Сло́ва — адзінка мовы, фанетычна і граматычна аформленая, якая мае пэўны сэнс і аднолькава разумеецца супольнасцю людзей, аб’яднаных у адзін этнас. Як адзінка мовы, слова не ствараецца ў працэсе зносін, а выкарыстоўваецца, узнаўляецца як гатовае.
Слоўнікавы склад пэўнай мовы з’яўляецца яго лексікай. Лексіку вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і іншыя лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй лексікі займаецца лексікаграфія.
Агульная характарыстыка Слова мае свае сталыя прыметы. Яно характарызуецца ўстойлівай фанетычнай аформленасцю, наяўнасцю аднаго (асноўнага) націску, гукавой непранікальнасцю (немагчымасцю ўставіць у сярэдзіну аднаго слова іншае). Устойлівасць слова выяўляецца ў пастаянстве гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Ізаляванасць слова як назвы і носьбіта цэласнага значэння выяўляецца ў магчымасці вычленіць яго з кантэксту.
У якасці структурнай адзінкі мовы слова характарызуецца як гук ці спалучэнне гукаў. Яму ўласціва семантычная ідыяматычнасць (умоўнасць сувязі гукавога комплексу з пэўным значэннем). У структурных адносінах слова складаецца з марфем, ад якіх адрозніваецца аўтаномнасцю і свабодным узнаўленнем у мове, з’яўляецца матэрыялам для канструявання сінтаксічных адзінак.
Функцыі Словы выконваюць намінатыўную (назыўную) функцыю ў мове, называючы прадметы, з’явы, дзеянні, прыметы або выражаюць розныя адносіны паміж імі, і такім чынам служаць сродкам фарміравання і выказвання думкі. Таму ў мове пераважаюць самастойныя (паўназначныя) словы (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, займеннікі, дзеясловы, прыслоўі). З іншага боку, службовыя словы (прыназоўнікі, злучнікі, часціцы) не выконваюць намінатыўнай функцыі і не маюць лексічнага значэння, а толькі звязваюць словы ў словазлучэнні і сказы, надаюць словам або сказам пэўныя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні.
Разам з назыўным, слова можа мець і экспрэсіўна-ацэначнае значэнне, даючы ацэнку прадметам, з’явам, прыметам, дзеянням, і такім чынам выражаць пачуцці, эмоцыі, адчуванні ўдзельніка моўных зносін, паказваць яго адносіны да выказанай думкі ці ўспрынятай інфармацыі.
У творах мастацкай літаратуры, асабліва ў паэзіі, мастацка-выяўленчая і экспрэсіўная выразнасць слова падкрэсліваецца і ўзмацняецца гукавой арганізацыяй мовы. На гукавой сугучнасці слова і іх частак заснаваная рыфма і асобныя віды эўфаніі (алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, эпіфара).
Значэнне слова Слова мае граматычнае і лексічнае значэнні. Граматычнае значэнне характэрна для цэлага класа слоў (напрыклад, катэгорыі роду, ліку, склону — для назоўнікаў, а трыванне, лад, час, спражэнне — для дзеясловаў), лексічнае значэнне з’яўляецца індывідуальным і ўласціва канкрэтнаму слову (імбрычак — чайнік для заваркі чаю; фурман — чалавек, які кіруе коньмі ў запрэжанай павозцы, вазак).
Аб’ядноўваючы ў сабе абодва значэнні, слова належыць да пэўнай часціны мовы і прадстаўляе сабой сукупнасць усіх граматычных формаў (шалік, шаліка, шаліку, шалікам).
Разнастайнасцю функцый слова тлумачыцца дыялектычнае спалучэнне ў ім канкрэтнага і агульнага, прамога і пераноснага значэнняў, наяўнасць іх розных эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначных і стылістычных адценняў, якія набывае слова ў працэсе функцыянавання ў літаратурнай і гутарковай мове. Спалучэнне прамога (устойлівага) і пераноснага (зменлівага) у семантыцы слова дае магчымасць дасягаць узаемаразумення паміж усімі носьбітамі пэўнай мовы, выкарыстоўваць слова як адзінку наймення новых прадметаў і з’яў, як фактар стварэння яркіх вобразна-выяўленчых сродкаў у мове мастацкай літаратуры. На ўжыванні слова ў пераносным значэнні заснаваны метафара, метанімія, перыфраза, сінекдаха, сінестэзія. Зменлівы элемент значэння ляжыць у аснове мастацкіх прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці (аксімаран, алегорыя, іронія, увасабленне).
Класіфікацыя Па семантычнай прыкмеце вылучаюць словы: адназначныя (ганчар, нагарнуць) і шматзначныя (зямля, хлеб), свабодныя (мазанка, чароўны) і фразеалагічна звязаныя (бібікі — бібікі біць, блынды — блынды правіць).
Па спосабе намінацыі вылучаюць словы: знамянальныя, службовыя, выклічнікі.
Па фанетычным крытэрыі: аднанаціскныя (ланцуг, прарок), ненаціскныя (службовыя), шматнаціскныя (збожжасховішча, двухбаковы).
У граматычных адносінах адрозніваюць словы: зменныя (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, дзеясловы) і нязменныя (прыслоўі, мадальныя словы, службовыя словы, выклічнікі), вытворныя (касцельны, веянне) і невытворныя (хваля, піць).
У слове вылучаюць два бакі: план выражэння (знешняя форма) і план зместу (значэнне). Сувязь паміж гэтымі бакамі ў пэўны перыяд існавання мовы можа быць матываванай (напрыклад, снягір, лістапад) і нематываванай (рука, маці).
Гл. таксама Корань Красворд
Крыніцы
Літаратура
.С.103,104.
Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы Катэгорыя:Пісьменнасць Катэгорыя:Мова Катэгорыя:Словы