Гаспада́р (старабел., стараўкр.: господар, балг.: господа́р, сербск.: gospódar, hospodar, gospodar) — тытул вялікіх князёў літоўскіх, Наўгародскай дзяржавы, вялікіх князеў уладзімірскіх, уладароў Малдаўскага княства, Валахіі, Зэты і Чарнагорыі ў XI—XIX стст.
Этымалогія
Слова гаспадар паходзіць ад праславянскага слова господа. Яго значэнне ва ўсіх славянскіх мовах— «уладар, уласнік» маёмасці-гасподы: руск. господарь, балг. господа́р, сербск.-харв. госпо́дар, славенск.: gospodár, чэшск.: hospodář, пол. gospodarz, бел. гаспадар, укр. господар. Ва ўсходняй Еўропе слова ў значэнні ўласніка маёмасці вядома з , датаванай XI стагоддзем. У ХІІ-ХІІІ стст. ужываецца як тытул у чарнігаўскіх, наўгародскіх і цвярскіх князеў.
У гучанні «господин» паняцце ўжывалася наўгародскім вечам і ўраднікамі для абазначэння носьбітаў дзяржаўнасці — вялікіх князёў уладзімірскіх і назвы сваёй уласнай дзяржавы «господин Великий Новгород». Але калі з сярэдзіне XV ст. да 1478 года наўгародцы падкрэслівалі сваю дзяржаўную незалежнасць (суверэнітэт) ад Масквы, карысталіся паняццем «гаспадар» (у форме скароту — гд͠рь), запазычаным з ВКЛ, а паняцце ж «государь» ва ўжыванні маскоўскіх уладароў, з’яўляецца не раней за 2-ю палову XVI ст. . Тытул Гаспадара быў запазычаны з ВКЛ ў Маскоўскае княства, дзе пачаў ужывацца, імаверна, пасрэдніцтвам Вітаўтавай дачкі Сафіі з 1430-х гадоў, і ў Малдоўскае княства у 15 ст..
Гісторыя
У значэнні тытула слова вядома толькі з пісьмовых помнікаў сербскай і старажытнарускай моў. Назва тытула вядома як калька з лацінскага dominus (гаспадар, спадар) у дыпламатыі ўладароў Галіцкай дзяржавы і Зэцкага княства ў XIV стагоддзі ў зоне кантактаў лацінскай мовы і прававой культуры. Пры гэтым на аснове наяўных даных немагчыма вызначыць, у якім менавіта месцы — на ўзбярэжжа Адрыятычнага мора або ў якой частцы Русі ўзнік гэты тытул, кім, як і ў каго ён быў запазычаны.
Захавалася вельмі мала пісьмовых крыніц са старабеларускіх зямель ХІ-ХІІІ стст., таму лінгвістамі на грунце пісьмовых згадак у дакументах лічыцца, што ў XIV стагоддзі тытул «гаспадар» з’яўляецца як тытул вялікага князя ў граматах Вялікага княства Літоўскага, пасля пераходу да ВКЛ часткі зямель Рускага каралеўства, бо ў гэты перыяд тытул замацоўваецца за польскім каралём Казімірам ІІІ, які таксама ўдзельнічаў ў падзеле Рускага каралеўства. Потым у Польшчы, у грамаце 1378 года гаспадаром, у тым ліку і Рускай зямлі, тытулуецца князь Уладзіслаў Апольскі. У дамове смаленскага князя Юрыя Святаславіча з каралём польскім Уладзіславам Ягайлам ад 1386 года запісана тытулатура апошняга: «с Володиславомъ, Божьею милостью с королемъ полскимъ, литовьскимъ, и русскимъ, иныхъ земль осподаремъ». Тытул Гаспадара разам з тытулам вялікага князя канчаткова зацвердзіўся ў ВКЛ пры Вітаўце (1392—1430).
