Уладзі́мір Пігуле́ўскі (, Гродна — , Рыга) — беларускі нацыянальны дзеяч, пісьменнік, драматург, педагог. Адзін з лідараў беларускай дыяспары ў міжваеннай Латвіі.
Біяграфія Раннія гады і ваенная служба У 1907 годзе скончыў Мінскую гімназію. Паступіў на вучобу ў Пецярбургскі ўніверсітэт, аднак у ліпені 1912 года быў адлічаны за нявыплату грошай за навучанне.
З кастрычніка 1912 па верасень 1913 года праходзіў тэрміновую службу ў войску, з'яўляўся прапаршчыкам запасу лёгкай артылерыі па Пецярбургскім павеце.
Удзельнік Першай сусветнай вайны. Прызваны з запасу 18 ліпеня 1914 года ў 84-ю артылерыйскую брыгаду на пасаду малодшага афіцэра 4-й батарэі. Праз год пераведзены ў 84-ю паркавую артылерыйскую брыгаду афіцэрам 2-га парку, атрымаў чын падпаручніка. Пазней служыў у 84-м артылерыйскім дывізіёне ў чыне паручніка. З чэрвеня па лістапад 1917 года выконваў абавязкі лётчыка-назіральніка артылерыйскага аддзялення 30-га карпуснога авіяцыйнага атрада ў чыне штабс-капітана.
Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1920—1921 гадах выконваў абавязкі дыпламатычнага кур’ера ўрада БНР у Коўне.
Дзейнасць у Латвіі З 1922 года жыў у Латвіі. Выкладаў у Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якая ў той час з'яўлялася галоўнай кузняй беларускай інтэлігенцыі ў Латгаліі. У 1924—1925 гадах займаў пасаду дырэктара Люцынскай беларускай гімназіі. У 1925 годзе, пасля сфабрыкаванага латвійскімі ўладамі «беларускага працэсу», Уладзімір Пігулеўскі быў пазбаўлены права займацца педагагічнай працай. Пасля гэтага ён пераехаў у Рыгу, дзе ўладкаваўся на працу ў Транзітны кааператыўны банк.
У 1926 годзе браў удзел у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Мінску. У 1926—1934 гадах з'яўляўся кіраўніком Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі.
Падчас аўтарытарнага рэжыму Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года і ўсталявання дыктатуры Карліса Улманіса пачаліся маштабныя рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей. Уладзімір Пігулеўскі быў адхілены ад пасады, арыштаваны палітычнай паліцыяй і інтэрнаваны ў Лібаўскім (Ліепайскім) канцэнтрацыйным лагеры разам з латвійскімі сацыял-дэмакратамі. Латвійскія ўлады падазравалі яго ў левых поглядах і гэтак званым «саветафільстве».
Пасля вызвалення з лагера Пігулеўскі быў пазбаўлены магчымасці займацца палітычнай або культурнай дзейнасцю і апынуўся на абочыне грамадскага жыцця. Ён знаходзіўся пад пільным наглядам латвійскай палітычнай паліцыі і польскай амбасады ў Рызе. Паводле даных польскай разведкі, Пігулеўскі працягваў прытрымлівацца сацыял-дэмакратычнай лініі, падтрымліваў таемную сувязь з латышскімі сацыял-дэмакратамі і беларусамі ў Польшчы, а таксама кантактаваў з Масквой, адкуль (імаверна, праз савецкае паўпрэдства) атрымліваў навуковыя кнігі і дысертацыі.
У канцы 1930-х гадоў у беларускім асяродку Латвіі абвастрыліся ўнутраныя канфлікты. Уладзімір Пігулеўскі і Кастусь Езавітаў знаходзіліся ў жорсткай канфрантацыі з кіраўніком Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі (ТБНЛ) Мікалаем Дзямідавым. Пігулеўскі лічыў Дзямідава агентам латышскага ўрада і вінаваціў яго ў спрыянні асіміляцыі беларускай моладзі. У пачатку 1939 года ўтвораная рэвізійная камісія ў складзе Пігулеўскага, Езавітава і Кукеля выкрыла фінансавыя злоўжыванні Дзямідава, у выніку чаго той быў вымушаны пакінуць кіраўніцтва арганізацыяй.
