Ільінская капліца — нядзеючая рыма-каталіцкая капліца на могілках "Копцеўка" ў горадзе Глыбокае.

Гісторыя

Капліцу на рыма-каталіцкіх могілках "Копцеўка" пабудаваў у 1804 годзе прыёр кляштара кармелітаў босых у Глыбокім а. Мікалай Будны. Асвяціў 11 мая 1805 года біскуп мінскі Якуб Дадэрка. Капліца атрымала тытул святога Іллі.

Пасля паразы паўстання 1863-64 гадоў расійскія ўлады забралі капліцу ў каталікоў і перадалі праваслаўным. У 1865 годзе капліца была асвечаная як царква. У капліцы быў збудаваны драўляны іканастас.

У 1921 годзе, калі Глыбокае ўвайшло ў склад Польскай Рэспублікі, капліца была вернутая каталікам. Пасля рамонту, 23 кастрычніка 1932 года яе асвяціў кс. Караль Любянец.

Пасля Другой Сусветнай вайны капліца была зачыненая, да сённяшняга дня набажэнствы ў ёй не адбываюцца.

Архітэктура

Помнік архітэктуры класіцызму. Прамавугольны ў плане аб'ём пад 2-схільным дахам, які на галоўным і тыльным фасадах вылучаны трохвугольнымі франтонамі. Франтон галоўнага фасада завершаны 4-граннай званічкай. Атынкаваныя фасады расшыты пад квадравую муроўку і крапаваны пілястрамі, апяразаны карнізным поясам. Унутры малітоўная зала перакрыта плоскай столлю, над уваходм размешчаны хоры. Сцены мелі фрэскавы роспіс (затынкаваны ў 1930-х гг.).

Літаратура Капліца святога Антонія // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін ; фатограф А.Л. Дыбоўскі. – Мн., 2008. – С. 94-95.

Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

Катэгорыя:Капліцы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Храмы Глыбокага Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:З’явіліся ў XVIII стагоддзі