Акцябрскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Гомельскай вобласці Беларусі. Працягласць з захаду на ўсход — 65 км, з поўначы на поўдзень — 43 км. Мяжуе з Петрыкаўскім, Калінкавіцкім і Светлагорскім раёнамі Гомельскай, Бабруйскім і Глускім раёнамі Магілёўскай абласцей, і Любанскім раёнам Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — гарадскі пасёлак Акцябрскі.

Утвораны 28 чэрвеня 1939 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у вёсцы Карпілаўка. З 20 верасня 1944 года — у складзе Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай абласцей. 25 снежня 1962 года скасаваны, тэрыторыя перададзеная ў Светлагорскі раён. 30 ліпеня 1966 года адноўлены ў якасці самастойнай адміністрацыйнай адзінкі.

У складзе раёна больш за 70 населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў — Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Парэцкі, Пратасаўскі (цэнтр — в. Рассвет), Чырвонаслабодскі.

Геаграфія

Рэльеф Раён знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна, месцамі дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць вышыні 130—150 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт — 176,4 м (урочышча Горы каля ст. Мошны, найменшая вышыня над узроўнем мора — 125 м (у месцы ўпадзення Арэсы ў Пціч).

Карысныя выкапні Карысныя выкапні — нафта (поўнасцю ці часткова на тэрыторыі раёна размешчаны 7 радовішчаў), калійныя солі (2 участкі), будаўнічыя пяскі, жвір, мінеральныя воды і расолы, торф, сапрапелі Полезные ископаемые Беларуси. К 75-летию БелНИГРИ. — Мн.: Адукацыя і навука, 2002.Схема землеустройства Октябрьского района Гомельской области БССР. — Гомель: Гомельский филиал «Белгипрозема», 1976..

Клімат Клімат — умерана-кантынентальны з цёплым летам і ўмерана-халоднай зімою. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,3 °C, ліпеня — 18,4 °C. Вегетацыйны перыяд — 190—195 дзён, безмарозны — 140—157 дзён, перыяд з сярэднесутачнымі тэмпературамі вышэй за 10 °C — 150—155, вышэй за 15 °C — 100—105 дзён. Колькасць дзён са снежным покрывам — да 90 (з 25-29 снежня па 10-15 сакавіка). Ападкаў — 612 мм за год. Часта назіраюцца вільготныя гады, калі колькасць ападкаў перавышае 650—700 мм, у асобныя ж сухія гады яна можа не дасягаць і 400 мм. Сярэдняя адносная вільготнасць паветра цягам года вагаецца ад 75 да 85 %, у маі-чэрвені яна падае ніжэй за 70 %, у лістападзе-снежні паднімаецца амаль да 90 %. Сярэдняя хуткасць ветру за год — 3,3-3,7 м/с, самая высокая яна зімой і вясною, самая нізкая — летам. У цёплую пару года пераважаюць вятры заходніх і паўночна-заходніх напрамкаў, зімою — усходніх і паўднёва-ўсходніх. Ясных дзён за год — 39, пахмурных — 142, з ападкамі — 162 .

Воды Раён мае добра развітую рачную сетку. Буйнейшая рака — Пціч з прытокамі Арэса (правы) і Нератоўка; Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал (левы прыток Арэсы). На паўночным усходзе раёна — вярхоўі ракі Трэмлі. Гушчыня натуральнай рачной сеткі — 0,5 км/км². З-за раўніннага рэльефу цячэнне рэк павольнае, даліны забалочаныя, рэчышчы звілістыя. Ледастаў на рэках звычайна адбываецца ў канцы снежня, ускрыццё іх — у першай палове сакавіка. Вясенняе палаводдзе звычайна невысокае, агульная працягласць — каля 85 дзён. Спад вады адбываецца вельмі павольна і нярэдка зацягваецца і на лета. Сярэднія шматгадовыя тэмпературы вады за цёплы перыяд (май-кастрычнік) — 16,2 °C, у ліпені — 20,9 °C . Найбольшыя азёры — Овінскае (плошча 6 га) і Заазерскае (плошча 5 га).

Глебы Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, у т.л. дзярнова-падзолістыя забалочаныя (каля 53 % тэрыторыі раёна) і тарфяна-балотныя (36 %) глебы. Тое ж датычыцца і сельскагаспадарчых земляў. 7,3 % тэрыторыі раёна займаюць алювіяльныя глебы, 3,4 % — дзярновыя, найбольш урадлівыя (размешчаны асобнымі невялікімі ўчасткамі ў асноўным у ўсходняй і цэнтральнай частках раёна). Па грануламетрычнаму складу сярод сельскагаспадарчых зямель пераважаюць пясчаныя (57,5 %), тарфяна-балотныя (27 %) і тарфяна-мінеральныя (13,2 %) глебы Пояснения к районной почвенной карте Октябрьского района Гомельской области. — Гомель: РДУП «Проектный институт Гомельгипрозем», 1999.

