Але́сь Адамо́віч, поўнае імя Алякса́ндр Міха́йлавіч Адамо́віч (афіц. 3 верасня 1927 / сапр. 3 жніўня 1926https://bis.nlb.by/by/documents/128264, в. Канюхі, Грэскі раён — , Масква) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Алесь Міхайлавіч Адамовіч — пісьменнік-гуманіст, крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст, грамадскі дзеяч, доктар філалагічных навук (1962), прафесар (1971), член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1980). Член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза журналістаў СССР і Саюза кінематаграфістаў. У 1980-90-я займаў пасаду дырэктара Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыні Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». У 1993 годзе падпісаў «ліст 42-х».

У сваіх літаратуразнаўчых працах глыбокі эстэтычны аналіз мастацкіх твораў спалучаў з гуманістычнай канцэпцыяй успрымання літаратуры і жыцця, з прынцыпамі праўдзівасці і гістарызму. У раманах і дакументальных творах асэнсоўваў паводзіны чалавека ў экстрэмальных сітуацыях ваеннага часу, праблемы захавання духоўнай спадчыны беларускага народа, паказваў антычалавечую сутнасць фашызму, псіхалогію здрадніцтва. Па яго творах пастаўлены тэатральныя спектаклі, зроблены радыёпастаноўкі, зняты мастацкія фільмы. Сваёй літаратурнай творчасцю і грамадскай дзейнасцю Алесь Адамовіч сцвярджаў прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, неабходнасць дэмакратычных перамен, захавання дзяржаўнага суверэнітэту, духоўна-культурнага адраджэння беларускай нацыі.

Біяграфія

Паходжанне Бацька — Адамовіч Міхаіл Іосіфавіч 1902 года нараджэння, нарадзіўся ў в. Рачэнь Слуцкага раёна. У 1923 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У студэнцкія канікулы падпрацоўваў у Капыльскім Доме адпачынку. Быўшы студэнтам, ажаніўся з Ганнай Мітрафанаўнай 1904 года нараджэння (нарадзілася ў в. Забалоцце Любанскага раёна).

Пасля заканчэння ВНУ Міхаіл Адамовіч быў накіраваны ў 1928 годзе на пастаянную працу ў пасёлак Глуша (Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць). Пераехаў туды разам з жонкай Ганнай і сынамі: Яўгенам 1924 года нараджэння (у будучыні — лекар) і Аляксандрам (будучым пісьменнікам). «А сапраўдная малая радзіма, дзе я ўваходзіў ва ўзрост і ў жыццё — рабочы пасёлак Глуша».

У 1930 годзе дзеда Алеся Адамовіча па матчынай лініі, Мітрафана Фаміча Тычына, «раскулачылі» і выслалі разам з жонкай і трыма дзецьмі (з сямі) у далёкую і халодную Якуцію. Гэта адбілася на лёсе ўсіх астатніх дзяцей М. Ф. Тычыны. Мацеры Алеся Адамовіча ўлады без канца напаміналі, што яна — «кулакова дачка». Дзед Мітрафан застаўся навек у якуцкай зямлі, астатнія члены яго сям’і вярнуліся ў Беларусь. Водгук гэтых падзей сустракаецца ў многіх творах А. Адамовічаhttps://www.livelib.ru/author/180171/top-ales-adamovich.

Ганна Мітрафанаўна Адамовіч у 1935/1936 навучальным годзе скончыла Магілёўскую фармацэўтычную школу.

Міхаіл Іосіфавіч Адамовіч дамогся будаўніцтва бальніцы ў пасёлку Глуша, якой ён загадваў. «Радыус аўтарытэту сельскага лекара», па словах Алеся Адамовіча, заслужана ахопліваў не толькі пасёлак, але і ўсе наваколлі. Са студзеня 1940 года Бацька Алеся Адамовіча знаходзіўся на вайсковай службе. З першых дзён вайны ён — на фронце, быў тэрапеўтам 13-й арміі (камандуючы арміяй — Н. П. Пухаў), даслужыўся да падпалкоўніка медыцынскай службы.

Маладыя гады Алесь Міхайлавіч Адамовіч нарадзіўся ў сям’і лекараў 3 верасня 1927 года ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Праз год сям’я пераехала ў пасёлак Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. У Глушы будучы пісьменнік вучыўся з першага па сёмы клас. Любіў кнігі, асабліва творы Пушкіна, шмат разоў перачытваў «Вайну і мір» Л. Талстога. Найбольшым «мужчынскім» аўтарытэтам для яго тады былі бацька і дзядзька Антон (матчын брат Антон Мітрафанавіч — настаўнік матэматыкі). У 15-гадовым узросце ўступіў у шэрагі партызанскага атрада, радавым байцом змагаўся ў атрадах Бабруйшчыны. Стварыўшы пазней раманы пра сваю партызанскую вайну, пісьменнік адзначыць: «Калі мне што і ўдалося ў рамане “Вайна пад стрэхамі”, дык гэта таму, што раней гэту кнігу мама напісала сваім уласным жыццём».

