Маціяс Аляксандэр Кастрэ́н (; , , — , ) — фінскі філолаг, даследчык фіна-ўгорскіх і самадыйскіх моў, фінскага і саамскага фальклору; заснавальнік параўнаўчай уралістыкі.

Біяграфія Нарадзіўся ў вялікай сям’і, дзе апроч Маціяса было яшчэ 5 дзяцей. Першае імя атрымаў у гонар дзядзькі-пастара, другое — у гонар імператара Аляксандра I. Пасля смерці бацькі сям’я была ў цяжкім фінансавым становішчы, але 16-гадовы Маціяс у 1830 годзе паступіў у Хельсінкскі ўніверсітэт. Катрэн быў удумлівым і троху рассеяным студэнтам, меў не шмат сяброў. У першыя летнія канікулы паехаў з Хельсінкі да маці, даваў прыватныя ўрокі. Ва ўніверсітэце аддаваў перавагу вывучэнню моў, да чаго быў заахвочаны кнігай дацкага мовазнаўца Расмуса Раскі. У 1836 годзе атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Яшчэ студэнтам Кастрэн зацікавіўся фінскай мовай і фальклорам.

Улетку 1838 года Кастрэн здзейсніў першую навуковую паездку, вывучаў саамскую мову, саамскі фальклор і міфалогію ў фінскай Лапландыі. Сабраныя матэрыялы Кастрэн выкарыстаў для дысертацыі De affinitate declinationum in lingua Fennica, Esthonica et Lapponica («Пра асаблівасці скланення ў фінскай, эстонскай і саамскай мовах»), напісанай у 1839 годзе.

У 1839 годзе Кастрэн падарожнічаў па Карэліі, а ў 1841 годзе разам з Эліясам Лёнратам пачаў трохгадовую экспедыцыю па Урале. Перад паездкай выйшаў зроблены Кастрэнам пераклад Калевалы на шведскую мову. Па вяртанні Кастрэн апублікаваў манаграфіі Elementa grammatices Syrjaenae і Elementa grammatices Tscheremissae (абедзве 1844), адпаведна, пра мову комі і марыйскую.

У 1845 годзе Кастрэн абараніў доктарскую дысертацыю, дзе выказаў гіпотэзу пра генетычнае радство ўральскіх і алтайскіх моў. У тым жа годзе выйшаў яго артыкул па-шведску «Пра значэнне націску ў саамскай мове». У 1845 годзе Кастрэн па даручэнні Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук паехаў у Сібір для далейшага вывучэння тамашніх моў. Падчас гэтай экспедыцыі ён наведаў Табольск, Бярозаў і Абдорск, даследаваў басейны рэк Іртыш, Об і Енісей, праехаў Ачынскую і Мінусінскія стэпы, а таксама Саянскія горы і Прыбайкалле.

З паездкі ў Сібір Кастрэн вярнуўся ў 1849 годзе з падарваным здароўем і матэрыяламі для навуковай працы, яго навуковая спадчына складае 12 тамоў, у т. л. манаграфіі пра хантыйскую мову Versuch einer ostjatischen Sprachlehre (1849) і De affixis personalibus linguarum Altaicarum (1850). З 1851 года Кастрэн быў прафесарам Хельсінкскага ўніверсітэта на ўпершыню створанай кафедры фінскай філалогіі і працаваў над слоўнікаў самадыйскіх моў.

Памёр ад сухотаў ў 1852 годзе.

Сям’я Сын Маціяса Кастрэна — Роберт Кастрэн (1851—1883), вядомы фінскі гісторык і публіцыст, сын Роберта — (1878—1959), літаратуразнавец, прафесар Хельсінкскага ўніверсітэта.

Кастрэн і сучаснасць 22 снежня 1990 года ў Хельсінкі было заснавана Таварыства Маціяса Аляксандэра Кастрэна, мэтай якога аб’яўлена ўстанаўленне і развіццё сувязяў паміж фінамі і тымі народамі Расіі, якія гавораць на ўральскіх (фіна-ўгорскіх і самадыйскіх) мовах. Таварыства Кастрэна з’яўляецца грамадскай арганізацыяй, членамі якой могуць быць грамадзяне Фінляндыі, так і іншых краін, а таксама аб’яднанні асоб. Таварыства атрымлівае дзяржаўную фінансавую падтрымкуАфіцыйны сайт Таварыства Кастрэна .

2—4 снежня 2013 года ў Лапландскім універсітэце (Раваніемі, Фінляндыя) адбылася навуковая канферэнцыя «Пазнанне Поўначы — глабальная спадчына М. А. Кастрэна», прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння навукоўца. У праграме канферэнцыі — даклады, прысвечаныя даследаванням Кастрэна і іншых піянераў філалогіі і этнаграфіі, а таксама агляд сучасных даследаванняў у галіне фіна-ўгразнаўства, культуры, рэлігіі і міфалогіі.

Публікацыі

Зноскі

Літаратура Богораз-тан В. Г. Кастрен — человек и учёный // Памяти М. А. Кастрена: к 75-летию дня смерти /АН СССР — , 1927. — С. 3—35. — (Очерки по истории знаний. Вып. II). Муравьёв В. Б. Вехи забытых путей (Матиас Кастрен). — М.: Географгиз, 1961. . — Электронная версія кнігі на сайце Фінскага біяграфічнага таварыства. — з першакрыніцы 18 снежня 2012. .

Спасылкі

Катэгорыя:Даследчыкі саамскіх моў Катэгорыя:Кетолагі Катэгорыя:Постаці мовазнаўства XIX стагоддзя Катэгорыя:Перакладчыкі паэзіі на шведскую мову Катэгорыя:Прафесары Хельсінкскага ўніверсітэта Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу Катэгорыя:Постаці ўралістыкі Катэгорыя:Філолагі Фінляндыі Катэгорыя:Фалькларысты Фінляндыі