Расліннасць Дзякуючы шырокаму распаўсюджанню водналедавіковых пяскоў і супесяў, якія слаба падыходзяць для вядзення сельскай гаспадаркі, лясістасць раёна застаецца адной з самых высокіх у Беларусі і складае 58 %. Пераважаюць буйныя масівы плошчай 500—1000 га, буйнейшыя — 2500-4000 га (Доўгі Лог, Зімовішча, Буралом, Старына, Пажэры) . Асноўнай лесаўтваральнай пародай, як і на ўсім Палессі, з’яўляецца сасна (амаль 65 % усіх лесанасаджэнняў). Акрамя таго, буйныя ўчасткі займаюць пароды, якія добра растуць на пясках і пераносяць павышаны ўзровень грунтовых вод — бяроза (18,5 %) і вольха (10,5 %). Дубнякі займаюць 3,1 % плошчы ўсіх лесанасаджэнняў, ельнікі — 1,7 %. Сярэдні ўзрост лясоў складае 51 год; найбольшым узростам адзначаюцца цвёрдалістыя пароды (ясень, дуб) — 65-70 гадоў, найменшым — мяккалістыя — 35-40 гадоў Проект организации и ведения лесного хозяйства ГЛХУ «Октябрьский лесхоз» Гомельского производственного лесохозяйственного объединения на 2001—2010 гг. Том 1. Пояснительная записка. — Минск, 2001..

На тэрыторыі раёна поўнасцю або часткова размешчана 51 балота агульнай плошчай 20 тыс. га (часткова асушаны). Буйнейшыя балотныя масівы — Няслаўка (часткова ў Петрыкаўскім раёне), Бяроза-Лосіцкае балота і Весніна, Шкава, Стаў, Брыкісін Мох-Галае .

Жывёльны свет Жывёльны свет даволі разнастайны. Большая частка відаў жывёл — прадстаўнікі шыракалістых лясоў. З відаў, якія знаходзяцца пад аховай, на тэрыторыі раёна адзначаны барсук, аўдотка, вялікі бугай, чорны бусел, зімародак, чырвоны каршун, стэпавы мышалоў (стэпавы лунь), звычайная пустальга, рэмез, шэры саракуш, балотная чарапаха. З прамысловых відаў адзначаюцца андатра, вавёрка звычайная, воўк, выдра, дзік, заяц-русак і заяц-бяляк, лясная куніца, еўрапейскі крот, звычайная лісіца, лось, рысь, чорны тхор, шэрая качка, шэрая курапатка, чырок-свістунок. У табліцы ніжэй прыведзены дадзеныя па дынаміцы і колькасці асноўных відаў сысуноў і птушак Годовой отчет осуществления государственного контроля за использованием и охраной животного мира и ведением охотничьего хозяйства на территории Октябрьского района. — Октябрьский, 2002..

Гады Лось Алень Дзік Казуля Заяц Бабёр Выдра Глушэц Цецярук Воўк 1999 197 40 356 1128 1239 399 21 115 580 26 2000 246 14 378 1337 1174 421 23 106 437 23 2001 272 15 354 1405 992 437 24 88 323 19

Ахова прыроды Буйнейшай прыродаахоўнай тэрыторыяй у раёне з’яўляецца біялагічны заказнік «Акцябрскі», створаны ў 2003 годзе на плошчы 4070,2 га «…у мэтах захавання ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый з комплексам відаў раслін і жывёл, якія з’яўляюцца рэдкімі альбо знікаюць, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь» "О республиканском биологическом заказнике «Октябрьский». Постановление Совета Министров РБ № 864 от 27 июня 2003 года. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна размешчаныя біялагічны (журавінны) заказнік «Бабінец», створаны для захавання ў натуральным стане журавіннікаў на тарфяным балоце верхавога тыпу Параслішча ў 1979 годзе на плошчы 350 га (сучасная плошча — 830,7 га«О республиканских заказниках». Постановление Совета Министров РБ № 1833 от 27 декабря 2007 года (подпункт 1.10)), і заказнік "Тарфянае радовішча «Мёдухаў» (створаны ў 1979 годзе, плошча — 573 га). Таксама ў раёне знаходзяцца 1 помнік прыроды рэспубліканскага і 3 — мясцовага значэння.

Гісторыя

Першабытны час Першыя даставерныя сляды існавання чалавека на сучаснай тэрыторыі раёна адносяцца да II тыс. да н. э. Да іх адносяцца помнікі археалогіі каля вёсак Парэчча, Валосавічы, Мікуль-Гарадок, Чырвоная Слабада, Чорныя Брады, Пратасы. Пра тое ж сведчаць і прылады працы, знойдзеныя каля вёскі Навасёлкі Петрыкаўскага раёна.

Засяленне басейна ракі Пціч адбылося ў асноўным у мезаліце (сярэднім перыядзе каменнага веку). Да гэтага часу адносяцца паселішчы, сляды якіх знойдзены ў басейне Арэсы ў суседнім Любанскім раёне (Азярное 2, 3), а таксама ў Петрыкаўскім раёне (Дарашэвічы, Майсеевічы і інш.).

