Свята-Параскева-Пятніцкая царква — праваслаўная царква, помнік драўлянага дойлідства. Знаходзіцца на ўзгорку цэнтра вёскі Збірагі Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Гісторыя
Пабудавана ў 1610 годзе па фундацыі княгіні Агаты Сапегі з Пацаў як уніяцкая Прасвятой Троіцы, з 1886 года — праваслаўная. У 1920 годзе вернута католікам і адрэстаўрыравана ў 1925 годзе. Пасля Вялікай Айчыннай вайны зноў перададзена праваслаўным.
Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Архітэктура
Царква вырашана простым 4-сценным зрубам пад вальмавым дахам, над якім узвышаецца цыбулепадобная галоўка. Да ўсходняй сцяны далучаны больш вузкі трохгранны пад 3-схільным дахам зруб апсіды, па баках якой нізкія рызніцы. Уваход у храм вырашаны невялікім прытворам пад 2-схільным дахам. Візіта XVIII стагоддзя адзначае царкву з трыма асобнымі дахамі над кожным зрубам. Вертыкальная шалёўка, высока ўзнятыя прамавугольныя аконныя праёмы надаюць аб'ёму храма вертыкальную накіраванасць і манументальнасць.
Інтэр'ер Зала перакрыта плоскай столлю на бэльках, складзеныя з брусоў сцены не ашаляваны, пафарбаваны алеем. Апсіда вылучана драўляным разным іканастасам 1830-х гадоў. У залу храма над уваходам на двух драўляных слупах выступаюць хоры з дугападобным парапетам.
У царкве можна ўбачыць абразы 18 стагоддзя — «Параскева Пятніца», «Маці Божая Адзігітрыя», «Спас Пантакратар», складзень.
Званіца Асобна пастаўленая чацверыковая, вертыкальна ашаляваная званіца, мае верхні адкрыты ярус-звон у выглядзе слупавой лучковай аркады, якая ўтрымлівае 4-схільны гонтавы шацёр з крыжам у завяршэнні.
Літаратура Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн.: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл.
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Брэсцкага раёна Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Збірагі Катэгорыя:З’явіліся ў 1610 годзе Катэгорыя:1610 год у Еўропе Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Колішнія ўніяцкія храмы Брэсцкай вобласці Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі