Брас — у беларускім фальклоры, князь ад імя якога паходзіць назва горада Браслава.

Змест падання

Быццам, у даўнія часы, у замку на гары пасярод азёр, жыў князь Дзвін. У яго была жонка Друка і дачка Дрыва, прыгожая, наравістая і ганарлівая. Усім жаніхам яна адмаўляла, урэшце да яе пасваталіся тры княжычы, па адным з варыянтаў падання, браты — Снуд, Ноў і Брас. Дрыва паставіла ім злачынную ўмову, што выйдзе за таго, хто заб'е двух астатніх. Снуд і Ноў робяць засаду на Браса, але памыляюцца і забіваюць яго слугу. Яны прыходзяць да князёўны, памятаючы умову, б'юцца паміж сабою і абодва гінуць. Брас жа адмаўляецца жаніцца на Дрыве, ведаючы яе злачыннасць. Дрыва ў крыўдзе выбягае з замка і топіцца ў возеры. Стары князь Дзвін і яго жонка Друка неўзабаве паміраюць, а Брас займае горад, княжа доўга і справядліва, яго імя і засталося ў назве горада — Браслаў.

Ад князя Дзвіна і княгіні Друкі быццам паходзяць назвы рэк Дзвіны і Друйкі, ад імёнаў княжны Дрывы і двух астатніх жаніхоў — назвы азёраў Дрывяты, Снуда і Навяты.

Інтэрпрэтацыя Паданне з'яўляецца позняй спробай тлумачэння назваў геаграфічных аб'ектаў на аснове народнай этымалогіі. На праўдзе, назва Браслава, напэўна, можа паходзіць ад імя полацкага князя Брачыслава (1003—1044) Семянчук Г. Н. Гарадзішча «Замкавая тара» ў Браславе // Гісторыя Беларусі: жалезны век і сярэднявечча. Мн., 1997. С. 63-65., які заснаваў горад у ХІ ст.

Іншая паданне прапануе іншае паходжанне назвы для ракі Дзвіны.

Літаратура Свяці, свяці, сонейка: Творы беларускага фальклору / Укладальнік І. К. Цішчанка; Уступны артыкул А. Грачанікава; Рэд. — Мн.: Юнацтва, 1997.

Катэгорыя:Беларускі фальклор Катэгорыя:Браслаў Катэгорыя:Легендарныя кіраўнікі Беларусі Катэгорыя:Эпанімы