Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК) быў створаны ў Вільні ўлетку 1862 года з мэтай падрыхтоўкі паўстання супраць царызму. Фармальна ЛПК быў падпарадкаваны Цэнтральнаму Нацыянальнаму камітэту (ЦНК). У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як «чырвоных», так і «белых». Па ініцыятыве ЛПК збіраліся сродкі на правядзенне паўстання, набывалася зброя і былі створаныя мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі: Гродзенская (Кастусь Каліноўскі), Мінская (А. Трусаў), Наваградская (У. Борзабагаты) і іншыя. Найбольш масавай і актыўнай сярод мясцовых арганізацый была Гродзенская. Кастусь Каліноўскі, яе кіраўнік, стаў адным з уплывовых кіраўнікоў ЛПК, а ў кастрычніку 1862 года ўзначаліў яго. Сярод членаў камітэту былі Зыгмунт Чаховіч і Ян Козел-Паклеўскі.
У студзені 1863 года на тэрыторыі Польшчы пачалося паўстанне, што стала нечаканасцю для беларускіх рэвалюцыянераў, але было неадкладна падтрымана імі. 1 лютага ЛПК абвясціў сябе Часовым Правінцыйным урадам Літвы і Беларусі і выдаў праграмныя дакументы, якія дублявалі праграму польскіх аднадумцаў. Насельніцтва края заклікалася да паўстання, усе жыхары незалежна ад веры, стану і паходжання аб'яўляліся свабоднымі і раўнапраўнымі. У сялянскую ўласнасць пераходзілі зямельныя надзелы, з памешчыкамі за зямлю павінна была разлічыцца дзяржава. Рэкруцкая павіннасць замянялася 3-гадовай усеагульнай ваеннай павіннасцю. Аднаўлялася ўніяцкая царква.
Сярод кіраўнікоў паўстання адсутнічала адзінства, разгарнулася барацьба за ўладу. «Белыя» ўсталявалі кантроль над кіруючымі органамі спачатку ў Варшаве, а потым і на месцах. У сакавіку 1863 года ЛПК быў распушчаны і створаны «Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы». Каліноўскі і яго паплечнікі падпарадкаваліся, каб пазбегнуць расколу.
Літаратура — С. 386. Алег Латышонак, Яўген Мірановіч. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. - 2-е выд. - Смаленск: Інбелкульт, 2013. - 368 с. ISBN 978-5-9904531-6-6.
Катэгорыя:Паўстанне 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Палітычныя партыі, заснаваныя ў 1861 годзе Катэгорыя:1862 год у Вільні