А́ндхра-Пра́дэш () — штат на паўднёвым усходзе Індыі. Гранічыць са штатамі Махараштра, Чхатысгарх і Арыса на поўначы, Таміл-Наду на поўдні, Карнатака на захадзе і з Бенгальскім залівам на ўсходзе. Займае чацвёртае месца сярод штатаў па плошчы (275 068 км²) і насельніцтву (75,73 млн чалавек, 2001), буйнейшы і найбольш населены штат паўднёвай Індыі. Адміністрацыйны цэнтр — Хайдарабад.

Геаграфія Андхра-Прадэш умоўна падзяляецца на тры геаграфічныя рэгіёны: Коста (Kosta, Coastal Andhra), Тэлангана (Telangana) і Раяласіма (Rayalaseema). Коста займае прыбярэжныя раўніны паміж Усходнімі Гатамі і Бенгальскім залівам. Тэлангана разлягаецца на захад ад Гатаў на Дэканскім плато. Раяласіма займае паўднёва-ўсходнюю частку штата і размяшчаецца на Дэканскім плато; яна аддзяляецца ад Тэлаганы Наламаскім узвышшам, а ад Косты Усходнімі Гатамі.

У Андхра-Прадэш другая па даўжыні берагавая лінія сярод індыйскіх штатаў — 970 км. Штат перасякаюць дзве вялікія ракі: Гадавары і Крышна.

Насельніцтва Большасць насельніцтва належыць да тэлугу (85 %), мова тэлугу — другая па распаўсюджанасці ў Індыі. Этнічныя меншасці гавораць на урду (8 %), хіндзі (2,5 %) і тамільскай мове (1,5 %).

Вернікі — індуісты (86 %), мусульмане (9 %), хрысціяне (4 %).

Важнейшыя гарады: Хайдэрабад — адміністрацыйны цэнтр і буйнейшы горад штата; Гунтур — цэнтр тытунёвай і баваўнянай прамысловасці; Тырупаты — галоўны рэлігійны (індуізм) цэнтр краіны; Віджаявада — буйны гандлёвы цэнтр штата і чыгуначны вузел; Вішакхапатнам — галоўны марскі порт Андхра-Прадэш, база Усходняга камандавання індыйскіх ВМС.

Палітыка Большасць месцаў у асамблеі штата займае Індыйскі нацыянальны кангрэс. Да 2004 года штатам кіравала партыя Тэлугу Дэсам, саюзніца Бхаратыя джаната парты па Нацыянальным дэмакратычным альянсе. Саюзная ІНК партыя Тэлангана Раштра Самітхі ў свой час адкалолася ад Тэлугу Дэсам парты з сепаратысцкім праектам стварэння асобнага штата Тэлангана.

Эканоміка

Валавы ўнутраны прадукт — 62 млрд долараў (2005).

Сельская гаспадарка — асноўны сектар эканомікі Андхра-Прадэш. Воды Гадавары і Крышны выкарыстоўваюцца для арашэння рысавых, трысняговых, баваўняных, мангавых і тытунёвых палеткаў.

Штат займае другое месца ў краіне па запасах мінеральных рэсурсаў і першае месца па гідраэлектраэнергетычных магутнасцях.

У апошнія гады ў штаце актыўна развіваюцца інфармацыйныя і біялагічныя тэхналогіі. У 2006—2007 гг. штат Андхра-Прадэш займаў чацвёртае месца сярод усіх штатаў па ўзроўню экспарту IT-прадукцыі (19 млрд рупій).

На тэрыторыі штата размяшчаецца індыйскі касмадром Шрыхарыкота.

Вядомыя асобы Сацья Саі Баба

Гл. таксама Касмадром Шрыхарыкота Горад Элуру

Спасылкі Урад Андхра-Прадэш Інфармацыя пра Андхра-Прадэш на партале The Indian Analyst

Катэгорыя:Адміністрацыйны падзел Індыі