Рэвалюцыя 1848—1849 гадоў у Венгрыі — дэмакратычная рэвалюцыя ў Венгерскім каралеўстве, якое ўваходзіла ў склад Аўстрыйскай імперыі, адна з еўрапейскіх рэвалюцый 1848—1849 гадоў. Сярод задач рэвалюцыі было ўсталяванне дэмакратычных правоў і свабод, ліквідацыя феадальных перажыткаў, перш за ўсё ў аграрных адносінах, а таксама дасягненне нацыянальнай незалежнасці Венгрыі. Рухаючай сілай рэвалюцыі з’явілася ліберальнае сярэдняе дваранства і гарадская інтэлігенцыя. Падчас рэвалюцыі былі праведзены карэнныя пераўтварэнні сацыяльна-палітычнага ладу Венгрыі, абвешчана незалежнасць ад Габсбургаў і створана дэмакратычная дзяржава. Нягледзячы на значныя поспехі, дасягнутыя рэвалюцыйнай арміяй у вайне за незалежнасць, у 1849 г. рэвалюцыя была задушана дзякуючы дзеянням аўстрыйскай арміі, антывенгерскім паўстанням нацыянальных меншасцей і ўдзелу на просьбу аўстрыйскага двара расійскага экспедыцыйнага корпуса Івана Паскевіча.

Перадумовы

Сацыяльна-палітычнае становішча Венгрыі Да сярэдзіны XIX стагоддзя ўсталяваная яшчэ ў перыяд Напалеонаўскіх войнаў у Венгрыі сістэма абсалютызму перастала адпавядаць патрабаванням часу і інтарэсам асноўных сацыяльных груп краіны. Урад Аўстрыйскай імперыі не жадаў ісці ні на якія рэформы ў адміністрацыйнай ці палітычнай сферы, кансервуючы састарэлыя бюракратычную сістэму і феадальныя парадкі. Грамадскае жыццё Венгрыі знаходзілася пад поўным кантролем з боку Вены, цэнзура і паліцэйскія праследаванні апазіцыі сталі нормай. Венгерскае каралеўства было практычна пазбаўлена самастойнасці ў рамках Аўстрыйскай імперыі, доўгі час дзяржаўны сход Венгрыі наогул не склікаўся, дзяржаўнай мовай заставалася лацінская. Венгры не мелі магчымасці ўплываць на палітыку ўнутры сваёй краіны і былі вымушаны здавольвацца толькі абмежаванымі формамі мясцовага самакіравання на ўзроўні камітатаў. Мытна-тарыфная сістэма імперыі была ўсталявана ў інтарэсах аўстрыйскай прамысловасці і ператварала Венгрыю ў пастаўшчыка сыравіны для прадпрыемстваў Аўстрыі і Чэхіі, якія бурна развіваліся. Сялянскае пытанне таксама не было вырашана: у краіне захоўвалася прыгон, судовая ўлада памешчыка і феадальныя павіннасці сялян. Шэраг састарэлых звычаяў, тыпу авітыцыту (неадчужальнасць дваранскай зямельнай уласнасці), а таксама крайняя беднасць сялянства і феадальныя адносіны перашкаджалі развіццю сельскай гаспадаркі, якая заставалася асновай эканомікі краіны.История Венгрии, М., 1971; Контлер, Л. История Венгрии: Тысячелетие в центре Европы, М., 2002

