Бітва пад Ашэрадэнам — баявое сутыкненне 5 сакавіка 1279 года войск братоў-рыцараў Лівонскага ланду Тэўтонскага ордэна з войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем вялікага князя Трайдзеня. Ордэнскія сілы пацярпелі паражэнне, загінуў ландмайстар Эрнст фон Рацэнбург, начальнік рыцараў з дацкай Эстляндыі рэвельскі намеснік Эйларт фон Оберг, яшчэ 71 брат-рыцар Ордэна. Другое па маштабе паражэнне Лівонскага ордэна ў XIII стагоддзі. Пасля гэтай бітвы адзін з нобіляў земгалаў Намейсіс прызнаў Трайдзеня сваім сюзерэнам.

Пачатак вайны У 1275 годзе крыжакі пад камандаваннем новага магістра Эрнста фон Рацэнбурга пабудавалі Дынабургскі замак на землях, якія належалі Полацку. Разлік немцаў, што Трайдзень, аслаблены барацьбой з галіцкім князем Львом Данілавічам, не зможа даць адпор, не апраўдаўся -- у 1277 годзе Трайдзень аблажыў Дынабургскі замак. Як вядома з наўгародскіх берасцяных грамат апорным пунктам паходу быў Полацк, у войску было шмат палачан, пераважна лучнікаў. Аблога цягнулася месяц. Войскі Трайдзеня пабудавалі чатыры вялікія рухомыя абложныя вежы, балісты, але не мелі поспеху, ім давялося знішчыць аблогавыя прылады і адступіць за Дзвіну. Шмат у чым аблогу знялі з прычыны ўварвання галіцка-татарскіх войск на чале з Мамшынам у межы Вялікага Княства Літоўскага, але і гэтая галіцка-татарская выправа скончылася няўдала праз сваркі паміж удзельнікамі кампаніі. У адказ на паход на Дынабург, пад канец 1278 года лівонскія войскі ўварваліся ў Аўкштайцію, парабавалі яе і пайшлі далей углыб дзяржавы. У студзені 1279 года яны аблажылі Кернаў.

Аблога Кернава Пад канец 1278 года Ордэн сабраў войска для паходу ўглыб Літвы. У войска ўваходзілі атрады з зямель самога Ордэна, з Рыжскага архібіскупства, з дацкай Эстляндыі, а таксама дружыны земгалаў і куршаў. Паход узначаліў асабіста магістр Эрнст фон Рацэнбург. Напярэдадні падзей Трайдзень паслаў брата Сірпуція з сіламі гарадзенцаў на дапамогу яцвягам, якія ваявалі Мазовію і Усходнюю Польшчу, таму дастатковых сіл для адпору крыжакам не было. У студзені 1279 года крыжакі яны аблажылі Кернаў, ордэнскія крыніцы называюць яго «горадам у зямлі Традзеня» або «горадам Трайдзеня». На гэтым грунце некаторыя даследчыкі лічаць Кернаў нават сталіцай ВКЛ тым часам або горадам, якім валодаў Трайдзень да заняцця вялікакняскага стальца, але, імаверна, сталіцы ў ВКЛ да часоў Гедзіміна наогул не было, цэнтра ўлады быў уласна вялікі князь і адпаведна месца (горад, сядзіба) яго знаходжання. Аблога Кернава была наўдалай, у лютым 1279 года крыжакі, разрабаваўшы ваколіцы, пайшлі з вялікай збадычай у Лівонію. Урэшце Трайдзень сабраў войскі і наладзіў пагоню, дагнаў крыжакоў каля Ашэрадэна 5 сакавіка 1279 года. Тым часам магістр ужо адпусціў дружыны земгалаў і куршаў дадому з часткай здабычы.

Бітва Спачатку бітва была роўнай, лівонцы трымалі абарону, але ў пэўны момант частка войска ВКЛ кінулася ва ўцёкі. Дацкія войскі пачалі пераслед, гналіся значны час, але не здолелі дагнаць і павярнулі да асноўнага войска. Калі датчане вярнуліся да месца бітвы, астатнія войскі ўжо былі разбіты, а самі датчане трапілі ў пастку і амаль усе былі знішчаны. У бітве загінуў лівонскі магістр, 71 ордэнскі брат, не лічачы астатніх вояў ордэнскага войска, таксама дацкія войскі на чале з рэвельскім намеснікам Эйлартам фон Обергам. Поспех пры Ашэрадэне быў замацаваны заключэннем у 1279 годзе міру і саюзу паміж Мазовіяй і ВКЛ. Мазавецкі князь Баляслаў II ажаніўся з Трайдзеневай дачкой Гедзіміндай. Новы саюз скіроўваўся як супраць Тэўтонскага ордэна, так і супраць Польшчы. Да 1279 года Мацей Стрыйкоўскі таксама адносіць другі шлюб Трайдзеня — з мазавецкай князёўнай Ганнай.

Наступствы Крыжакі страцілі свае набыткі ў апошнія гады перад паразай. Земгалы ў чарговы раз паўсталі і звярнуліся па падтрымку да Трайдзеня, водца земгалаў Намейсіс прызнаў Трайдзеня сваім сюзерэнам. У 1281 годзе Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі і прымусіў крыжакоў аддаць яму гэты замак узамен Герцыке. Аднак, Вялікае Княства Літоўскае не змагло цалкам скарыстацца перамогай.

Літаратура Насевіч В. Непасрэдныя перадумовы фарміравання Вялікага Княства Літоўскага // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Экаперспектыва, 2008. — 688 с; іл. — ISBN 978-985-513-317-0 Вольфганг Акунов. История Тевтонского ордена. -- 2012. — 336 с. — ISBN 978-5-9533-5257-4 Вільям Урбан. Тэўтонскі ордэн / Пераклад з англійскай мовы П. Румянцаў; 2010. — 416 с. — ISBN 978-5-17-067798-6, ISBN 978-5-271-30513-9

Ашэрадэн Ашэрадэн Катэгорыя:1279 год у Еўропе Катэгорыя:Канфлікты 1279 года Катэгорыя:Падзеі 5 сакавіка Катэгорыя:Бітвы ў Латвіі Катэгорыя:Бітвы XIII стагоддзя