Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі — профільная акадэмічная навуковая арганізацыя Беларусі ў галіне радыебіялогіі. Месціцца ў Гомелі.

Гісторыя Датай заснавання лічыцца 1987 год, калі паводле Пастановы Савета Міністраў БССР ад 28 студзеня 1987 г. № 25 Сектар геранталогіі АН БССР быў рэарганізаваны, на яго базе быў створаны Інстытут радыебіялогіі АН БССР. Інстытут быў аднесены да Аддзялення біялагічных навук і яму былі вызначаны наступныя напрамкі дзейнасці: вывучэнне механізму дзейнасці іянізуючай радыяцыі на рэгуляцыю метабалізму і функцыянальны стан важнейшых сістэм арганізму з мэтай рспрацоўкі метадаў павышэння ягонай радыерэзістэнтнасці; вывучэнне заканамернасцей назапашвання і вывядзення з арганізму радыенуклідаў і стварэнне спосабпз уздзеяння на гэтыя працэсы, ацэнка ўплыву радыяцыйна-экалагічнага стану на жыццядзейнасць арганізму.

У 1995 годзе Інстытут увайшоў у склад новастворанага Аддзялення медыка-біялагічных навук.

Пастановай Савета Міністраў БССР ад 19 студзеня 1987 г. № 273-20 Інстытут быў зацверджаны галоўнай у рэспубліцы арганізацыяй па вырашэнні навуковых праблем, звязаных з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтай жа пастановай было зацверджана будаўніцтва лабараторна-эксперыментальнага корпуса інстытута. Аднак праз фінансавыя цяжкасці будаўніцтва вялося марудна і ў канцы 1990-х гг. увогуле было спынена. Так, у Справаздачы аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі за 1996 год канстатавалася, што «Інстытут радыебіялогіі па-ранейшаму не мае ўласнага памяшкання. Яго лабараторыі і віварый размешчаны ў розных інстытутах акадэміі (інстытуты мікрабіялогіі, фізіка-арганічнай хіміі, тэхнічнай кібернетыкі, пляцоўка „Сосны“). Працягваюцца работы па будаўніцтве корпуса інстытута, рашэнне аб якім было прынята Саветам Міністраў БССР 19 жніўня 1987, але тэмпы будаўніцтва па-ранейшаму марудныя. …прыборны парк інстытута ў значнай ступені зношаны. … Для аператыўнай работы ў палявых умовах патрэбна перасоўная радыехімічная лабараторыя. Востра стаіць пытанне пра забеспячэнне лабараторый хімрэактывамі. Неабходны многія элементарныя рэчы: электрапліткі, лабараторны посуд, папера, канцылярскія тавары, абсталяванне люмінесцэнтнага пакоя для правядзення мадэльных эксперыментаў, дадатковыя плошчы для захоўвання і сушкі ўзораў раслін і глебы» Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1996 годзе. — Мн., 1997. — С. 229—230.. Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2001 год сведчыць аб тым, што «Інстытут радыебіялогіі па-ранейшаму не мае ўласнага памяшкання. Яго лабараторыі і віварый размешчаны ў розных інстытутах акадэміі (інстытуты мікрабіялогіі, фізіка-арганічнай хіміі, біяарганічнай хіміі, пляцоўка „Сосны“). Работы па будаўніцтве лабараторна-эксперыментальнага корпуса Інстытута, рашэнне аб якім было прынята Саветам Міністраў БССР 19.08.1987, у 2001 з-за недастатковасці сродкаў не праводзілася. …большасць абсталявання набыта і ўведзена ў эксплуатацыю ў 1993—1995 гг. ці раней» Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2001 годзе. — Мн., 2002. — С. 242—243..

Новым этапам развіцця Інстытута можна лічыць час з 2003 г. У сувязі з Пастановай № 35 Прэзідыума НАН Беларусі ад 17 красавіка 2003 года ў мэтах выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ДНУ «Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі» пераведзены з г. Мінска ў г. Гомель і яму перададзена лабараторыя радыяцыйна-таксікалагічнай экалогіі з ДНУ «Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны» НАН Беларусі". Для размяшчэння інстытута ў г. Гомелі яму быў перададзены будынак СКТБ «Металапалімер» па вул. Фядзюнінскага, 4, у якім былі праведзены рамонтныя работы, з мэтай забеспячэння работы навуковых лабараторый інстытута ў адпаведнасці з патрабаваннямі нормаў радыяцыйнай бяспекі. 15 сакавіка 2019 года Інстытут быў рэарганізаваны шляхам далучэння да яго рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут радыялогіі».