Нацыянальныя рухі напярэдадні рэвалюцыі

У той жа час у 1830-х гг. пачаўся бурны ўздым нацыянальнага руху. Іштван Сечэні выступіў з ідэяй шырокага абнаўлення краіны, перш за ўсё ў сферы эканомікі, і ліквідацыі феадальнай сістэмы. Выступленні Сечэні атрымалі вялікі грамадскі рэзананс і заахвоцілі шматлікіх венгерскіх дваран заняцца палітычнай дзейнасцю. Міклаш Вешэлені пайшоў яшчэ далей і высунуў ідэю ліквідацыі абсалютызму і стварэння ў Венгрыі канстытуцыйнай манархіі. Ліберальныя ідэі хутка распаўсюджваліся сярод дваранства, асабліва сярэдняга, і інтэлігенцыі. Да канца 1830-х гг. склалася некалькі плыняў нацыянальнага руху: «новыя кансерватары» (Аўрэл Дэжоўфі, Дзьёрдзь Апані, Шама Ёшык і Іштван Сечэні) выступалі за пэўныя дэмакратычныя рэформы пры ўзмацненні цэнтралізацыі і захавання панавання арыстакратыі; лібералы (Лаяш Бацяні, Ферэнц Дэак, Лаяш Кошут і, часткова, Ёзеф Этвёш) патрабавалі поўнай ліквідацыі феадальных перажыткаў, увядзення дэмакратычных свабод, пашырэнне аўтаноміі Венгрыі і ператварэння краіны ў парламенцкую манархію. Пазней узнік больш радыкальны рух студэнцтва і часткі інтэлігенцыі, які канцэнтраваўся вакол групы «Маладая Венгрыя» (Шандар Петэфі, Пал Вашвары і Міхай Танчыч) і выступаў з пазіцый рэспубліканізму і неабходнасці ўзброенага паўстання.

Асаблівасцю венгерскага ліберальнага руху стаў той факт, што носьбітам ідэй дэмакратычных пераўтварэнняў і рухаючай сілай рэвалюцыі з’яўлялася дваранства. Гэта тлумачылася неразвітасцю гарадоў у Венгрыі, слабасцю буржуазіі і роляй дваранства, якая склалася гістарычна, як абаронцы правоў і свабод венгерскай нацыі супраць іншаземнага валадарства. Іншай істотнай рысай руху была няўвага да нацыянальнага пытання: лібералы лічылі, што дэмакратычныя пераўтварэнні і замацаванне прыярытэту асабістай свабоды зробяць непатрэбнымі карпаратыўныя правы нацыянальных меншасцей, якія яны лічылі перажыткам феадальнай сістэмы. Гэта перакананне ва ўмовах Венгерскага каралеўства, у якім прадстаўнікі тытульнай нацыі складалі толькі 38 % насельніцтва, пагражала ўсплёскам нацыянальных канфліктаў. Паралельна з развіццём венгерскага руху, умацоўвалася самасвядомасць іншых народаў краіны — харватаў, сербаў, славакаў, румын і русінаў, якая часта ўваходзіла ў супярэчнасць з інтарэсамі венграў.

Спробы рэформ і іх правал На дзяржаўным сходзе 1839—1840 гг. лібералам удалося дамагчыся амністыі палітычным вязням, пашырэння сферы ўжывання венгерскай мовы ў адміністрацыі і зацвярджэння магчымасці разняволення сялян за выкуп. У 1840-х гг. па ўсёй краіне ўзнікла цэлая сетка таварыстваў сацыяльнай абароны, узаемадапамогі, падтрымкі айчыннай прамысловасці. Асаблівую вядомасць набыла газета «Пешці хірлап», якая выдавалася Л. Кошутам і распаўсюджвалая ідэі неадкладнага вызвалення сялян і ўвядзення ўсеагульнага падаткаабкладання. У 1844 г. венскі ўрад перадаў стырно ўлады Венгрыяй новым кансерватарам: Д. Апані быў прызначаны віцэ-канцлерам Венгерскага каралеўства, а Ш. Ёшык — Трансільваніі. Адначасова была ўзмоцнена цэнтралізацыя, пашыраны паўнамоцтвы адміністратараў і фёішпанаў — прадстаўнікоў цэнтральнай улады ў камітатах. Новы дзяржаўны сход, які адкрыўся ў 1847 г., аднак, зайшоў у тупік з-за супярэчнасцей паміж лібераламі і кансерватарамі і не змог прыняць рашэння аб рэформах.