Пісьменнікава маці, Ганна Мітрафанаўна, стала актыўнай удзельніцай Глушанскага падполля з верасня 1941 года: быўшы загадчыцай мясцовай аптэкі, яна прывозіла з Бабруйска медыкаменты і забяспечвала імі партызан атрада імя Кірава, разам са сваімі дзецьмі выконвала розныя заданні і даручэнні. На пачатку 1943 года Ганна Мітрафанаўна з сынамі «пайшла ў лес», у партызанскі атрад імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння. У аўтабіяграфіі пра свой ваенны лёс Адамовіч пісаў: «З 1928 года жылі ў працоўным пасёлку Глушы на Бабруйшчыне, там заспела вайна, прайшлі праз падполле, якое ў Беларусі было ў кожным, нават меншым за нашу Глушу, пасёлку, паселішчы, калі там не стаялі партызаны, а з 3 сакавіка 1943-га і па пачатак 1944-га я праваяваў радавым партызанскага атрада імя Кірава…»

Пра нязбытны боль, які нясе вайна, Адамовіч казаў: «Калі пісаў “Хатынскую аповесць” і прывёў партызана Флёру Гайшуна на папялішча яго хаты, вёскі, дзе фашысты ўсіх-усіх спалілі, прымусіў яго адчуць ад пляча да локця боль ад выпадковага апёку — неасцярожна раздушыў гарачую бульбіну. Калісьці я сам, песцячыся на полі, упаў і рукой раздушыў проста з вогнішча, з прыску бульбіну, а потым, як і мой Флёра, хапаўся за ўсё, што магло астудзіць боль. Але што магло астудзіць Флёраў боль, калі перад яго вачыма пажарышча, дзе жыўцом згарэлі маці, сястрычкі, усе жыхары вёскі. Больш за восемдзесят тры тысячы чалавек забіта, згарэла ў беларускіх Хатынях».

Творчая дзейнасць У 1958 годзе з друку выйшла першая кніга Адамовіча, літаратуразнаўчае даследаванне «Шлях да майстэрства: станаўленне мастацкага стылю Кузьмы Чорнага». У 1959 годзе пабачыў свет зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Культура творчасці». Гэтыя кнігі мелі багатую прэсу.

«Я кінуўся ў крытыку, увесь, з усімі думкамі і эмоцыямі. І літаратурная крытыка, магу засведчыць, здольна стаць тваёй страсцю, але пакуль ты верыш, што гэта “не бура ў шклянцы вады”, а па-сапраўднаму грамадская справа».

У 1960 годзе пісьменнік публікуе ў часопісе «Дружба народаў»http://www.zviazda.by/be/tags/chasopis-druzhba-narodau раман «Вайна пад стрэхамі». Пазней адзначыў: «Калі мне што і ўдалося ў рамане “Вайна пад стрэхамі”, дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём».

У 1961 годзе выйшла з друку манаграфія А. М. Адамовіча «Беларускі раман», на аснове якой была абаронена доктарская дысертацыя. Абараняў яе ў 1962 годзе ў Кіеве ў Інстытуце літаратуры імя Т. Р. Шаўчэнкі: у Мінску «ўплывовыя» літаратары пагражалі не дапусціць абароны.

У 1963 годзе Алесь Адамовіч публікуе ў часопісе «Дружба народаў» другую частку рамана-дылогіі «Сыны сыходзяць у бой». На аснове гэтых твораў напісалі кінасцэнарый двухсерыйнага фільма «Вайна пад стрэхамі»https://howlingpixel.com/i-be/%D0%92%D0%B0%D0%B9%D0%BD%D0%B0_%D0%BF%D0%B0%D0%B4_%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8D%D1%85%D0%B0%D0%BC%D1%96 і «Сыны сыходзяць у бой» (рэжысёр Віктар Тураў, аўтар і выканаўца песень Уладзімір Высоцкі, кінастудыя «Беларусьфільм», 1970).

Са снежня 1962 года па 1964 год Адамовіч вучыўся на вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве. Адначасова выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце (1964—1966 гады), адкуль у 1966 годзе быў вымушаны сысці за адмову падпісаць лістНет нравственного оправдания. Письмо в редакцию // Литературная газета. 17.2.1966. з асуджэннем Андрэя Сіняўскага, маскоўскага літаратара-дысідэнта, выпускніка філфака МДУ, якога (разам з Юліем Даніэлем) судзілі за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» (іх творы). Быў змушаны пакінуць Маскву і вярнуцца ў 1967 годзе ў Мінск.

Больш за паўгода Алесь Адамовіч быў беспрацоўным: не бралі ні ў БДУ, куды запрашаў рэктар А. М. Сеўчанка, ні ў Акадэмію навук. Дапамог Андрэй Макаёнак, які звярнуўся да сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава. Быў прыняты на працу ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы ў якасці старэйшага навуковага супрацоўніка. Браў актыўны ўдзел у працы «рэфарматарскага» V-га з’езду беларускіх пісьменнікаў, дзе адбылася вострая сутычка «шасцідзясятнікаў» з «неасталіністамі».

