Ірвін Шоу (, сапр. Ірвін Гілберт Шамфараў; , Нью-Ёрк, ЗША — ) — амерыканскі пісьменнік, драматург, сцэнарыст.
Біяграфічныя звесткі Скончыў Бруклінскі каледж (1934). Пачаў пісаць сцэнарыі для радыё ў 21 год. Пасля займаўся напісаннем кінасцэнарыяў, і нарэшце ў 1949 г. выйшаў яго першы раман — «Маладыя львы» (The Young Lions), заснаваны на ўласным досведзе часоў Другой сусветнай вайны. Раман меў вялікі поспех і пазней быў экранізаваны (у 1958). Пасля выдання другога рамана, які апісваў уздым макартызму ў ЗША, І. Шоу абвінавацілі ў прыналежнасці да камуністаў, а яго імя трапіла ў чорны спіс Галівуду. У 1951 І. Шоу з'ехаў у Еўропу, дзе пражыў да смерці. У Еўропе былі напісаныя не менш паспяховыя кнігі: «Люсі Краўн» (Lucy Crown, 1956), «Два тыдні ў другім горадзе» (Two Weeks in Another Town, 1960), «Багач, бядняк» (Rich Man, Poor Man; 1970).
Творчасць У ранніх творах звяртаецца да тэмы фашызму, Другой сусветнай вайны, у пазнейшых — пасляваеннай амерыканскай і заходнееўрапейскай рэчаіснасці. Звяртаўся да праблем «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі», сям'і і грамадства, самасцвярджэння асобы і яе індывідуальнай адказнасці, лёсу мастацтва ва ўмовах камерцыялізацыі культуры.
Аўтар п'ес «Пахавайце мёртвых» (1936), «Простыя людзі» (1939), «Забойца» (1944), раманаў «Маладыя львы» (1948), «Трывожная атмасфера» (1950), «Вечар у Візантыі» (1973), «Хлеб па водах» (1981), «Успамін страты» (1982), дылогіі «Багач, бядняк» (1970) і «Жабрак, злодзей» (1977), кніг апавяданняў, публіцыстыкі, кінасцэнарыяў і інш. Яго творы адметныя займальнасцю інтрыгі, напружанасцю сюжэта, псіхалагізмам, дакладнасцю рэалій.
Прэміі і ўзнагароды Двойчы лаўрэат прэміі О. Генры, якая ўручаецца за апавяданні.
Літаратура Лявонава Е. Шоу // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003.
Спасылкі Ірвін Шоу на сайце encyclopedia.com
Катэгорыя:Англамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Драматургі ЗША Катэгорыя:Кінасцэнарысты ЗША Катэгорыя:Пісьменнікі ЗША