Ма́рджары Бултан (  — ) — эсперантамоўная паэтэса, празаік і драматург, эсперантолаг; адна з найбольш выдатных прадстаўнікоў «англійскай школы» ў эсперанцкай паэзіі . Член Акадэміі эсперанта.

Нарадзілася 7 мая 1924 года, англічанка. Вучылася ў Оксфардскім універсітэце; мела доктарскую ступень па літаратуразнаўствуMarjorie Boulton. A brief biography. Паводле прафесіі — выкладчык англійскай мовы і літаратуры. З 1949 года — эсперантыст. Аўтар больш як 20 кніг на эсперанта і англійскай мове.

Пяру Бултан належаць некалькі зборнікаў вершаў і паэм, зборнік тэаральных п’ес «Жанчына каля мяжы» і шэраг празаічных твораў. Мяккі гумар, выразны гуманістычны кірунак вершаваных мініяцюр і паэм паэткі выдвігаюць яе ў шэраг найбольш таленавітых эсперантамоўных паэтаў.

Пасля апублікавання вершаў Бултан у эсперанцкай перыёдыцы паследаваў яе дэбютны паэтычны зборнік «Кантральта», які быў выдадзены ў 1955 годзе. Падчас напісання твораў, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, паэтэса натхнялася багатым вопытам настаўніка і падарожніка (яна ўдзельнічала, у прыватнасці, у працы шматлікіх эсперанцкіх кангрэсаў).

Ад зборніка да зборніка тэматыка паэтычных твораў М. Бултан становіцца ўсё больш разнастайнай. Калі ў яе зборніку «Часціцы» былі пераважна адлюстраваны праблемы, якія трывожылі чалавека XX стагоддзя, то зборнік «Сто вясёлых песень» складаецца з вершаваных мініяцюр, якія адлюстроўваюць светлыя бакі жыцця і адрозніваюцца тонкім гумарам.

Улюбёны вершаваны памер паэткі — пяцістопны ямб. У сваіх паэтычных творах яна актыўна карыстаецца дысананснымі рыфмамі, нанізваючы іх цэлымі гронкамі: lumo — amo — komprenemo, mondo — grundo — legendo і г. д.

У кнігу «Жанчына каля мяжы» ўвайшлі аднаактныя п’есы разнастайнага зместу — лірычныя і трагічныя, дыдактычныя і фантастычныя. Поспехам карысталася драма М. Бултан «Быць ці не быць» (), у якой апавядаецца аб жахлівых наступствах вайны з прымяненнем атамнай зброі і якая была пастаўлена Венгерскім эсперанта-тэатрам.

У 1960 годзе М. Бултан апублікавала на англійскай мове «Біяграфію Заменгофа», дзе былі прыведзены раней невядомыя дакументы аб жыцці заснавальніка эсперанта. У 1962 годзе гэтая кніга была выдадзена ў перакладзе на эсперанта; гісторыкі эсперанта-руху адносяць яе да лепшых з існуючых біяграфій Л. Л. Заменгофа.

Асноўныя творы

Літаратура .

Катэгорыя:Пісьменніцы Вялікабрытаніі Катэгорыя:Пісьменніцы XX стагоддзя Катэгорыя:Пісьменніцы XXI стагоддзя Катэгорыя:Эсперантысты Катэгорыя:Эсперантолагі Катэгорыя:Эсперантамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Эсперантамоўныя паэты Катэгорыя:Эсперантамоўныя драматургі Катэгорыя:Выпускнікі Оксфардскага ўніверсітэта Катэгорыя:Паэтэсы