У 1966 годзе была апублікаваная аповесць «Вікторыя»http://shkola.of.by/gistoriya-belaruskaj-litaraturi-hih-st--1970-ya-gadi-hh-st.html?page=31 (затым названая «Асія»), у якой Алесь Адамовіч паспрабаваў выйсці за межы аўтабіяграфізму.

У 1971 годзе Алесь Адамовіч напісаў «Хатынскую аповесць» (часопіс «Дружба народов», 1972, № 9). Хоць твор меў станоўчыя водгукі, сам пісьменнік перажываў: «Выявіў, падняў, паказаў адну толькі макулінку праўды, кроплю з таго, што ўбачыў, зразумеў, а бяздонны акіян народнай, вогненнай, Хатынскай памяці застаўся, там жа, нячутны, нябачны свету». Дзеянне «Хатынскай аповесці» адбываецца праз дваццаць пяць гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Перад разумовым поглядам героя твора — былога партызана — устаюць карціны жорсткіх, кровапралітных баёў з гітлераўцамі, страшнай трагедыі Хатыні — беларускай вёскі, спаленай акупантамі. У кнізе сабраныя апавяданні цудам ацалелых жыхароў беларускіх Хатыняў, якія сталі ахвярамі фашысцкага генацыду ў Вялікую Айчынную вайну.

З 1970 па 1973 гады разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам Алесь Адамовіч аб’ехаў з магнітафонам усю Беларусь, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак. Яны апыталі і запісалі больш за трыста сведкаў ваеннай трагедыі, апавяданні якіх ляглі ў аснову дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі», якая выйшла ў 1975 годзе асобным выданнем. Перакладзеная на многія замежныя мовы, стала літаратурным бестселерам на Захадзе.

У часопісе «Полымя» ў 1975 годзе пісьменнік апублікаваў серыю літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Максіма Гарэцкага «Браму скарбаў сваіх адчыняю…». Гэта своеасаблівы Раман-эсэ.

Па матывах «Хатынскай аповесці» ў Дзяржаўным Рускім драмтэатры БССР у 1977 годзе была пастаўлена п’еса «Вяртанне ў Хатынь» (рэжысёр Б. Луцэнка). Па матывах кнігі «Я з вогненнай вёскі…» рэжысёр Віктар Дашук (па сцэнарыі А. Адамовіча) зняў серыю дакументальных фільмаў, кампазітар Л. Шлег напісала рэквіем «Памятаеце», Новасібірскі тэатр драмы зрабіў інсцэніроўку.

З красавіка 1975 года Алесь Адамовіч пачаў запісваць ленінградскіх блакаднікаў. Сааўтар — ленінградскі пісьменнік Данііл Гранін. У 1979 годзе выйшла першая частка «Блакаднай кнігі».

У 1977 годзе выйшаў збор твораў пісьменніка ў 2-х тамах.

22 мая 1979 года пасля цяжкай хваробы памірае маці Алеся Адамовіча Ганна Мітрафанаўна. Памерла «на Міколу» вясновага, калі квітнелі сады. Незадоўга перад гэтым сам пісьменнік перанёс язвавы крывацёк. Яго выратавалі шчаслівы выпадак і маці: ён прыйшоў наведаць яе ў бальніцу і сам быў тэрмінова шпіталізаваны.

У 1981 годзе ў Алеся Адамовіча выйшаў раман «Карнікі». Новы погляд на канцэпцыю ваеннай літаратуры выкладзены ў кнігах «аб сучаснай ваеннай прозе» (1981), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982) і «Нічога важней» (1985), у якой «Ну так рабіце звышлітаратуру!» — заклікаў пісьменнікаў Алесь Адамовіч.

У 1982 годзе пісьменнік удзельнічае ў працы Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў складзе беларускай дэлегацыі. У тыя гады Алесь Адамовіч шмат ездзіў па свеце, прымаючы ўдзел у міжнародных антываенных, антыядзерных канферэнцыях, дзе выступаў з дакладамі, даваў шматлікія інтэрв’ю. Публіцыстыка таго часу сабрана ў кнігах «Выберы-жыццё!» (1986), «Літаратура і праблемы стагоддзя» (1986) «Дадумваць да канца» (1988).

У 1981—1983 гадах выйшаў збор твораў у чатырох тамах.

У 1984 годзе здымкі кінафільма «Ідзі і глядзі», пастаўленага па сцэнары А. Адамовіча (у аснове сцэнарыя ляжаць «Хатынская аповесць» і «Карнікі», у суаўтарстве з кінарэжысёрам Элемам Клімавым), праходзілі ў Беларусі. Адамовіч прымаў у іх актыўны ўдзел, прысутнічаў на здымачнай пляцоўцы. Гэты фільм — і пад першапачатковай назвай «Забіце Гітлера!» А. Адамовіч і Э. Клімаў спрабавалі паставіць да гэтага амаль сем гадоў пасля таго, як у 1977 годзе праца над фільмам была спыненая Дзяржкіно.