Церабу́нь (, ) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Клейнікаўскага сельсавета. Размешчана за 16 км на паўночны захад ад Брэста, 8 км ад чыгуначнай станцыі Матыкалы. За 0,5 км на захад ад вёскі ўпадае ў Буг рака Лясная.

У складзе камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Пагранічнік» (цэнтр — а.г. Клейнікі).

Гісторыя Паводле пісьмовых крыніц вёска вядома з 16 ст. як велікакняжацкае сяло ў Берасцейскім старостве і ваяводстве ВКЛ. Пад 1566 г. пазначана ў інвентары як маёнтак Гноенскага. У 1583 годзе (па іншых звестках у 1585) пабудаваны з каменю Троіцкі касцёл. У 17 ст. радавы маёнтак князёў Шуйскіх. У 1609 годзе князем Іванам Шуйскім пабудавана праваслаўная мураваная царква са званіцай. Войцех Шуйскі (1730—1792), староста нежынскі, які быў у шлюбе з Анеляй Шуйскай (дачкой берасцейскага харунжага Ігнацыя Шуйскага — далёкага сваяка Войцеха) меў у вёсцы «прыгожы каменны палац» і садГладышчук, А. А. Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі : гісторыка-дакументальны нарыс / А. А. Гладышчук. — Мінск : Литература и Искусство, 2009. с. 25. : іл..

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. У Айчынную вайну 1812 года пры пераправе цераз р. Лясная каля вёсак Клейнікі, Вістычы і Церабунь адбылася бітва, у выніку якой загінулі 2 тыс. французскіх і 1 тыс. рускіх салдат. З 1876 года вёска ў Матыкальскай воласці Брэсцкага павета; маёнткам валодаў граф К. Грабаў, тут меліся вінакурны завод, 2 карчмы, штогод адбывалася ярмарка. Дзейнічала царкоўна-прыходская школа.

У 1905 годзе сяло (47 жыхароў) і маёнтак (5 жыхароў) у Матыкальскай воласці Брэсцкага павета. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, у Матыкальскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.

З 1939 года ў складзе БССР. У 1940 годзе адкрыта 7-гадовая школа. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 6 вяскоўцаў.

У сакавіку 1950 года арганізаваны калгас «Новы шлях», у які ўступілі ўсе жыхары вёскі (34 гаспадаркі). Да 8 верасня 1959 года вёска ўваходзіла ў склад Матыкальскага сельсаветаРашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 верасня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 11.. У 1960-я гады калгас аб’яднаўся з калгасам «Краіна Саветаў» (в. Коладна), а затым у час узбуйнення ўвайшоў у склад калгаса «Пагранічнік» (в. Клейнікі). 4 верасня 1972 года да вёскі далучана вёска КоладнаРашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 4 верасня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 27 (1365)..

Насельніцтва 27 двароў, 163 жыхары (1876) 16 двароў, 79 жыхароў (30.9.1921) 32 двары, 117 жыхароў (1940) 130 жыхароў (1959) 93 жыхары (1970) 99 гаспадарак, 180 жыхароў (1997) 88 гаспадарак, 171 жыхар (2005)

Інфраструктура Базавая школа Аддзяленне сувязі

Славутасці Троіцкі касцёл Царква Параскевы Пятніцы Сядзіба Грабоўскіх Стаянка-1 перыяду мезаліту (9-5-е тысячагоддзі да н.э.; в. Коладна), на марэннай узвышанасці — Стаянка-2 перыяду мезаліту (9-5-е тысячагоддзі да н.э.; в. Коладна), за 0,2 км ад в. Шумакі, на схіле марэннай узвышанасці —

Страчаная спадчына Замак Шуйскіх (другая палова XVII ст.). Разабраны ў 1862 годзе.

Крыніцы

Літаратура

Гладышчук, А. А. Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі : гісторыка-дакументальны нарыс / А. А. Гладышчук. — Мінск : Литература и Искусство, 2009. — 288 с. : іл.

Спасылкі

Церабунь на Radzima.org Церабунь на «Глобусе Беларусі»

Катэгорыя:Клейнікаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Брэсцкага раёна