Брачыслаў Васількавіч (да 1144 — пасля 1181) — князь віцебскі (зг. 1181).

Біяграфія З роду Ізяславічаў Полацкіх, галіны Рурыкавічаў. Сын Васількі Святаславіча, полацкага князя ў 1132—1143/44 гадах.

Пра Брачыслава вядома вельмі мала. Упершыню ён пэўна згаданы пад 1181 годам як віцебскі князь, калі сярод саюзнікаў вялікага князя кіеўскага Святаслава Усеваладавіча хадзіў да Друцка.

Імаверна, яшчэ адна, але не датаваная, згадка Брачыслава ёсць у «Слове пра паход Ігараў». Прынамсі, цяпер, большасць даследчыкаў трымаецца думкі, што названыя «Словам» браты Ізяслаў, Брачыслаў і Усевалад Васількавічы — сыны Васількі Святаславіча, а не іншага Васількі, як лічаць асобныя даследчыкі. Аўтар «Слова» папракае Брачыслава і Усевалада, што не дапамаглі Ізяславу і ён загінуў у баі з літоўцамі. Застаецца не яснай справядлівасць папроку, адносіны братоў і іх біяграфіі.

Праблематыка Значаная частка даследчыкаў атаясняе Брачыслава Васількавіча з Брачыславам, які згаданы пад 1158 годам, калі полацкі князь Рагвалод Барысавіч забраў у менскіх князёў Глебавічаў горад Ізяслаўль і аддаў Брачыславу, бо гэта яго «отчына» (того бо бяше отцина). Неўзабаве Глебавічы захапілі Ізяслаўль, схапілі і закавалі Брачыслава, а Валодшу пасадзілі ў цямніцу. Кім даводзіўся Брачыславу Валодша летапіс не называе, але звычайна іх лічаць братамі. У 1160 годзе Рагвалод Барысавіч зноў ваяваў з Глебавічамі і вызваліў Брачыслава і Валодшу.

Аднак, атаясненне Брачыслава Васількавіча з Брачыславам, удзельнікам падзей 1158—1160 гадоў, няпэўнае. Калі б пад 1158 годам летапіс называў Ізяслаўль «отчынай» Брачыслава Васількавіча, гэта мусіла б сведчыць, што некалі ізяслаўскім князем быў Васілька Святаславіч. Такую акалічнасць адзначае, напрыклад, Эдуард Загарульскі, але не робіць адпаведных высноў. Пра княжанне ж Васількі Святаславіча ў Ізяслаўлі нічога ні проста, ні ўскосна не вядома з крыніц, пагатоў, гэтаму няма храналагічнага месца. У 1128 годзе ў Ізяслаўлі жыў Брачыслаў, якога лічаць сынам Давыда Усяславіча, то бок горад тады мусіў належаць Давыду, а не Васільку Святаславічу. Пасля 1128 года Ізяслаўль як і Полацк трымалі кіеўскія намеснікі, бо вялікі князь Мсціслаў «паслаў мужоў па гарадах іх». Толькі ў 1132 годзе палачане прагналі кіеўскага намесніка і далі Васільку сталец у Полацку, менавіта тады Васілька згаданы ўпершыню, а Ізяслаўль тым часам, напэўна, заставаўся ў кіеўскіх руках. Пагатоў неймаверна, каб пры жыцці бацькі — Святаслава Усяславіча, Васілька Святаславіч мог мець асобны ўдзел, прынамсі да смерці большасці дзядзькаў і старэйшых стрыечных братоў, чаго пэўна не было.

Брачыслаў, згаданы ў Ізяслаўлі пад 1128 годам, быў высланы ў Візантыю разам з бацькам у 1129 годзе, у ссылцы памерла яго жонка Ксенія. Гэтаму Брачыславу Ізяслаўль пэўна быў «отчынай» і ён мог вярнуцца з Візантыі да 1158 года, як перад тым і полацкі князь Рагвалод-Васіль, які дапамог яму вярнуць ад Глебавічаў бацькоўскае княжанне.

Шлюб і дзеці Дзецьмі Брачыслава Васількавіча розныя даследчыкі выключна гіпатэтычна называюць:

Васільку Брачыславіча Усяслава Брачыславіча

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Рурыкавічы Катэгорыя:Ізяславічы Полацкія Катэгорыя:Князі віцебскія