Дзі́трыкі — вёска ў Тарноўскім сельсавеце Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.

Геаграфія Вёска знаходзіцца за 20 км на поўдзень ад горада Ліда, на шашы Парачаны — Навагрудак.

Рэльеф раўнінны. На поўнач і захад мясцовасць забалочана, на ўсходзе праходзяць меліярацыйныя каналы, на паўднёвым захадзе знаходзіцца сажалка. З захаду цячэ Чарняўка (прыток Дзітвы), на поўначы рака Дзітва.

Гісторыя Назва вёскі звязана з ракой Дзітва і мае, праўдападобна, старажытныя, балцкія карані.

Людзі жылі ў гэтай мясцовасці з глыбокай старажытнасці. На хутары Ерэмеевічы знойдзена каменная свідраваная сякера эпохі бронзы, а таксама крамянёвыя прылады працы. На супрацьлеглым беразе Дзітвы — у вёсцы Ольжава — знаходзіцца гарадзішча другой паловы І тыс. н.э. (мясцовая назва «Шведская гара»), рэшткі селішча. У вёсцы Любары — курганападобныя насыпы.

Вядомы з XVI стагоддзя. У 1567 годзе маёнтак шляхецкая ўласнасць у Лідскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле вопісу парафій Лідскага дэканата 1784 года Дзітрыкі належаць да Няцецкай парафіі, уласнасць Тубелевіча. У вопісе згадваецца малы стаў (сажалка) пані Барымоўскай пры фальварку Дзітрыкі і малы стаў Тубелевіча каля таго ж месцаpawet.net.

З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У першай палове XIX стагоддзя маёнтак Дзітрыкі належаў Эдварду Макрэцкаму. У 1834 годзе колькасць душ мужчынскага насельніцтва ў маёнтку складала 61 (не лічачы ўласніка). Да 1866 года вёска належала да Голдаўскай воласці, у пачатку XX стагоддзя Дзітрыкі ў Тарноўскай воласці Лідскага павета. У вёсцы было 243 жыхары, 231 дзесяціна зямлі. Побач знаходзіўся маёнтак (двор) Макрэцкіх, 28 жыхароў, 300 дзесяцін зямлі. Каля маёнтка размяшчалася маляўнічая сажалка, сад.

У Першую сусветную вайну з верасня 1915 года да канца 1918 года акупаваны германскімі войскамі. Са студзеня 1919 года ў складзе БССР, у красавіку заняты польскімі войскамі. З ліпеня да верасня 1920 года вёска кантралявалася Чырвонай Арміяй, затым ізноў польскімі войскамі.

З 1921 года Дзітрыкі ў складзе Польшчы. Вёска Тарноўскай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства, паводле перапісу насельніцтва 1921 налічвала 36 жылых пабудоў, 211 жыхароў.

З 1939 года ў БССР. Пасля прыходу бальшавіцкай улады маёнтак разрабаваны, на месцы панскага дома заложаны будынак школы.

Да 26 чэрвеня 1965 года вёска ўваходзіла ў склад Канюшанскага сельсаветаРашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 чэрвеня 1965 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1965, № 30 (1110)..

Насельніцтва Дынаміка насельніцтва:

1996 год — 200 жыхароў, 83 падвор’і 2004 год — 191 чал., 77 двароў 2012 год — 132 жыхары, 64 гаспадаркі 2015 год — 111 жыхароў, 56 гаспадарак

Гаспадарка У вёсцы знаходзяцца аб’екты сельскагаспадарчага прадпрыемства «Мажэйкава», размяшчаецца Фалькавіцкае лясніцтва.

Вядомыя асобы Караль Карыцкі (1702), доктар філасофіі, педагог, пісьменнік Міхал Карыцкі (1714), доктар філасофіі, паэт, педагог Адам Макрэцкі (1856), генерал, ваенны дзеяч Стэфан Макрэцкі (1862), генерал, ваенны і палітычны дзеяч Сярэдняй Літвы Зыгмунт Макрэцкі (1865), вучоны-біёлаг

Літаратура

Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 566 с., іл. ISBN 985-01-0522-4

Катэгорыя:Населеныя пункты Лідскага раёна Катэгорыя:Тарноўскі сельсавет