Этнагене́з белару́саў — працэс фарміравання беларускага этнасу.
Беларускі народ — адна з галін усходніх славян у складзе славянскай групы індаеўрапейскай сям’і народаў. Ён сфармаваўся ў выніку працяглых і складаных этнічных працэсаў, якія праходзілі ў розны час на тэрыторыі Беларусі, увабраў у сябе і перапрацаваў увесь той разнастайны генетычны фонд, які назапашваўся тут некалькі тысячагоддзяў.
Тэорыі паходжання Узнікненне беларускага народа — заканамерны вынік мінулага этнічнага развіцця насельніцтва цяперашняй Беларусі, абумоўлены законамі этнагенезу.
Этнагенетычныя тэорыі з’яўляюцца канструктамі навуковай думкі, што апелюе да вялікіх масіваў навуковых звестак, сабраных рознымі навукоўцамі ў розны час. Беларуская народная думка ў гэтым сэнсе фармулявала прасцей: згодна з беларускім этнагенетычным міфам, чалавек «ці прыйшоў адкуль ці вырас тутака»Легенды і паданні. Мінск, 1983. № 94, с. 78..
Паходжанне беларускага народа па сённяшні дзень з’яўляецца прадметам навуковых і калянавуковых спрэчак. У першую чаргу яны пакліканыя да жыцця адпрэчаннем канцэпцыі трохадзінага рускага народа, згодна з якой беларускі народ, разам з украінскім народам і велікарускім народам, з’яўляецца адной з трох частак адзінага рускага народа, славянскага ў сваёй аснове, які з’яўляецца спадкаемцам «старажытнарускай народнасці»Юсова Н. Н. Давньоруської народності концепція // Енциклопедія історії України. У 5 т. / Редкол В. А. Смолій та ін. — Інститут історії України НАН України. — Київ: Наукова думка, 2003. — Т. 2. Г-Д. — С. 275—276.. Гэтая канцэпцыя адносіцца да часоў XVII—XVIII стст., але сваімі карэньмі сягае часоў больш ранніх, перыяду хрысціянізацыі (праваславізацыі) тэрыторый продкаў гэтых трох народаў, якая за цэнтр мела Кіеў.
На сёння ў папулярнай грамадскай думцы ў Беларусі, а таксама дзе-нідзе і ў афіцыйным гістарычным дыскурсе, пераважае тэорыя славянскага паходжання беларусаўКриштапович, Л. Е. Белоруссия и русская цивилизация: Русь и Беларусь: историософ.-историогр. этюды. — Минск, 1999.. Згодна з ёй, продкі беларускага народа (на той час з беларускай назвай яны сябе не асацыявалі) прыйшлі на тэрыторыю, якую пазней будзе займаць беларускі народ, як славянскія каланізатары падчас эпохі Вялікага перасялення народаў, і з таго часу адбываецца больш-менш бесперапыннае развіццё моўна-этнічнай супольнасці на гэтай тэрыторыі.
Ад самага пачатку этнаграфічных народаапісанняў і цікаўнасці да пытанняў паходжання народаў, што ўзбуяла ў Еўропе ў XIX ст., гэтая тэорыя была абумоўленая відавочным усходнеславянскім характарам мовы беларусаў. Да славянскіх далучаліся вядомыя са старарускіх летапісаў плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, і на аснове гэтых плямёнаў, згодна з «племяннай» тэорыяй паходжання беларусаў, і ўзнік беларускі народЭтнаграфія беларусаў. Рэдкал.: В. К. Бандарчык, В. І. Мялешка,. М. Ф. Піліпенка. Мн., 1985. С. 18-42..
Пачынаючы з першых дзесяцігоддзяў XX ст. цэльнасць «славянскай» тэорыі ўсё больш і больш ставяць пад сумненне, калі пачынаюцца назапашвацца звесткі з параўнаўчага мовазнаўства. Шэраг польскіх, рускіх, літоўскіх навукоўцаў (найперш мовазнаўцаў) вызначаюць вялікую колькасць рачных назваў (гідронімаў) на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, а таксама на ўсходзе і на поўдні ад яе сённяшніх межаў (басейны Сейма, Верхняга Дона, Масквы-ракі, Верхняй Волгі), як балцкія з паходжанняВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962..
Пазней мовазнаўцы, пільней угледзеўшыся ў дыялекты мовы беларусаў, балцкія рысы фіксуюць і ў ёй (вакалізм, лексіка, сінтаксіс)Балтызмы ў беларускай мове і народных гаворках : семантычны і тэрытарыяльны аспекты / Васіль Старычонак // Роднае слова : штомесячны навуковы і метадычны часопіс / заснавальнікі: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». — 2012. ― № 3. ― С. 27―29 ; № 4. ― С. 38―40. Сваё слова на карысць балцкай прысутнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачынаюць казаць і археолагі. Пляменныя назвы крывічоў і дрыгавічоў (а часам і радзімічаў) таксама пачынаюць выводзіць з балцкай лексікіХабургаев Г. А. Этнонимия Повести временных лет в связи с задачами восточнославянского глоттогенеза. Москва, 1979..