Асноўныя кірункі даследаванняў высвятленне механізму дзеяння малых доз знешняга і ўнутранага апрамянення і радыяцыйна-экалагічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю, абменныя працэсы, функцыю асноўных сістэм арганізму, структурныя змены ў органах і тканках, генетычныя пашкоджанні; вывучэнне размеркавання, хуткасці назапашвання і вывядзення радыенуклідаў з арганізму, распрацоўка спосабаў накіраванага ўздзеяння на гэтыя працэсы; пошук рэчываў і злучэнняў з радыепратэктарным уздзеяннем; даследаванне паводзін, форм знаходжання і міграцыі радыенуклідаў у розных экасістэмах і іх кампанентах — глебе, вадзе, паветры, раслінных і жывёльных арганізмах

Вынікі даследаванняў праведзена ацэнка радыяцыйна-экалагічнай абстаноўкі на Беларусі і яе ўплыву на жыццядзейнасць арганізму, распрацаваны пытанні фарміравання дозавых нагрузак, ацэнкі біялагічных эфектаў і рызыкі; створана сістэма маніторынгу радыяцыйнага становішча ў рэспубліцы; вывучаны механізмы дзеяння на арганізм малых доз радыяцыі, выдадзены рэкамендацыі па ахове чалавека, расліннага і жывёльнага свету, а таксама ўсяго навакольнага асяроддзя ад уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў

Сучасныя напрамкі даследаванняў Інстытут радыебіялогіі ажыццяўляе сваю навуковую і навукова-арганізацыйную дзейнасць у адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў, зацверджанымі Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 13.01.2005 № 1 "Аб атэстацыі ДНУ «Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі»:

Ацэнка і прагноз аддаленых медыка-біялагічных наступстваў дзеяння іанізуючых выпраменьванняў; Вывучэнне камбінаванага ўздзеяння на арганізм радыяцыйных і нерадыяцыйных фактараў, уключаючы электрамагнітнае выпраменьванне, распрацоўка ахоўных мер; Ацэнка ўплыву радыеактыўнага забруджвання на навакольнае асяроддзе, расліны, і жывёл, распрацоўка метадаў бяспечнага прыродакарыстання, радыеэкалагічны маніторынг; Даследаванне працэсаў уключэння радыенуклідаў у харчовыя ланцугі ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання, у тым ліку трансуранавых элементаў, паступлення і назапашвання іх у арганізме і фарміраванне доз апраменьвання, распрацоўка спосабаў ўздзеяння на гэтыя працэсы з мэтай зніжэння адмоўных наступстваў.

Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 20.10.2006 г. № 73 для Інстытута радыебіялогіі былі ўдакладнены асноўныя напрамкі навукова—тэхнічнай дзейнасці і навуковых даследаванняў у адпаведнасці з зацверджанымі ў Рэспубліцы Беларусь прыярытэтнымі напрамкамі навукова—тэхнічнай дзейнасці, фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў:

1.Па прыярытэтных напрамках навукова — тэхнічнай дзейнасці:

— «Медыцына і фармацыя»: стварэнне новых тэхналогій прафілактыкі захворванняў на аснове выкарыстання біялагічна актыўных дабавак, іншых лекавых сродкаў;

— «Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне» : маніторынг і прагназаванне стану навакольнага асяроддзя, рэабілітацыя радыеактыўна забруджаных зямель;

2. Па прыярытэтных напрамках фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў:

— «Распрацоўка новых лячэбных, дыягнастычных, прафілактычных і рэабілітацыйных тэхналогій, прыбораў і вырабаў медыцынскага прызначэння, лекавых і імунабіялагічных прэпаратаў, клетачных і малекулярна-біялагічных тэхналогій»: механізмы адаптацыі арганізма чалавека да дзеяння фактараў навакольнага асяроддзя, у тым ліку да ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання;