На грунце кроўнай сувязі -- дынастычных шлюбаў -- узнікала права спадчыннасці княжацкага дамена (вотчыны), то-бок пераемнасці дзяржаўнасці, прававога і культурнага статусу Гедзімінавічаў з ранейшымі князямі Полацкай, Цвярской, Валынскай галін Рурыкавічаў. Таму Ягелоны, а потым элекцыйныя каралі і вялікія князі тытулаваліся гаспадарамі ў Статутах (1529, 1566, 1588), лістах, граматах — асабліва кірылічных. Караля Рэчы Паспалітай у ВКЛ маглі называць «Гаспадар Яго каралеўская міласць Вялікі князь Літоўскі Рускі і Жамойцкі». У выніку паланізацыі і росту правоў шляхецкай карпарацыі на ўладу ў Рэчы Паспалітай пасля Люблінскай уніі, падзенне прэстыжу з прычыны ўжывання тытула маскоўцамі і малдаванамі, каралеўскі і велікакняжацкі тытулы манарха Рэчы Паспалітай паступова выціскаюць тытул «гаспадара» на канец тытулатуры, што прыводзіць да яго маргіналізацыі ў XVIIІ ст. Спробы дзеячаў беларускага адраджэння пачатку ХХ ст. ужываць тытулатуру «гаспадароў» для каралеўскіх асоб Рэчы Паспалітай, скрозь усю гісторыю, ігнаруючы іншыя больш важныя і шматкроней ужываныя тытулы ў XVII—XVIIІ стст. — праява нацыятворчага рамантызму ХХ ст.
Тытул «гаспадар» на Балканах упершыню зафіксаваны ў пачатку XIV стагоддзя датычна сербскіх уладароў у перапісцы з Дуброўнікам. У прыватнасці, гэта датычыць зэцкай дынастыі Балшычаў. Вядома больш позняя пячатка зэцкага ўладара Івана Чарнаевіча 1458 года з надпісам «Іван Црноевіч гспадар Зецкі». Чарнагорскі кароль Нікола I захоўваў тытул гаспадара да 1918 года
Найбольш масава паняцце hospodar з XIV ст. да 1866 года ўжываўся ў дакументах Валашскага і Малдаўскага княстваў. Пры гэтым у Валахіі ён ужываўся толькі як зварот і паходзіў з сербскай мовы. А ў Малдову ён быў запазычаны з старабеларускай мовы і ўжываўся як тытул. Уладары Малдаўскага княства і Валахіі называліся гаспадарамі, нароўні з тытулам ваяводы. У румынскіх крыніцах замест гаспадара ўжываецца тытул Domn (ад ). Да XIX стагоддзя многія васалы Асманскай імперыі насілі гэты тытул. З ростам румынскай незалежнасці тытул дамнітар цалкам замяніў тытул гаспадара.
Да ўсталявання асманскага сюзерэнітэту ў Малдавіі ўладарыла дынастыя Мушацінаў, пачынальнік якой паклаў гаспадар Пётр I Мушат. Цырыманіял пасвячэння здзяйсняўся «ласкаю божай» і меў два этапы: «абранне» ў полі, на адкрытым месцы і ўласна каранацыя — у царкве. Гаспадар насіў карону, меў неабмежаванае права над сваімі падданымі, лічыўся ўласнікам тэрыторыі ўсёй краіны, галоўнакамандуючым арміяй, вярхоўным суддзём. Толькі ён меў права абвяшчаць вайну і падпісваць мірны дагавор.
Пасля ўсталявання асманскага панавання малдаўскі сталец стаў аб’ектам куплі-продажу. Гаспадарскі сталец займалі прадстаўнікі знатных баярскіх родаў, а таксама замежнікі. У 1711—1821 гадах малдаўскі сталец займалі выключна грэкі з канстанцінопальскага прадмесця Фанар. Гэты перыяд атрымаў назву Фанарыёцкага рэжыму.
Інстытут гаспадарства захоўваўся і пасля аб’яднання Малдаўскага княства з Валахіяй у 1859 годзе, пакуль у 1881 годзе Румынію не абвясцілі каралеўствам.
Ужывальнікі
Вялікі Ноўгарад у XV ст. Гедымінавічы ў XIV—XVІ ст. Пясты ў XIV ст. Рурыкавічы ў XV—XVII ст. ў XIV ст. Чарноевічы ў XV ст. ў XIX—XX ст Мушаты ў XIV—XVI ст.
Гл. таксама Спіс кіраўнікоў Малдаўскага княства Спіс кіраўнікоў Валахіі
Крыніцы
Літаратура Авдеев А. Г. «Государь» или «господарь»? Об одном элементе титулатуры правителей Московской Руси // Российская история. 2018. № 5. — С. 9—16. Золтан А. К предыстории русского «государь» // Studia Slavica Academiae Scientiarum Hungaricae. XXIX. Budapest, 1983. — С. 71—110. Золтан А. К предыстории русского государь // Из истории русской культуры. Том II. Книга 1. Киевская и Московская Русь. М.: Языки славянской культуры, 2002. — С. 554—590. Агоштон Магдолна. Великокняжеская печать 1497 г. К истории формирования русской государственной символики. М.: Древлехранилище, 2005. 464 с., ил.
Спасылкі
Катэгорыя:Малдаўскае княства Катэгорыя:Валахія Катэгорыя:Тытулы