Пачатак рэвалюцыі 1 сакавіка 1848 г. у Пожань, дзе засядаў венгерскі дзяржаўны сход, прыйшла вестка пра рэвалюцыю ў Парыжы. 3 сакавіка ў сходзе з палымянай прамовай выступіў Кошут, які запатрабаваў неадкладнага ажыццяўлення ліберальнай праграмы рэформ, увядзення канстытуцыі і фарміравання адказнага перад парламентам урада. Неўзабаве рэвалюцыя ўспыхнула ў Вене, Метэрніх быў пазбаўлены сваіх паўнамоцтваў, а імператар Фердынанд паабяцаў аўстрыйцам канстытуцыю і грамадзянскія свабоды. 15 сакавіка дэлегацыя венгерскага парламента адправілася ў Вену для перадачы петыцыі, прынятай на аснове праграмы Кошута. У той жа дзень пачалося паўстанне ў Пешце: пад уплывам апублікаваных «Дванаццаці пунктаў» Ёжэфа Ірыні і «Нацыянальнай песні» Шандара Петэфі студэнты і гарадская інтэлігенцыя атачылі адміністрацыйныя ўстановы горада, вызвалілі з турмы М. Танчыча і зрынулі муніцыпальныя ўлады. Патрабаваннямі паўстанцыў у Пешце сталі ўвядзенне свабоды друку, абвяшчэнне роўнасці грамадзянскіх правоў, стварэнне адказнага ўрада, штогадовае скліканне парламента, увядзенне ўсеагульнага падаткаабкладання і суда прысяжных, вызваленне сялян і унія з Трансільваніяй. Паўстанне хутка распаўсюдзілася па ўсёй краіне. 18 сакавіка кароль Фердынанд V пайшоў на саступкі і прызначыў Лаяша Бацяні прэм’ер-міністрам Венгрыі. Ва ўрад увайшлі такія выдатныя дзеячы ліберальнага руху, як Ф. Дэак, І. Сечэні, Ё. Этвёш і Л. Кошут. Улада ў краіне перайшла да рэфарматараў.

Сакавіцкія рэформы і нацыянальныя паўстанні

18 сакавіка 1848 г. Дзяржаўны сход Венгрыі зацвердзіла цэлы комплекс рэформ. Быў прыняты закон аб урбарыяльных павіннасцях, які ліквідаваў паншчыну, памешчыцкі суд, царкоўную дзесяціну і іншыя феадальныя перажыткі. Ліквідавалася таксама прыгонннае права, а зямля перадавалася ва ўласнасць сялянам, прычым выкупныя плацяжы памешчыкам павінны былі выплачвацца дзяржавай. Правядзенне гэтай рэформы вяло да ліквідацыі феадалізму ў аграрных адносінах і адкрывала шлях да пераходу венгерскай сельскай гаспадаркі на капіталістычныя рэйкі. Быў прыняты таксама закон аб увядзенні ўсеагульнага падаткаабкладання і пазбаўленні дваранства і святароў падатковых прывілеяў. Уводзілася свабода друку, недатыкальнасць асобы і ўласнасці, раўнапраўе хрысціянскіх канфесій, адказнасць урада перад парламентам, было пашырана выбарчае права (да 7—9 % насельніцтва), а дзяржаўны сход з гэтага часу павінна было склікацца штогод. Была абвешчана унія Венгрыі і Трансільваніі.

11 красавіка кароль зацвердзіў рэформы венгерскай рэвалюцыі. Краіна ператварылася ў канстытуцыйную манархію. Фердынанд V захаваў за сабой права абвяшчэння вайны і заключэння міру, а таксама прызначэння вышэйшых службовых асоб Венгерскага каралеўства, але фактычная ўлада перайшла ў рукі нацыянальнага ўрада, адказнага перад парламентам. Аднак не вырашаны былі праблемы размеркавання паўнамоцтваў паміж Венай і Пештам у пытаннях міжнародных адносін, фінансавай палітыкі і, галоўнае, узброеных сіл. Таксама ў рэформах дзяржаўнага сходу і дэкрэтах урада не знайшло свайго адлюстравання нацыянальнае пытанне.

