Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі — адно са старэйшых структурных элементаў Акадэміі, якія бесперапынна існуюць дагэтуль. Было ўтворана 31 мая 1936 года як Аддзяленне грамадскіх навук АН БССР у ліку першых за ўсю гісторыю Акадэміі аддзяленняў (нароўні з Аддзяленнем матэматычных і прыродазнаўчых навук і Аддзяленнем тэхнічных навук). Стварэнне аддзяленняў было праведзена ў рамках ператварэння Беларускай акадэміі навук у Акадэмію навук БССР.

Гісторыя

Аддзяленне грамадскіх навук АН БССР (1936—1991) Пры стварэнні ў склад Аддзялення ўвайшлі: Інстытут нацыянальных меншасцей Інстытут гісторыі Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы Інстытут філасофіі, савецкага будаўніцтва і права Інстытут эканомікі

Сталінскія рэпрэсіі другой паловы 1930-х гг. не маглі не закрануць і Акадэмію. Датычна Аддзялення грамадскіх навук гэта вылілася ў расфарміраванне ў маі 1937 г. Інстытута нацыянальных меншасцей, а паводле рашэння Бюро ЦК КП(б)Б ад 05.01.1938 г. — Інстытута эканомікі і Інстытута філасофіі, савецкага будаўніцтва і права. Аднак ужо ў 1939 г. была ўтворана група эканомікі АН БССР, а ў 1940 на яе базе створаны Навукова-даследчы інстытут эканомікі АН БССР.

Неўзабаве пасля вызвалення Беларусі ў 1944 была адноўлена праца Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы. У 1945 зноў набыў статус паўнавартаснага інстытута Акадэміі навук Інстытут эканомікі, а 1 ліпеня 1947 быў адноўлены Інстытут філасофіі і права. У 1952 годзе са складу Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы быў вылучаны асобны Інстытута мовазнаўства АН БССР, а ў 1957 на базе аддзелаў мастатцвазнаўства Інстытута літаратуры і мастацтва і аддзелаў этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі быў створаны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (апошні пазней на некалькі год быў перададзены ў падпарадкаванне Міністэрству культуры БССР, а потым зноў вернуты ў склад Акадэміі). У 1958 сектар дзяржавы і права аддзяліўся ад Інстыута філасофіі і права, быў пераўтвораны ў Аддзел прававых навук і перададзены ў склад БДУ імя У. І. Леніна, а інстытут перайменаваны ў Інстытут філасофіі. У 1965 годзе ў выніку адваротнага ўключэння Аддзела прававых навук інстытут зноў стаў называцца Інстытутам філасофіі і права. У 1989 годзе на аснове часткі аддзелаў, якія займаліся сацыялагічнай праблематыкай, створаны Рэспубліканскі цэнтр сацыялагічных даследаванняў, а ў 1990 годзе — самастойны Інстытут сацыялогіі. У 1991 годзе ў складзе Аддзялення быў утвораны Нацыянальна навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, які ўзначаліў Адам Іосіфавіч Мальдзіс. Пазней Цэнтр набыў статус самастойнай арганізацыі і выйшаў са складу Акадэміі.

Аддзяленне гуманітарных навук АН Беларусі (1992—1994) Па стане на 1 чэрвеня 1992 г. Аддзяленне налічвала 8 акадэмікаў і 27 членаў-карэспандэнтаў. У названы перыяд у склад Аддзялення была ўключана Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.

Цяжкае фінансавае становішча вымусіла Прэзідыўм Акадэміі аддаць адзін з двух карпусоў Аддзялення (а іменна корпус па вул. Акадэмічная, дом 25, дзе раней размяшчаліся Інстытут мовазнаўства АН БССР, Інстытут філасофіі і права АН БССР і Аддзел навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках) пад факультэт міжнародных адносін БДУ. Па стане на 2013 год у азначаным корпусе размяшчаецца факультэт даўніверсітэцкай адукацыі БДУ і праводзяцца заняткі Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ.

Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў АН Беларусі (1995—1997), Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (з 1997) У 1999 быў расфарміраваны Аддзел навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках, а на базе прававых аддзелаў Інстытута філасофіі і права быў утвораны Інстытут дзяржавы і права НАН Беларусі. У 2008 г. Інстытут мовазнаўства Імя Якуба Коласа і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы былі аб’яднаны ў Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, а Інстытут дзяржавы і права быў расфарміраваны і ўвайшоў у склад Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў на правах Інстытута прававых даследаванняў. У 2012 годзе ў выніку аб’яднання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы быў створаны Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, а названыя інстытуты ўвайшлі ў яго склад на правах філіялаў.

На 1 студзеня 2009 года ў замацаваных за Аддзяленнем навуковых арганізацыях працавала каля 540 чалавек, у тым ліку 432 даследчыкі, 65 дактароў і 181 кандыдат навук. Па стане на 1 студзеня 2026 г. у склад Аддзялення ўваходзілі 5 дзяржаўных навуковых устаноў: Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Інстытут філасофіі; Інстытут эканомікі; Інстытут сацыялогіі; Інстытут гісторыі

і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.

У персанальны склад Аддзялення ўваходзяць 9 акадэмікаў і 16 членаў-карэспандэнтаў.

Напрамкі даследаванняў Асноўнымі прыярытэтнымі напрамкамі навуковых даследаваняў арганізацый, замацаваных за Аддзяленнем, з’яўляюцца: тэарэтыка-метадалагічныя асновы станаўлення ў Рэспубліцы Беларусь інавацыйнай сацыяльна-арыентаванай эканомікі, якая забяспечвае яе ўстойлівае развіццё ва ўзаемадзеянні з сусветнай эканамічнай сістэмай; філасофска-светапоглядныя перадумовы і логіка-метадалагічныя падставы грамадскага прагрэсу і сацыяльнай устойлівасці, развіцця асобы, культуры і адукацыі, фарміравання ідэалогіі беларускага грамадства.

Акадэмікі-сакратары Аддзялення Сямён Якаўлевіч Вальфсон (1936—1941) Уладзімір Мікалаевіч Перцаў (1943—1960) Цімафей Сазонавіч Гарбуноў (1960—1967) Пётр Фёдаравіч Глебка (1967—1969) Казімір Паўлавіч Буслаў (1970—1976) Мікалай Васілевіч Бірыла (1977—1992) Генадзь Міхайлавіч Лыч (1992—1997) Аляксандр Іосіфавіч Падлужны (1997—2002) Пётр Георгіевіч Нікіценка (2002—2009) Аляксандр Аляксандравіч Каваленя (2009—2026) Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч (з 2026)

Крыніцы Академия наук Белорусской ССР: Справочник. — Мн.: Наука и техника, 1979. Академия наук Белорусской ССР: Справочник. — Мн.: Наука и техника, 1985. Академия наук Белорусской ССР: Телефонный справочник. — Мн.: Наука и техника, 1988. Акадэмія навук Беларусі: Даведнік. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. Справаздача аб навуковай дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1992 годзе. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. Справаздача аб навуковай дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1995 годзе. — Мн.: Навука і тэхніка, 1996. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі: Кароткі адрасна-тэлефонны даведнік. — Мн.: Кіраўніцтва справамі НАН Беларусі, 1998. The Department of Humanitarian Sciences and Arts (1998) Захаркевіч С. А. Этнічныя меншасці Беларусі: вопыт сацыяльнай трансфармацыі ў ХІХ — пачатку ХХ ст. // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 4. — Мн.: БДУ, 2009. — С.242-249 Гісторыя інстытута | Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы (2011) Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (2013) Институт экономики НАН Беларуси. Историческая справка Институт философии НАН Беларуси. Краткая история и основные направления деятельности Национальный центр законодательства и правовых исследований Республики Беларусь. Руководство и структурные подразделения Автоматизированная система информационного обеспечения управленческой деятельности НАН Беларуси (2013) Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў Нацыялальнай акадэміі навук Беларусі: (да 75-годдзя з дня заснавання) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; рэдсавет: А. А. Каваленя (старш.) і інш. — Мн.: Беларуская навука, 2011. — 321 с.

Катэгорыя:Нацыянальная акадэмія навук Беларусі Катэгорыя:Навука ў Беларусі Катэгорыя:Навуковыя арганізацыі Беларусі