Канашы́ — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Тураўлянка, каля вёскі Канашы. Належыць да Ушацкай групы азёр.

Плошча паверхні возера 0,6 км². Даўжыня 1,12 км, найбольшая шырыня 0,88 км, даўжыня берагавой лініі 4,16 км. Найбольшая глыбіня дасягае 5 м, сярэдняя 2,8 м. Аб’ём вады ў возеры 1,65 млн м³. Плошча вадазбору 18,5 км². Катлавіна возера тэрмакарставага тыпу. Вышыня схілаў катлавіны ад 3—5 (на паўднёвым усходзе) да 6—14 м. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія, пясчаныя. У залівах берагі сплавінныя. Вакол возера ўчасткамі забалочаная пойма шырынёй 50—100 м. Дно плоскае, да глыбіні 2 м пясчанае. На большых глыбінях дно выслана крэменязёмістым сапрапелем. Возера эўтрофнае. Падводная расліннасць пашыраецца да глыбіні 2—2,5 м. У Канашы ўпадае ручай з возера Усомля і выцякае ручай у возера Гомель.

У возеры водзяцца шчупак, лешч, плотка, акунь, краснапёрка і іншыя рыбы.

Літаратура

Катэгорыя:Ушацкая група азёр Катэгорыя:Азёры Полацкага раёна Катэгорыя:Басейн Тураўлянкі