Крыжаўзві́жанская царква́ — праваслаўная царква ў вёсцы Жыровічах Слонімскага раёна. Помнік архітэктуры ракако. Інтэр’ер храма адметны тым, што ў мінулым быў упрыгожаны ўнікальным ансамблем ілюзорнага манументальнага жывапісу (квадратуры).

Гісторыя Крыжаўзвіжанская царква была пабудавана ў 1769 годзе як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, ва ўсходняй частцы Жыровіцкага манастыра базыльян на самым высокім месцы. Храм функцыянаваў як Кальварыя і быў спецыяльна пабудаваны для правядзення працэсій і абыходу стацый Крыжовага шляху.

Архітэктура Царква адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самастойны аб’ём. Галоўны паўночна-заходні фасад вызначаецца стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. Плаўны пераход ярусаў забяспечваецца бакавымі валютамі. Трэці ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная меншага памеру вежачка размешчана над алтарнай часткай. Зала храма перакрыта цыліндрычным скляпеннем на распалубках і асветлена бакавымі лучковымі вокнамі. Над уваходам на 3-пралётнай лучковай аркадзе знаходзяцца хоры з плаўна хвалістай лініяй парапета. Шматступенчатая (28 прыступак) аднамаршавая лесвіца займае палавіну будынка.

Інтэр’ер і манументальны жывапіс Рэальная архітэктура царквы непарыўна спалучалася з манументальным насценным жывапісам другой паловы XVIII стагоддзя, які, на жаль, не дайшоў да нашых дзён, але быў зафіксаваны на фотаздымках першай паловы XX стагоддзя, у прыватнасці, фотафіксацыяй Я. Здановіча ў 1927 годзе.

Скляпенні і бакавыя сцены храма былі шчыльна распісаны сцэнамі Мукі Хрыстовай (Пакутаў Хрыста), якія ўтваралі адзіную сюжэтную лінію інтэр’ернага дэкору.

Галоўным і самым выразным акцэнтам дэкору з’яўлялася ілюзіяністычна «паглыбленая» алтарная сцяна прэсбітэрыя. На абтынкаванай сцяне быў напісаны велічны аптычны алтар, у цэнтры якога знаходзілася кампазіцыя «Укрыжаванне». Для ўзмацнення ілюзіі прасторы і перспектывы да намаляванага алтара вялі ілюзорна намаляваныя прыступкі, якія з’яўляліся візуальным працягам рэальнай 28-прыступкавай лесвіцы храма. Такім чынам, мастацкімі сродкамі стваралася ўражанне, што па намаляваных прыступках можна падняцца непасрэдна да алтара.

Сёння гэтыя мастацкія роспісы страчаны, аднак старыя фатаграфіі пацвярджаюць, што Крыжаўзвіжанская царква ў Жыровічах была адным з самых цікавых і высокамастацкіх прыкладаў выкарыстання квадратуры ў сакральнай архітэктуры рэгіёна.

Крыніцы

Літаратура Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 214—216. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. — С. 193—194.

Спасылкі

Катэгорыя:Жыровіцкі манастыр Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Слонімскага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1769 годзе Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі ракако Катэгорыя:1769 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Узвіжання Крыжа Гасподняга