Шапе́чына (, ) — аграгарадок у Віцебскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Шапечынскага сельсавета.
Геаграфія За 25 км на поўдзень ад Віцебска, на аўтамабільнай дарозе Віцебск—Орша, на рацэ Сухадроўцы.
Гісторыя Назва вёскі ўтворана ад прозвішча Шапечын. Вядома з XVII ст. як сяло — уладанне зямяніна Войны-Рамейкі Ясянецкага ў Віцебскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У 1635 годзе ён заклаў Шапечына ў ліку другіх сёл за 2000 коп літоўскіх грошаў сваёй жонцы Пелагеі Склатоўскай.
У XIX ст. вёска вядома як цэнтр аднайменнага маёнтка ў Аршанскім павеце Магілёўскай губерні. У 1871 годзе маёнтак набыў селянін Іван Васькоўскі, які меў тут 139 дзесяцін зямлі.
На пачатку XX ст. вёска (53 дзесяціны зямлі) у Высачанскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні. Адносілася да Кабыльніцкага праваслаўнага прыхода. У 1909 годзе (11 двароў, 73 жыхары) належала Бабавікоўскай сельскай грамадзе.
З 20 жніўня 1924 г. Шапечына ў Асінаўскім сельсавеце Высачанскага раёна Віцебскай акругі, з 8 ліпеня 1931 — Лёзненскага, з 12 лютага 1935 — Багушэўскага раёнаў, з 20 лютага 1938 г. гэтага ж раёна Віцебскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас.
У 1941 годзе ў вёсцы 14 двароў, 60 жыхароў. У ліпені 1941 г. нямецкія войскі знішчылі вёску і загубілі 6 мірных жыхароў. Пасля вайны вёска адбудавалася.
З 20 студзеня 1960 г. яна ў Віцебскім раёне, з 24 студзеня 1971 — Шапечынскім сельсавеце. У 1969 тут 15 двароў, 58 жыхароў.
24 студзеня 1972 года цэнтр сельсавета перанесены з Асінаўкі ў вёску Шапечына, сельсавет перайменаваны ў ШапечынскіРашэнне выканаўчага камітэта Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 24 студзеня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 8 (1346)..
На 1 студзеня 2003 г. 149 двароў, 352 жыхары. Шапечына ў складзе ЗАТ «Ліпаўцы».
Інфраструктура У вёсцы працуюць жывёлагадоўчая ферма, механізаваны двор, АТС, аддзяленне сувязі, пачатковая школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт, магазін.
Памятныя мясціны
Мемарыял «Лучоса» (2003). Прысвечаны воінам 5-й, 33-й, 39-й Армій і 251-й стралковай дывізіі, якія загінулі за вызваленне Віцебшчыны.
Літаратура З гісторыі населеных пунктаў / Падр. В. В. Віталева // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Віцебскага раёна / Рэдкалегія: А. П. Красоўскі і інш.; Уклад. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Маст. літ., 2004. — 772 с.: іл. — С. 766. — С. 373.
Спасылкі
Катэгорыя:Шапечынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Віцебскага раёна