Трытон звычайны (Triturus vulgaris) — земнаводнае сямейства саламандравых.
Апісанне Адзін з самых дробных трытонаў, даўжыня цела 3-5 см, разам з хвастом — 11 см, маса да 1,4 г. Характэрны палавы дымарфізм. Скура гладкая ў самцоў або дробназярністая ў самак. Цела злёгку сціснутае з бакоў. Верхняя частка тулава аліўкава-бурая, ніжняя — жаўтаватая, у шлюбны перыяд сярэдзіна брушка аранжавая. Па целе раскіданы дробныя цёмныя плямы, на галаве цёмныя палосы праходзяць праз вочы. Пальцы без плавальных перапонак і без мазалёў.
Пашырэнне Арэал віду займае большую частку Еўропы, дасягае Заходняй Сібіры, паўночная мяжа праходзіць па Карэліі і Рэспубліцы Комі. Земнаводнае трапляецца месцамі на Каўказе і ў Казахстане. На Беларусі трытон звычайны пашыраны на ўсёй тэрыторыі краіны.
Асаблівасці біялогіі Звычайны трытон жыве ў вадаёмах і корміцца ў асноўным лічынкамі камароў, дробнымі насякомымі і іх лічынкамі, ракападобнымі і малюскамі. Імкнецца да лісцевых і мяшаных лясоў, хмызнякоў у поймах рэк і азёр, не пужае яго суседства з чалавекам. Трытоны кормяцца на змярканні і ноччу, але зрэдку іх можна сустрэць і днём пасля дажджу, калі яны паядаюць дажджавых чарвей. Вадаёмы для размнажэння трытон выбірае на адкрытых участках, якія добра праграюцца, сярод лесу і кустоў. Зімуюць трытоны, як правіла, на сушы: у норах, пад кучамі галля, лісця, часта цэлымі групамі, залазяць у скляпы, ямы для захавання бульбы.
Літаратура Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. Мн., БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6 Пікулік М. М. Навошта нам амфібіі? — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00383-4
Спасылкі Артыкул на Slounik.org
Катэгорыя:Саламандравыя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе