Альхо́ўскае — вадасховішча ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі на рацэ Страча каля вёскі Альхоўка, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Сарачанскія азёры».
Вадасховішча створана ў 1951 годзе з мэтай забеспячэння вадой кардоннай фабрыкі.
Плошча паверхні 0,7 км². Даўжыня 3,7 км, найбольшая шырыня 0,28 км. Найбольшая глыбіня 5,2 м, сярэдняя 1,69 м. Аб’ём вады 2,1 млн м³. Моцнапраточнае. Сярэдні гадавы сцёк больш за 269,7 млн м³.
Плошча вадазбору 1140 км². У вярхоўі Страчы вадазбор плоскі, у сярэдняй частцы ўзгорыста-градавы (разаранасць 35 %, залесенасць 25 %, забалочанасць 17 %, азёрнасць 5 %).
Катлавіна вадасховішча выцягнутая ў даліне ракі Страча. Берагавая лінія звілістая. Берагі абрывістыя, месцамі вышынёй да 7 м. На вадасховішчы 3 астравы агульнай плошчай каля 0,1 га. Дно выслана глеем.
Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 150 м, максімальная вышыня 5,5 м), вадаскід, прырэчышчавая ГЭС «Альхоўка». Выкарыстоўваецца для энергетычных мэт, прамысловага водазабеспячэння, рэкрэацыі, аматарскага рыбалоўства.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Вадасховішчы Астравецкага раёна Катэгорыя:Басейн Страчы Катэгорыя:З’явіліся ў 1951 годзе Катэгорыя:1951 год у Беларусі