Бона Сфорца д’Арагона (;  — ) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста.

Біяграфія Дачка міланскага герцага Джана Галеаца Сфорца і Ізабэлы Арагонскай з неапалітанскага каралеўскага дома Трастамара. Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі. Закладзеныя ў яе шматлікіх маёнтках прынцыпы інтэнсіўнага, у інтарэсах феадалаў, вядзення гаспадаркі (меліярацыя, палепшаны севазварот), узмоцненага, але ўнармаванага падаткаабкладання, пазней былі распаўсюджаны на ўсе дзяржаўныя маёнткі Вялікага Княства Літоўскага (г. зв. Валочная памера, 1557) і да канца XVI стагоддзя прынятыя большасцю землеўладальнікаў.

Ад самага прыезду ў Польшчу ў 1518 годзе, Бона мела шматлікае атачэнне з італьянцаў, адмыслоўцаў розных галін, у тым ліку кухараў, якія аказалі значны ўплыў на пашырэнне найноўшых заходнееўрапейскіх культурных і тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу, у тым ліку на ўдасканаленне меню, спачатку толькі найвышэйшых арыстакратычных колаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. З дзейнасцю Боны Сфорца звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны — апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыпраў — шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама алівак, каштанаў, разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і г.д. Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцу і г.д. Боне Сфорца таксама прыпісваецца дасканалае валоданне атрутамі, яе падазраюць у арганізацыі атручвання апошніх з незалежных мазавецкіх княжатаў у 1522 годзе і непажаданай нявесткі Барбары Радзівіл у 1551 годзе.

Пасля працяглага канфлікту з дзецьмі ў 1556 года, узяла з сабой назапашаныя з прыбыткаў уласных маёнткаў у ВКЛ і Польшчы і атрыманыя ад сына грошы і з’ехала ў Італію ў спадчынны ад маці Бары, дзе пазычыла іх як т. зв. Неапалітанскіх сумаў Філіпу ІІ Габсбургу і раптоўна памерла. Імаверна, была атручана.

Галерэя

Ушанаванне памяці Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз — плошча Леніна).

У літаратуры Галіна Аўдзерская. «Каралева Бона. Цмок у гербе» (гістарычны раман-хроніка). Януш Маеўскі. «Каралева Бона» (тэлесеряал). Уладзімір Караткевіч. «Ладдзя Роспачы» — аповесць. Аляксей Дудараў. «Чорная панна Нясвіжа» (п’еса). Валянцін Пікуль. «Апошнія з Ягелонаў». Мініяцюры.

Крыніцы

Літаратура

Рудзкі Э. Бона Сфорца д’Арагона — другая жонка Жыгімонта Старога

Спасылкі

Катэгорыя:Вялікія княгіні літоўскія Катэгорыя:Сфорца Катэгорыя:Памерлі ад атручвання Катэгорыя:Княгіні і каралевы польскія