У 1930 годзе даследчык А. Рынейскі знайшоў сляды паселішча неалітычнага тыпу (неаліт — пазнейшая стадыя каменнага веку) на паўднёвым усходзе ад вёскі Парэчча. Там ён назбіраў шматлікія крамянёвыя вырабы і абломкі посуду з керамікі з характэрным для неаліту арнаментам. Таксама раскопкі неалітычных паселішчаў праводзіліся ў сярэднім цячэнні р. Арэса (Азярное 1, 2, Старыя Юркавічы). Да археалагічных помнікаў часоў бронзавага веку адносяцца знойдзеныя каля в. Парэчча абломкі посуду тшцінецка-сосніцкай культуры.

Для жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі характэрна асваенне спосабаў атрымання жалеза з балотных і азёрных руд. Рэшткі такіх печаў даволі часта сустракаюцца ў Петрыкаўскім раёне. Да гэтага ж часу адносяцца знойдзеныя каля вёсак Валосавічы і Ляскавічы ўмацаваныя гарадзішчы, якія, хутчэй за ўсё, былі ўзведзены ў I тыс. да н. э. прадстаўнікамі мілаградскай культуры .

IX—XIII стагоддзі Сучаснымі гісторыкамі лічыцца, што ў IX стагоддзі на поўнач ад Прыпяці рассяліліся славяне, дакладней дрыгавічы — адна са славянскіх груповак. Менавіта да дрыгвіцкай культуры адносіцца большасць курганных могільнікаў, знойдзеных на тэрыторыі раёна. Найбольшы з іх знойдзены ва ўрочышчы Ляскаўшчына каля вёскі Харомцы, дзе налічваецца каля 150 насыпаў. Акрамя курганоў, каля вёскі Парэчча было знойдзена паселішча дрыгавічоў.

Прыкладна ў X стагоддзі землі сучаснага раёна ўвайшлі ў Тураўскае княства, і на працягу X—XI стагоддзяў іх насельнікі прынялі хрысціянства. У сярэдзіне XII стагоддзя Акцябршчына пераходзіць пад уладу чарнігаўскіх князёў, у першай палове XIII стагоддзя — кіеўскіх. На пачатак XIV стагоддзя заходняя частка сучаснага раёна — у складзе ўдзельнага Тураўскага княства, усходняя — у складзе Кіеўскага княстваВялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах. Том 1. — Мн.: «Белкартаграфія», 2009..

Што тычыцца татара-мангольскага нашэсця, то асноўны шлях заваёўнікаў прайшоў на поўдзень ад Турава, таму можна лічыць, што яно жыхароў раёна не закранула.

У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай На працягу XIV стагоддзя Турава-Пінскае і Кіеўскае княствы канчаткова ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Заходняя частка раёна ўвайшла ў склад княства ў 1320-я гады, усходняя — прыкладна ў 1362 годзе. Да 1396 года адносяцца першыя пісьмовыя звесткі аб вёсках Іванішчавічы і Парэчча (ліст князя Гальшанскага). У XV стагоддзі большая частка тэрыторыі раёна ўваходзіла ў Бчыцкую (Пціцкую) воласць Мазырскага павета. Да сярэдзіны ж XV стагоддзя адносяцца і першыя звесткі аб сяле Рудабелка (Рудыя Белкі) — аснове цяперашняга гарадскога пасёлка Акцябрскі. Першыя пісьмовыя звесткі аб ім адносяцца да 1507 года. Да 1495 года адносяцца першыя пісьмовыя згадкі аб вёсцы Гаць (Літоўская метрыка). У XVI стагоддзі ўпершыню згадваюцца ў пісьмовых крыніцах вёскі Валосавічы, Граб’ё, Жукавічы, Ляскавічы, Мушычы, Ніўнае, Нястанавічы, Харомцы, Шкава.

Пасля ўваходу ў 1569 годзе ў склад Рэчы Паспалітай тэрыторыя раёна знаходзілася ў складзе Мазырскага павета Мінскага ваяводства і Слонімскага павета Наваградскага ваяводства. На гэтых землях праходзілі падзеі Лівонскай вайны, вайны 1654—1667 гадоў, Паўночнай вайны. Мясцовыя жыхары прымалі ўдзел у паўстанні Налівайкі (1594—1596 гады) і казацкай вайне 1648—1651 гадоў. Да XVII стагоддзя адносяцца першыя пісьмовыя згадкі аб вёсцы Любань, да XVIII стагоддзя — аб вёсках Андрэеўка, Бубнаўка, Гадуні, Забалацце, Залессе, Зарэчча, Зуб-Буда, Кавалі, Карпілаўка, Ламавічы, Лаўстыкі, Лескі, Майсееўка, Новая Дуброва, Новікі, Пратасы, Пружынішчы, Ратміравічы, Рудня, Слабодка, Смыковічы, Старая Дуброва.

У першай палове XVI стагоддзя і канцы XVII — першай палове XVIII стагоддзяў значная частка зямель сучаснага раёна належала Радзівілам. З сярэдзіны XVIII стагоддзя буйнейшымі мясцовымі землеўладальнікамі становяцца Лапы, а таксама Ваньковічы і Арэшка-Астрэйкі.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай землі раёна ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

У складзе Расійскай імперыі