Аўсяніца (мурожніца) танкалістая (Festuca tenuifolia) — травяністая расліна сямейства метлюжковых.
Апісанне Шматгадовая травяністая расліна з голымі, пад мяцёлкамі больш-менш шурпатымі прамастойнымі сцёбламі вышынёй 30—60 см і цёмнымі валасніковістымі каранямі. Утварае шчыльныя дзярніны. Лісце вельмі тонкае, воласападобнае, вузкае, удоўж скручанае. Язычок амаль непрыкметны з акруглымі кароткараснічастымі вушкамі. Суквецце — вузкая слабараскідзістая мяцёлка даўжынёй 3—6 см. Каласкі 3—4-кветкавыя. Ніжнія кветкавыя лускавінкі ланцэтныя, безасцюковыя або з асцюкападобным канцом. Плод — зярняўка.
Пашырэнне Пашырэнне: Еўропа, Паўночная Амерыка. На Беларусі трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях. Месцы росту: разнатраўна-злакавыя поймавыя лугі на бедных пясчаных глебах, адкрытыя пясчаныя ўзгоркі і грады, поймавыя дубнякі і бары на рачных тэрасах. Расце невялікімі шчыльнымі групамі.
Асаблівасці біялогіі Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае.
Літаратура Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5
Спасылкі
Катэгорыя:Аўсяніца Катэгорыя:Травы Катэгорыя:Расліны, апісаныя ў 1794 годзе