— «Экалагічная бяспека, ахова навакольнага асяроддзя, карысныя выкапні і нетры Беларусі, эфектыўнае выкарыстанне і аднаўленне прыродных рэсурсаў, папярэджанне і ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый»: ахоўныя меры па пераадоленню аддаленых радыеэкалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Навукова-практычная значнасць Інстытута Ацэнена радыяцыйна-экалагічная абстаноўка ў Беларусі і вызначаны тэндэнцыі яе дынамікі Выяўлены і вывучаны асноўныя механізмы міграцыі і фіксацыі радыенуклідаў (як чарнобыльскага, так і глабальнага і натуральнага паходжання) у кампанентах экасістэм (глебе, вадзе, паветры) і ў трафічных ланцугах Паказана, што ў раслінных арганізмаў у зонах максімальнага забруджвання назіраюцца метамарфозы і іншыя адхіленні ў развіцці, а таксама генетычныя парушэнні Паказана, што ў эксперыментальных жывёл пад уздзеяннем малых доз іянізуючых выпраменьванняў праяўляюцца хібы ў функцыянаванні асноўных сістэм арганізму: эндакрыннай, імуннай, палавой, сардэчна-сасудзістай і інш., асабліва ў эмбрыёнаў і маладых жывёл.

Склад па стане на 1998 год Лабараторыя біяхіміі Лабараторыя фізіялогіі Лабараторыя эндакрыналогіі Лабараторыя марфалогіі і цытагенетыкі Лабараторыя радыехіміі глебы Лабараторыя радыеэкалогіі водных сістэм Лабараторыя радыеэкалогіі паветранага асяроддзя Лабараторыя маніторынгу Група радыеметрыі і дазіметрыі Група таксікалогіі Групат навуковага суправаджэння дзяржпрагнамы па ЧАЭС

Склад па стане на 1 студзеня 2021 Лабараторыя радыеэкалогіі Лабараторыя эндакрыналогіі і біяхіміі Лабараторыя камбінаваных уздзеянняў Лабараторыя эксперыментальных біялагічных мадэляў Лабараторыя мадэлявання і мінімізацыі антрапагенных рызык Лабараторыя аграэкалогіі і масавых аналізаў Лабараторыя вытворчасці экалагічна бяспечнай прадукцыі жывёлагадоўлі ва ўмовах тэхнагеннага забруджвання тэрыторыі

Склад па стане на 1 чэрвеня 2025 Аддзел якасці навакольнага асяроддзя і прадуктаў харчавання Лабараторыя аграэкалогіі і масавых аналізаў Лабараторыя вытворчасці экалагічна бяспечнай прадукцыі жывёлагадоўлі ва ўмовах тэхнагеннага забруджвання тэрыторый Лабараторыя радыеэкалогіі Лабараторыя ўстойлівасці біялагічных сістэм Міжнародны навуковы цэнтр

Дырэктары Інстытута Яўген Фёдаравіч Канапля — заснавальнік і першы дырэктар Інстытута, акадэмік НАН Беларусі, 1987—2009 Аляксандр Дзмітрыевіч Навумаў — доктар біялагічных навук, з 23 лістапада 2009 па 1 ліпеня 2015 Ігар Анатолевіч Чэшык — з 1 ліпеня 2015

Крыніцы

Літаратура

Краткий отчет о деятельности Академии наук Беларуси в 1992—1996 годах. — Мн., 1997. Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1995 годзе. — Мн., 1996. Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1996 годзе. — Мн., 1997. Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 1997 годзе. — Мн., 1998. Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 1999 годзе. — Мн., 2000. Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2001 годзе. — Мн., 2002. Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2003 годзе. — Мн., 2004. Отчет о предварительных итогах деятельности Национальной академии наук Беларуси в 2004 году. — Мн., 2005. Национальная академия наук Беларуси: 1929—1999 / Под науч. ред. Н. А. Борисевича, А. П. Войтовича. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — С. 196—198. — ISBN 985080278-2

Спасылкі Афіцыйны сайт Інстытута Матэрыялы навуковых мерапрыемстваў Інстытута радыебіялогіі Институту радиобиологии — четверть века О целях и задачах Института радиобиологии Национальной академии наук Беларуси

Гл. таксама Радыебіялогія

Катэгорыя:Інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Катэгорыя:Медыцына ў Беларусі Катэгорыя:Радыебіялогія Катэгорыя:Эндакрыналогія Катэгорыя:Радыебіялогія ў Беларусі Катэгорыя:Эндакрыналогія ў Беларусі Катэгорыя:Біяхімія ў Беларусі Катэгорыя:Чарнобыльская катастрофа Катэгорыя:Арганізацыі Гомеля