Грунтуючыся на комплексе гэтых навейшых мовазнаўча-археалагічных звестак, на месца славянскай тэорыі ўзнікнення беларусаў прыходзяць дзве тэорыі, якія адрозніваюцца рознай ступенню, што надаецца балцкаму складніку ў этнічнай гісторыі беларусаў.
Згодна з «мякчэйшым» варыянтам («тэорыя балцкага субстрату»Седов В. В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М. : Наука, 1970. С. 162—190.), беларусы ўзніклі ў выніку больш-менш раўнадольнага змяшэння аўтахтонаў балтаў з прыхаднямі славянамі (паводле формулы «маці з балтаў, бацька са славянаў»), пры гэтым апошнія лічацца актыўнымі і наступальнымі каланізатарамі, што скарылі першых, накінуўшы ім сваю мову і ідэнтычнасць. Існуе, аднак, і больш далекасяжны ў сваіх высновах варыянт («тэорыя беларусаў як славянамоўных балтаў»Санько С. «Балцкая тэма» // Наша ніва. —1993. — № 14.), згодна з якім груп славянскіх пасяленцаў было няшмат, а самі яны былі малаколькасныя і выконвалі найперш пасярэдніцка-гандлярскую функцыю. Апроч іншага, яны паспрыялі ўзнікненню гарадскіх асяроддзяў і прынеслі цэнтралізацыю вакол гарадоў, што і зрабіла славянскую гаворку (тагачаснае міжнацыянальнае «кайнэ») больш прэстыжнай і дазволіла ёй з цягам часу распаўсюджвацца ўсё шырэй і шырэй у радыяльным кірунку ад гарадоўFlorin Curta. Slavs in the Making: History, Linguistics, and Archaeology in Eastern Europe (ca. 500-ca. 700). London, 2020..
Самай позняй паводле часу ўзнікнення з’яўляецца «фінская» тэорыя ўзнікнення беларусаўЛаскоў, І. А. Выбраныя творы; прадм. Л. Філімонавай. — Мінск, 2019.. У ёй абсалютызуецца ўплыў старажытнай культуры грабеньчата-ямкавай керамікі, носьбіты якой былі фінамоўныя, на этнагенез продкаў беларусаў. Уплывы гэтай культуры на поўдзень ад Дзвіны былі мінімальныя (на Задзвінні, на тэрыторыі поўначы цяперашняй Беларусі — фрагментарныя), а найбольш прыкметным гідранімічным сведчаннем тых уплываў з’яўляецца назва Сож, дадзеная гэтай рацэ ў яе вярхоўях, якіх з поўначы сягалі ўплывы той культурыK. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 541..
Канчаткова не развязаным дагэтуль пытаннем з’яўляецца моўна-этнічная атрыбуцыя насельніцтва, на тэрыторыю якой з поўначы насунуліся згаданыя фінскамоўныя прыхадні ў V тыс. да н.э. (4400—4200 гг. да н.э.). Найчасцей гэтае насельніцтва называюць даіндаеўрапейскім, або стараеўрапейскім, што існавала тут менш-больш у бесперапыннасці ад часоў пасляледавіковага асваення гэтых земляў. Менавіта яго тэрыторыі, згодна з канвенцыйна прынятымі тэорыямі, у III тыс. да н.э. (2900—2100 гг. да н.э.), зваявалі і апанавалі індаеўрапейцы-«шнуравікі», што насунуліся з поўдня.
Існуе, аднак, тэорыя, згодна з якой гэтае стараеўрапейскае насельніцтва было «паўночнымі індаеўрапейцамі». За дзесяць тысячагоддзяў (у XIII тыс. да н.э.) да прыходу прадстаўнікоў культуры шнуравой керамікі (яны дзеля кантрасту называюцца «паўднёвымі індаеўрапейцамі») тыя ўжо прыйшлі ва Усходнюю Еўропу з паўднёваеўрапейскіх «рэфугіумаў». Там, у цяплейшых умовах на Балканах і на Іберыйскім паўвостраве, яны хаваліся ад насоўвання ледавіка, а асвойваць больш паўночныя землі выправіліся, калі ледавік пачаў таяць 18 тыс. гадоў таму. Менавіта яны на поўнач Еўропы прынеслі індаеўрапейскія мовы, а «паўднёвыя індаеўрапейцы» «шнуравікі» былі нешматлікія, археалагічна не фіксуецца іх масавых паселішчаў, пахаванняў і слядоў інвентара на землях, дзе пазней вядомыя балтыA. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011..
Такім чынам, пытанне пра этнагенез народа беларусаў аказваецца паміж двума полюсамі — «славянскім» і «балцкім», паміж якімі размяшчаюцца тэорыі. Пры гэтым «племянная» тэорыя можа быць як у «славянскім», так і ў «балцкім» афармленні (у залежнасці ад славянскай ці балцкай атрыбуцыі раннебеларускіх плямёнаў), а «балцкая» тэорыя можа сягаць як III тыс. да н.э. (часоў прыходу «шнуравікоў»), так і часоў больш ранніх археалагічных культур, што змянялі тут адна другую ад пасляледавікоўя.
Даследаванне генома Згодна з сумесным даследаваннем, праведзеным міжнародным калектывам даследчыкаў з Беларусі, Эстоніі, Італіі, Ізраіля, Арменіі, найболей частотнымі гаплагрупамі Y-храмасомы (забяспечвае перадачу генетычнай інфармацыі па бацькавай лініі) сярод 565 прадстаўнікоў 6 субрэгіёнаў Беларусі апынуліся наступныя: R1a (50,62 %), I2а (17,17 %) і N1c (9,56 %).https://www.ncbi.nlm.nih.gov/pmc/articles/PMC3681942/
З гэтых трох гаплагрупаў першая, R1а, традыцыйна суадносіцца з індаеўрапейскай каланізацыяй Усходнееўрапейскай раўніны, што прыйшла з прычарнаморска-каспійскіх стэпаў, і лічыцца прысутнай у рэгіёне ад бронзавага векуhttps://www.ncbi.nlm.nih.gov/pmc/articles/PMC5048219/ (менавіта балцкія мовы, у прыватнасці, літоўская, лічацца на сёння найменш змененымі з існых жывых моў у параўнанні з раннімі індаеўрапейскімі дыялектамі). Грунтуючыся на гэтым паказніку, беларусы аказваюцца ў адным шчыльным усходнееўрапейскім кластары з палякамі, рускімі паўднёва-заходніх абласцей і рускімі Цверскай вобласці.Балановский О. П., Тегако Л. И. Генофонд белорусов по данным о трех типах генетических маркеров — аутосомных, митохондриальных, Y хромосомы // Актуальные вопросы антропологии. — 2008. — Т. 2. — С. 53-65. Гэты кластар карэлюе са старажытнабалцкай гідраніміяй, якую знаходзяць на захадзе і ўсходзе гэтага арэала, у прыватнасці, у басейнах Віслы і ОдараВ. Э. Орел. Неславянская гидронимия бассейнов Вислы и Одера // Балто-славянские исследования. 1988—1996. М., 1997. С. 332—358. і на Верхнім ДонеВ. Н. Топоров. Балтийские следы на Верхнем Дону // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1997. стр. 311—324.. Другая група, I2а, звязваецца са старажытнаеўрапейскім, даіндаеўрапейскім насельніцтвам, што схавалася ад апошняга ледавіка на поўдні на Балканах (дзе да сёння захоўваецца максімальная канцэнтрацыя гэтай гаплагрупы) і вярталася назад на поўнач па меры яго раставання.https://pubmed.ncbi.nlm.nih.gov/15162323/ Трэцяя з пералічаных гаплагрупаў, N1c, лічыцца «фіна-ўгорскай», прышлай з вобласці поўдня Кітая праз паўночную Еўразію.https://www.ncbi.nlm.nih.gov/pmc/articles/PMC5005449/ У непасрэдных суседзяў беларусаў N1c істотна прысутная толькі ў балцкамоўных народаў (у літоўцаў — 36,8 %https://onlinelibrary.wiley.com/doi/full/10.1046/j.1529-8817.2003.00119.x, латышоў — 41,5 %https://onlinelibrary.wiley.com/doi/10.1111/ahg.12130), у якіх пры гэтым адсотак усходнееўрапейскай «індаеўрапейскай» R1a складае 45,3 % і 37,7 %, адпаведна. Пры гэтым, па наяўных ужо звестках, N1с можа выяўляцца ў параўнальна высокай канцэнтрацыі ў тым ліку на поўдні Беларусі (папуляцыя «Вічын» ля Лунінца — 25 %, пры сярэдняй прысутнасці на Палессі — 8 %В. С. Панкратов, О. Г. Давыденко. Структура генофондов населения двух регионов Белорусского Полесья по маркерам Y-хромосомы и митохондриальной ДНК // Молекулярная и прикладная генетика. — 2013. — Т. 16. — С. 39-47.), а таксама на Верхнім Падзвінні (25 % у верхнядзвінскіх археалагічных мікрарэгіёнах Сярцейскім, Усвяцкім і СенніцкімЧекунова Е. М., Ярцева Н. В., Чекунов М. К., Мазуркевич А. Н. Первые результаты генотипирования коренных жителей и человеческих костных останков из археологических памятников Верхнего Подвинья // Археология озёрных поселений IV—II тыс. до н. э.: хронология культур и природно-климатические ритм. — 2014. — С. 287—294.).
У абагульняльным артыкуле па папуляцыйнай генетыцы сучасных славянамоўных народаў аўтары (генетык Е. Кушнярэвіч, лінгвіст А. Касьян) пішуць:
«Існуе значная блізкасць паміж заходнімі і ўсходнімі славянамі ды носьбітамі балцкіх моў, тады як паўднёвыя славяне выразна дыферэнцыяваныя міжсобку і генетычна роднасныя іншым неславянскім балканскім народам. Гэта сведчыць пра тое, што славянскія мовы пашыраліся пераважна ў выніку культурнай асіміляцыі (з дапамогай змены мовы) даславянскіх народаў, а не шляхам замены аўтахтоннага насялення славянамі»;