Тым часам у этнічных рэгіёнах Венгерскага каралеўства таксама пачаліся рэвалюцыі, якія хутка набылі нацыянальную афарбоўку. У Харватыі банам стаў Ёсіп Елачыч, які разгарнуў праграму аднаўлення Трыадзінага каралеўства і, пры падтрымцы імператара, стварыў уласную армію і запатрабаваў незалежнасці ад Венгрыі (падрабязней гл.: Рэвалюцыя 1848 г. у Харватыі). У Ваяводзіне сербскі нацыянальны рух выліўся ў абвяшчэнне аўтаноміі і сутычкі з венграмі. Славакі і румыны таксама выступілі з патрабаваннем нацыянальнай аўтаноміі, а рашэнне пра унію з Венгрыяй выклікала ў Трансільваніі крывавыя міжэтнічныя канфлікты (падрабязней гл.: Рэвалюцыя 1848 г. у Трансільваніі).

Развіццё рэвалюцыі ўлетку 1848 года і вераснёвы крызіс

На аснове створанай у першыя дні рэвалюцыі нацыянальнай гвардыі венгерскі ўрад стаў ствараць уласную армію. Гэта выклікала канфлікт з Венай, якая патрабавала венгерскіх салдат для прыгнечання рэвалюцыі ў Італіі. Бацяні пагадзіўся на адпраўку часткі венгерскіх армейскіх кантынгентаў на італьянскі фронт пры ўмове, што кароль уціхамірыць Елачыча і сербаў і абавяжацца не выкарыстоўваць венгерскіх салдат для прыгнечання свабод італьянскага народа.

5 чэрвеня ў Пешце адкрыўся новы парламент Венгрыі, абраны на падставе сакавіцкага выбарчага закона. Пераважную большасць яго дэпутатаў склалі лібералы, прычым 3/4 усіх членаў парламента былі дваранамі. Пад уплывам Лаяша Кошута дзяржаўны сход прыняў рашэнне пра ўвядзенне дадатковых падаткаў і стварэнне 200-тысячнай арміі. Гэта рашэнне было вельмі своечасовым, паколькі пасля перамогі імператарскіх войскаў над італьянскімі паўстанцамі 25 ліпеня ў бітве пры Кустоцы, становішча двара значна ўмацавалася і контррэвалюцыя перайшла ў наступ. 31 жніўня кароль выпусціў пракламацыю, у якой венгры вінаваціліся ў парушэнні Прагматычнай санкцыі, і абвяшлася пра незаконнасць рашэнняў, прынятых урадам і парламентам Венгрыі ў сакавіку—красавіку 1848 года.

Каралеўская пракламацыя выклікала сур’ёзны крызіс у ліберальным руху. Прыхільнікі захавання лаяльнасці манарху адышлі ад рэвалюцыі: Дэак і Этвёш пакінулі склад урада, Сечэні быў шпіталяваны з душэўным расстройствам, сам Бацяні падаў у адстаўку (неўзабаве, аднак, ён быў пераназначаны). 31 жніўня Елачыч заняў Фіумэ, а 11 верасня на чале харвацкіх войскаў уварваўся на тэрыторыю Венгрыі. Кароль без санкцыі венгерскага ўрада прызначыў кансерватара Франца фон Ламберга камандуючым венгерскай арміяй.

Вырашэннем крызісу заняўся дзяржаўны сход. 16 верасня для кіраўніцтва краінай падчас вайны быў створаны Камітэт абароны на чале з Кошутам. Па ініцыятыве апошняга Ламберг быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, а 28 верасня ён быў схоплены студэнтамі-паўстанцамі Пешта і павешаны. На наступны дзень у бітве пры Пагоздзе за 40 км ад Буды харвацкія войскі Елачыча былі спынены венгерскай арміяй і разбіты. Вераснёвы крызіс быў пераадолены коштам ператварэння рэвалюцыі ў вайну за незалежнасць.

Вайна за незалежнасць