Берэ́т () — традыцыйны галаўны ўбор рымска-каталіцкага духавенства. Прадстаўляе сабой чатырохвугольную шапку з трыма альбо з чатырма пялёсткамі, на якой зверху пасярэдзіне знаходзіцца кутасік. Яго носяць духоўнікі ў час набажэнства, у час пахавальнай працэсіі на могілках ці проста разам з сутанай, асабліва зімой, у касцёле ці на дварэ.

Берэты адрозніваюцца ў залежнасці ад месца чалавека ў Царкоўнай іерархіі: берэт ксяндза — чорны, у ім тры пялёсткі і чорны кутасік; берэт ксяндза, які мае ступень доктара, — чорны, чатыры пялёсткі; берэт каноніка, інфулата, прэлата — тры пялёсткі, а калі святар мае навуковую ступень па тэалогіі, — чатыра пялёсткі і фіялетавы кутасік, а берэт абшываецца вакол фіялетавымі ніткамі; берэт біскупа — цалкам фіялетавы; берэт кардынала — пурпуровы; берэт Папы Рымскага — белы.

Літаратура Завальнюк У. М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. ISBN 978-985-6954-73-6.

Катэгорыя:Аблачэнне рымска-каталіцкага духавенства