ампульных крыніцах нейтронаў, у геалогіі ​228Ra для вызначэння ўзросту акіянічных асадкавых парод і мінералаў. Вельмі таксічны; дапушчальная канцэнтрацыя ў атмасферным паветры ​226Ra 3,1∙10​−5 Бк/л. Літаратура

Крыніцы

Катэгорыя:Хімічныя элементы Катэгорыя:Металы