Нягледзячы на рэпрэсіі, Пігулеўскі захоўваў вялікі аўтарытэт. Калі ў лютым 1939 года Рыгу наведаў віленскі дзеяч Янка Станкевіч, польскія дыпламаты адзначалі, што Станкевіч меў найбольшы давер менавіта да Уладзіміра Пігулеўскага, бачачы ў ім галоўную і самую ўплывовую фігуру сярод мясцовых беларусаў.
27 верасня 1939 года Пігулеўскі быў прыняты ў склад новага Таварыства беларусаў у Латвіі (ТБЛ). На першым агульным сходзе ТБЛ 29 кастрычніка 1939 года менавіта на прапанову Пігулеўскага была прынята рэзалюцыя, у якой канстатавалася парушэнне правоў беларускай меншасці ў Латвіі. У дакуменце адзначалася, што на 26 тысяч беларусаў працуе толькі адна школа, а інтэлігенцыя пазбаўлена працы. Сход афіцыйна запатрабаваў ад урада аднавіць беларускія школы і забяспечыць беларусаў працоўнымі месцамі ў мясцовай адміністрацыі.
У 1940—1941 гадах, пасля далучэння Латвіі да СССР, працаваў інспектарам Міністэрства асветы Латвійскай ССР.
Вайна і пазнейшыя гады З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Татарстан, дзе працаваў школьным інспектарам і выхавацелем у дзіцячым доме.
Пасля заканчэння вайны вярнуўся ў Рыгу. Выкладаў у Рыжскім мараходным вучылішчы і педагагічным інстытуце. Памёр 17 чэрвеня 1958 года. Пахаваны ў Рызе на могілках Райніса.
Творчасць і даследчыцкая дзейнасць Друкавацца пачаў з 1924 года. Займаўся перакладам на беларускую мову твораў латышскіх і чэшскіх пісьменнікаў. Напісаў шэраг п’ес для школьнага тэатра, сярод якіх «Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад каляды», «Гідра». У 1928 годзе склаў хрэстаматыю для беларускіх школ у Латвіі пад назвай «Наш край».
На латышскую мову пераклаў камедыю Янкі Купалы «Паўлінка», якая ў 1949 годзе была пастаўлена Латвійскім мастацкім тэатрам імя Яна Райніса. Апублікаваў у латышскім друку шэраг артыкулаў, прысвечаных беларускай літаратуры і тэатру, а таксама творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Рукапісная спадчына Уладзіміра Пігулеўскага (у тым ліку неапублікаваныя творы) захоўваецца ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі.
Узнагароды Ордэн Святой Ганны. Ордэн Святога Станіслава. Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (16 верасня 1959 года; пасмяротна) — «за поспехі ў справе перакладаў і папулярызацыі беларускай літаратуры ў Латвійскай ССР і ў сувязі з тыднем латышскай літаратуры ў Беларусі».
Крыніцы
Літаратура Мірачыцкі Л. Нястомны працаўнік на ніве культуры // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 1.
Спасылкі «Рукапісы не гараць». Знакаміты беларус, які пераклаў для латышоў «Паўлінку» // TUT.BY
Катэгорыя:Нарадзіліся 9 сакавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1889 годзе Катэгорыя:Памерлі 17 чэрвеня Катэгорыя:Памерлі ў 1958 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Гродне Катэгорыя:Памерлі ў Рызе Катэгорыя:Пахаваныя на могілках Райніса Катэгорыя:Драматургі Латвіі Катэгорыя:Пісьменнікі Латвіі Катэгорыя:Вязні канцэнтрацыйных лагераў Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святой Ганны Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Станіслава Катэгорыя:Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Катэгорыя:Выкладчыкі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі Катэгорыя:Перакладчыкі з беларускай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з латышскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з чэшскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі на латышскую мову Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Латвіі Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі