А́ндрай Кі́ска (; 2 лютага 1963, Попрад, ЧССР) — прэзідэнт Славакіі (2014—2019), славацкі прадпрымальнік, мецэнат. Менеджар года-2006, лаўрэат прэміі «Крыштальнае крыло» за філантрапію (2011).

Біяграфія Нарадзіўся ў Попрадзе ў сям’і настаўнікаў. Скончыў электратэхнічны факультэт Браціслаўскага тэхнічнага ўніверсітэта са званнем інжынера-мікраэлектроніка. Працаваў праектантам у Попрадзе. У 1990 годзе з’ехаў у Злучаныя Штаты, дзе працаваў на будоўлі, помпавай станцыі і ў рэстаране хуткага харчавання.

Неўзабаве інвеставаў увесь заробак у акцыі амерыканскай брокерскай кампаніі, якая дзейнічала на таварнай біржы. Праз тры тыдні яна, аднак, збанкрутавала. Паводле ўласнага прызнання, яго побыт у ЗША вызначыў будучую кар’еру: «З Амерыкі я вярнуўся з непахісным намерам займацца прадпрымальніцтвам».

Андрай Кіска вярнуўся на радзіму ў снежні 1991. У сакавіку 1992 разам з братам Яраславам і стрыем Быстрыкам заснаваў у Кежмарку таварыства з абмежаванай адказнасцю «Triangle group international», якое дзейнічала як філіял аднайменнай кампаніі з Паўночнай Караліны, належнай іхнім сябрам. Фірма валодала сеткай ювелірных майстэрняў у Славакіі і мела філіял у Остраве. Пасля няўдачы з вырабам уласных залатых упрыгажэнняў яна занялася закупкай іх у славацкіх і чэшскіх вытворцаў і перапродажам у Злучаных Штатах. З гэтай мэтай у ЗША яны заснавалі кампанію «Eurogold», якая, аднак, не вытрымала канкурэнцыі.

8 кастрычніка 1996 прадпрымальнікі заснавалі ТАА «TatraCredit», якая займалася набыццём бытавой электронікі непасрэдна ад вытворцаў, пасля прадаючы яе пакупнікам у растэрміноўку. Пазней асартымент таксама пашырыўся на мэблю, спартыўныя тавары, цацкі і да т. п. У 1999 Кіскі заснавалі акцыянернае таварыства «Quatro», якое прапаноўвала афармленне растэрміноўкі непасрэдна ў крамах. Як зазначыў Андрай Кіска: «Гэта тыповая амерыканская мадэль, калі вы валодаеце паспяховай фірмай і самі ствараеце ёй канкурэнцыю».

Сетка звязаных фірмаў «TatraCredit» і «Quatro» паступова дапоўнілася акцыянерным таварыствам «Slovenská požičovňa», Q — CAR'' і «Slovenské kreditné karty», дзякуючы чаму стала найбуйнейшай у Славакіі крэдытнай фірмай з прыкладна 400 000 кліентаў. У снежні 2004 пяць гэтых кампаній набыў Усеагульны крэдытны банк і ўключыў іх у структуру холдынгавай кампаніі «Consumer Finance Holding».

У 2006 годзе Андрай Кіска разам з былым калегам і заснавальнікам рэкламнай агенцыі Ігарам Бросманам заснаваў некамерцыйную арганізацыю «Добры ангел». У 2011 атрымаў узнагароду «Крыштальнае крыло» за філянтрапію.

У 2014 годзе перамог на прэзідэнцкіх выбарах, у другім туры набраўшы 59,38 % галасоў.

Спасылкі

Афіцыйная старонка Жыццяпіс

Катэгорыя:Прадпрымальнікі Славакіі Катэгорыя:Філантропы Катэгорыя:Мецэнаты Славакіі Катэгорыя:Прэзідэнты Славакіі